Рэспубліканскі турыстычны злёт калектываў дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў Рэспублікі Беларусь у 2018 годзе адбыўся 13-ы раз. Праходзіў турзлёт у Кобрынскім раёне на базе адпачынку “Кісялёўцы” пад дэвізам “Вялікая краіна пачынаецца з малой радзімы”.
У ім прынялі ўдзел 9 каманд.
Турыстычны злёт калектываў супрацоўнікаў дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў мае свой твар і значнасць. Пра гэта гаворыць актыўнасць удзелу ў турзлёце, высокі ўзровень падрыхтоўкі каманд. Дзякуючы мерапрыемству, папулярызуецца здаровы лад жыцця, а таксама, што вельмі важна, умацоўваюцца сяброўскія сувязі паміж калектывамі, пры гэтым (што проста выдатна!) удзельнікі маюць магчымасць актыўна адпачыць.
Агульнае кіраўніцтва па арганізацыі турыстычнага злёту ў гэтым годзе ажыццяўляў дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Колас”. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.
Склад каманды — 10 чалавек. Абавязковай умовай з’яўлялася прысутнасць у камандзе не менш за 4 жанчыны. Разам з камандай маглі прыехаць балельшчыкі. Агульная колькасць удзельнікаў турзлёту ад кожнай каманды — не больш за 15 штатных супрацоўнікаў установы.
Пасля таго як каманды разбілі свае лагеры, адбылося ўрачыстае адкрыццё 13-га Рэспубліканскага турыстычнага злёту.
Ужо ў першы дзень каманды мелі магчымасць паказаць сваю падрыхтоўку і творчыя здольнасці ў конкурсах. Згуртаванасць каманды выявілася ў праходжанні жартоўнай турыстычнай эстафеты. Удзельнікі паказалі ўменне ў вязанні турыстычных вузлоў, спрыт у праходжанні этапаў “Змяя”, “Лыжы”, “Скачок у даўжыню”, “Перакаці-поле”, “Посуд”, “Збі кеглі”, “Утрымай мяч”. У першы ж дзень канкурсанты прадэманстравалі і сваё майстэрства язды на веласіпедзе. Пазней каманды праявілі артыстычныя здольнасці ў творчым конкурсе “Візітоўка каманды”.
Спаборніцтвы другога дня турзлёту пачаліся з выпрабаванняў па тэхніцы горна-пешаходнага турызму. Таксама ў гэты дзень прайшлі спаборніцтвы па валейболе. З задавальненнем удзельнікі спаборнічалі ў тэхніцы воднага турызму. Пасля вячэры ўсе каманды сустрэліся на конкурсе турыстычнай песні.
Не менш цікавым і насычаным атрымаўся і трэці дзень сустрэчы аматараў актыўнага адпачынку. У гэты дзень вырашыліся многія інтрыгі таварыскай сустрэчы знаўцаў турызму: былі падведзены вынікі конкурсаў, якія праводзіліся на працягу турыстычнага злёту. Адным з такіх быў конкурс бівакоў. Каманды размяшчалі лагер у месцах, вызначаных аргкамітэтам, і павінны былі мець рознага роду агароджы для абазначэння тэрыторыі, а таксама абсталяванне і рыштунак для арганізацыі побыту. Акрамя таго, арганізацыя лагера павінна была адбывацца ў адпаведнасці з правіламі бяспекі і камфорту ў паходных умовах. Таксама абавязкова трэба было мець эмблему каманды, сцяг і інфармацыйны стэнд.
Спаборнічалі на турзлёце і кулінары, паказваючы свой прафесіяналізм у конкурсе “Бульбы нашай родны смак, у паходзе без яе ніяк!”. Галоўнай умовай было прыгатаваць страву на вