Неяк у рэдакцыю патэлефанавала ўсхваляваная жанчына: “Дапамажыце, у мяне хочуць забраць дзіця…”. Далейшая размова высветліла: дзіця ў жанчыны прыёмнае, і мясцовыя органы аховы дзяцінства зусім не маюць намеру “забраць дзіця”, справа ў іншым: знайшліся людзі, якія жадаюць яго ўсынавіць. І вось тут у нас было ўзаемнае здзіўленне. У жанчыны ад таго, што аказваецца, так яно і павінна быць: мясцовыя прадстаўнікі сістэмы аховы дзяцінства маюць поўнае права і нават павінны шукаць пастаянную сям’ю дзіцяці, нават калі яно ўжо змешчана ў прыёмную сям’ю. Мяне ж здзівіў той факт, што, здавалася б, такія прапісныя ісціны прафесійнага замяшчальнага бацькоўства гэтым самым замяшчальным бацькам невядомы…
Сказаць шчыра, далей я не высвятляла, як скончылася гэтая гісторыя — засталося дзіця ў прыёмнай сям’і ці ўсё ж было ўсыноўлена. Ды і якія правы ў мяне, журналіста, былі на тое, каб высвятляць гэта? Тайну ўсынаўлення, гарантаваную законам, пакуль яшчэ ніхто не адмяняў. Але гэты званок яшчэ раз пацвердзіў: далёка не заўсёды пры ўсынаўленні дзіцяці з прыёмнай сям’і ўсе ўдзельнікі гэтага працэсу могуць і, галоўнае, жадаюць знайсці паразуменне адно з адным. Між тым, адным са шляхоў пашырэння практыкі нацыянальнага ўсынаўлення апошнім часам спецыялісты называюць менавіта ўсынаўленне з прыёмнай сям’і. Але ў апошнія гады тут асабліва ганарыцца не было чым. Гэта, дарэчы, можна пацвердзіць і лічбамі. Напрыклад, у 2011 годзе ў інтэрнатных установах выхоўвалася 5000 дзяцей, якія маглі быць усыноўлены. З іх пастаянную сям’ю знайшлі 470 дзяцей. І ў той жа час у прафесійных замяшчальных сем’ях выхоўвалася 7600 дзяцей, усыноўлена ж з іх было толькі 114. Наўрад ці такое становішча можна патлумачыць толькі нейкімі аб’ектыўнымі прычынамі, напрыклад, узростам дзяцей, якія знаходзяцца ў замяшчальных сем’ях. Справа хутчэй у іншым: часам нават сярод спецыялістаў сістэмы аховы дзяцінства існуе меркаванне, што дзіця, змешчанае ў прафесійную замяшчальную сям’ю, ужо і не мае патрэбы ў пошуку пастаяннай.
Але, трэба думаць, з цягам часу праблема ўсынаўлення з прыёмнай сям’і будзе набываць ўсё большую актуальнасць: сёння актыўна вырашаюцца пытанні дэінстытуцыяналізацыі дзяцей сіроцкай катэгорыі. Больш за тое, асаблівая ўвага ў гэтым пытанні ўдзяляецца дзецям да трох гадоў, а менавіта яны — найбольш жаданыя для ўсынавіцеляў. Нездарма ж і ў апошняй рэдакцыі палажэнняў аб прыёмнай сям’і і дзіцячым доме сямейнага тыпу асобна прапісаны абавязкі прафесійных бацькоў садзейнічаць усынаўленню сваіх выхаванцаў. Так, згодна з пунктам 46 Палажэння аб прыёмнай сям’і, прыёмныя бацькі не маюць права перашкаджаць усынаўленню прыёмных дзяцей іншымі асобамі. Больш за тое, яны абавязаны арганізаваць зносіны дзіцяці з кандыдатамі ва ўсынавіцелі, якія атрымалі накіраванне на знаёмства з дзіцем у парадку, устаноўленым заканадаўствам, па папярэдняй дамоўленасці з імі пра час і месца сустрэчы з дзіцем. А згодна з пунктам 38 Палажэння аб дзіцячым доме сямейнага тыпу, бацькі-выхавальнікі абавязаны прымаць меры па перадачы выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу на ўсынаўленне і не маюць права перашкаджаць іх усынаўленню іншымі асобамі. Гэтак жа бацькі-выхавальнікі абавязаны арганізаваць зносіны дзіцяці з кандыдатамі ва ўсынавіцелі.
Але ж проста дэкларацыя абавязку далёка не заўсёды гарантуе яго баздакорнае выкананне. Як дабіцца таго, каб прапісаны абавязак прыёмных бацькоў аб садзейнічанні ўсынаўленню іх выхаванцаў сапраўды выконваўся і каб гэты працэс быў максімальна лёгкім для ўсіх удзельнікаў — дзяцей, прафесійных бацькоў, усынавіцеляў? Ці магчыма такое ўвогуле?
Знаёмства з Марынай Генадзьеўнай Бабуль, мамай-выхавальніцай дзіцячага дома сямейнага тыпу Маскоўскага раёна Мінска, у прафесійнай гісторыі якой якраз і было такое ўдалае ўсынаўленне, асабіста мяне ўпэўніла, што так, магчыма. Спадзяёмся, што гэты вопыт будзе карысны іншым замяшчальным бацькам і спецыялістам па ахове дзяцінства.
У прафесійным жыцці Марыны Генадзьеўны амаль 10 гадоў работы ў школе, спачатку настаўнікам, потым — педагогам-псіхолагам. І гэты вопыт, безумоўна, адыграў сваю ролю ў тым, што тры гады назад яна разам з мужам задумалася аб тым, каб стаць бацькамі-выхавальнікамі.
— Мы з мужам выпадкова ўбачылі рэпартаж пра стварэнне дзіцячага дома сямейнага тыпу. Самі сябе спыталі: а ці змаглі б мы так? Безумоўна, змаглі б! Але, нягледзячы на мой педагагічны вопыт, мы рэальна ведалі вельмі мала пра ўсю гэтую сферу. Ніхто нас за руку не вёў: мы самі шукалі тэлефоны спецыялістаў, тэлефанавалі, пыталіся.
У аддзеле адукацыі Марыне Генадзьеўне адразу сказалі: па тэлефоне ніякіх кансультацый, прыходзьце — усё раскажам. Назаўтра ж яны былі ў спецыяліста на прыёме.
— Мы былі ў такіх “ружовых акулярах”: такія ўзнёслыя, гатовыя хоць заўтра кагосьці прыняць і абагрэць. Але на першай жа сустрэчы спецыяліст пачаў расказваць не тое, як тут радасна і весела, а як складана. І сёння мы ўдзячны за гэта: рэальнае бачанне сітуацыі, а не “ружовыя акуляры” жыццёва неабходна ўсім кандыдатам у замяшчальныя бацькі. Ну і што, што ёсць уласныя дзеці (маецца на ўвазе, што мы “гэта ўжо праходзілі”), стаж работы ў школе (хай нават з дзецьмі і бацькамі з той “складанай” катэгорыі), адукацыя (веданне дзіцячай псіхалогіі і ўсё такое…). У пачатку нашага шляху прысутнічаў нейкі вясёлкавы і занадта ўжо аптымістычны настрой. Але паступова ўсё стала на свае месцы, і настрой замест “занадта ўжо” стаў “проста” аптымістычным.
Але, як бы там ні было, сям’я Марыны Бабуль не спалохалася цяжкасцей, вельмі хутка сабрала ўсе неабходныя дакументы. І прыняла на выхаванне першых чатырох дзяцей. А потым у сям’ю прыйшла Лера.
***
— На той час мы разумелі, што для “раўнавагі” ў сям’і нам было б добра прыняць дзяўчынку, — прыгадвае сёння Марына Генадзьеўна. — Скажу шчыра: шукалі доўга, усё ж гэта не першае дзіця ў сям’і, неабходна ўлічваць магчымасці не толькі бацькоў па прыняцці новага члена сям’і, але і дзяцей. На першае знаёмства з Лерай, якой на той час было ўжо дзевяць гадоў, паехалі разам з роднай дачкой. І адразу зразумелі: “наш чалавек”. Нашы дзяўчынкі вельмі хутка здружыліся. Паціху ішла адаптацыя, мы спрабавалі зразумець і прыняць адно аднаго. І, здаецца, у нас гэта добра атрымлівалася.
А потым неяк увечары зазваніў тэлефон. Тэлефанавала незнаёмая для Марыны Генадзьеўны жанчына, прадставілася былым класным кіраўніком Леры і папрасіла дазволу прыехаць перадаць падарунак для Леры: дзяўчынка прыйшла ў новую сям’ю і змяніла школу якраз напярэдадні Новага года.
— Паміж сабой мы заўважылі: неяк дзіўна, каб класны кіраўнік так хваляваўся за дзіця, якое перайшло ў іншую школу, — прыгадвае Марына Генадзьеўна. — Але, безумоўна, на сустрэчу пагадзіліся і запрасілі былога класнага кіраўніка ў госці.
Яна прыехала не адна. Разам з ёй — маленькая дачка, муж. Перадалі падарунак, вельмі добра пагутарылі, разам папілі гарбаты з прысмакамі. І раз’ехаліся. А літаральна праз дзень гісторыя мела працяг.
Жанчына патэлефанавала зноў. Голас яе дрыжаў, здаецца, фізічна адчувалася, як цяжка ёй даюцца словы. Але ўсё ж жанчына патлумачыла: убачыўшы, як Лера ўладкавалася ў новай сям’і, якая там добразычлівая атмасфера, яны не адважыліся сказаць тое, навошта прыехалі, — аб сваім жаданні ўдачарыць Леру.
Справа ў тым, што літаральна праз некалькі дзён, як сям’я Марыны Бабуль забрала Леру, гэтая жанчына з мужам прыйшлі да спецыялістаў па ахове дзяцінства, каб даведацца, якія неабходны дакументы для ўдачарэння. Гэтае рашэнне ў іх было не раптоўнае. Лера вучылася ў класе настаўніцы амаль паўгода. Спачатку сама жанчына ўмацавалася ў сваім рашэнні, потым агучыла яго мужу. Спатрэбіўся пэўны час і мужу, каб прыняць яго.
— Пакуль яны спелі ў гэтым сваім рашэнні, прыйшлі мы і забралі Леру вельмі хутка: нам дакументы збіраць не трэба, на гэты час мы ўжо працавалі ў статусе дзіцячага дома сямейнага тыпу, — расказвае Марына Генадзьеўна. — Такім чынам мы крыху апярэдзілі тую сям’ю, якая хацела ўдачарыць нашу Леру. Натуральна, ніхто не ведаў аб іх намеры. І вось склалася такая незразумелая сітуацыя. Жанчына пыталася: “Як нам быць? Што рабіць? У дзіцяці ўжо сям’я, а тут мы са сваім намерам?”. Скажу шчыра: было вельмі складана. Мая першая рэакцыя была неадназначнай: віравалі супярэчлівыя пачуцці (“мы так доўга шукалі менавіта такую дзяўчынку, мы ўжо прывыклі адно да аднаго, яна так гарманічна ўпісалася ў нашу сям’ю, як яна ўспрыме ўсё гэта, ці будзе ёй добра ў той сям’і”). Потым першыя эмоцыі ўлягліся. Саступілі месца разважнасці. І цяпер, прыгадваючы гэтую сітуацыю, я яшчэ раз пераконваюся, што мы, дарослыя, чамусьці думаем у першую чаргу пра сябе: спачатку — як МЫ будзем, а ўжо потым — як будзе ЁЙ?
З іншага боку, я разумела, што не магу быць супраць. Па вялікім рахунку, з нашым меркаваннем маглі і не лічыцца. А пасля больш блізкага знаёмства з гэтай выдатнай сям’ёй, я зразумела: дзіцяці там будзе лепш. І не таму, што хтосьці лепшы ці горшы. Дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе выхоўваецца 7 дзяцей, у любым выпадку можа даць дзіцяці значна менш, чым сям’я з адным-двума дзецьмі. А фінансавы бок пытання? Яго ж ніхто не адмяняў. А калі споўніцца дзіцяці 18 гадоў, што далей? Яно павінна будзе ад нас сысці. І вярнуцца на тую жылплошчу, дзе бацькі-алкаголікі?..
Адным словам, як тое і павінна было быць, было прынята рашэнне на карысць удачарэння.
— У гэтай няпростай сітуацыі памочнікамі сабе і дзіцяці былі мы самі. Калі тыя мама і тата атрымлівалі нейкую інфармацыю, псіхалагічную дапамогу на курсах, занятках, прадугледжаных для прыёмных бацькоў, то нам “дасведчаным” бацькам-выхавальнікам да ўсяго прыходзілася даходзіць самастойна. Арганізавалі “стол перамоў” і абмеркавалі ўсе пытанні з новымі бацькамі Леры адзін на адзін. Прыйшлі да высновы, што будзем паціху рыхтаваць дзяўчынку да пераходу ў новую сям’ю, — расказвае мама-выхавальніца. — Гэта адбылося не так хутка. Абследаванне, збор дакументаў, курсы — усё заняло каля паўгода. І выдатна, што было менавіта так. На працягу ўсяго гэтага часу мы ўсе разам паціху выбудоўвалі адносіны Леры з новымі бацькамі. Спачатку ўсе разам, поўным складам, хадзілі ў госці, ладзілі сумесныя святы. Потым пачалі на выхадныя адпускаць Леру “ў госці да класнага кіраўніка”. Дзяўчынка паступова ўлівалася ў іх сям’ю, у іх быт, больш бавіла часу з іх дачкой.
Сваю ролю тут адыграў і той факт, што ўсе сустрэчы адбываліся пераважна ў выхадныя дні. А што такое выхадныя? Гэта свята, падарункі, забавы. А ў нас — будні: урокі, абавязкі… Гэты псіхалагічны момант таксама адыграў сваю ролю. А потым у нас адбылася размова пра тое, як “выдатна ў іх, як яны яе любяць, ну, як сваю родную дачку”, якая плаўна перацякла ў пытанне: “А хацела б Лера жыць у той сям’і?” Лера, падаецца, спачатку баялася мяне пакрыўдзіць, выказаўшы сваё жаданне жыць у той сям’і, але мы ёй патлумачылі, што ўсё роўна застанемся для яе блізкімі людзьмі, мы і ў госці будзем прыязджаць, і з нашымі дзецьмі яны будуць бавіць час разам, калі пажадаюць.
У выніку лёгка для ўсіх (для нас у тым ліку, бо за гэтыя паўгода мы прызвычаіліся да думкі, што Лера — дзіця той сям’і, мы — гэта нейкая прыступка ў яе жыцці да новай, пастаяннай сям’і) дзяўчынка перайшла ў новую сям’ю. Мы прыйшлі да гэтага не ўрыўкамі, не раптоўна, а вельмі паступова і лагічна. Я думаю, што менавіта наша паразуменне (паміж дарослымі) прывяло да лагічнага, лёгкага ўспрымання дзяўчынкай пераходу ў новую сям’ю. Для яе гэта здавалася натуральным. Мы ёй не раз казалі пра тое, як ёй пашанцавала, што ўсё склалася менавіта так.
З таго часу прайшоў год. Але і сёння Марына Генадзьеўна не-не ды скажа “наша Лера” і тут жа сама сябе паправіць: “Ну, як наша…” І гэтыя словы, здаецца, перадаюць усю сутнасць таго няпростага шляху, які разам прайшлі прыёмная сям’я і ўсынавіцелі: прыхільнасць да дзяўчынкі, пачуццё адказнасці за яе лёс і ўсведамленне таго, што на першым месцы менавіта інтарэсы дзіцяці.
— Мы да гэтага часу маем зносіны, сустракаемся, — расказвае Марына Генадзьеўна. — І мы бачым, што сям’я зрабіла для Леры вельмі многа. Я разумею, што ва ўмовах нашай сям’і я не змагла б зрабіць столькі. І гэта яшчэ раз упэўнівае мяне ў тым, што ўсё было зроблена правільна.
***
У замяшчальным бацькоўстве няма дакладнай мяжы паміж прафесійнымі і проста чалавечымі адносінамі. У розных замяшчальных бацькоў розная пазіцыя: хтосьці адкрыты да прафесійнага суправаджэння і самастойнага росту, хтосьці працуе на аднаўленне біялагічнай сям’і, на пошук пастаяннай сям’і сваім выхаванцам. А некаторыя сем’і наадварот вельмі закрытыя: яны не прымаюць ніякага ўмяшальніцтва, для іх гэта проста “іх уласная сям’я”.
— Я сустракалася з такімі сем’ямі. Калі ў іх ужо сфарміраваліся адносіны менавіта як да “ўласнай сям’і”, пераканаць іх у тым, што дзіцяці неабходна пастаянная сям’я вельмі складана. Калі не сказаць немагчыма, — выказвае меркаванне Марына Генадзьеўна. — Таму прафесійную пазіцыю замяшчальных бацькоў неабходна фарміраваць на самым пачатку. І ў далейшым неабходна дапамагаць бацькам не толькі падтрымліваць такую пазіцыю, але і пераадольваць цяжкасці расставання з дзіцем у выпадку яго пераходу ў пастаянную сям’ю, пры фарміраванні прыхільнасці да новых выхаванцаў. Без прафесійнай псіхалагічнай падтрымкі замяшчальным бацькам з гэтымі пытаннямі не справіцца.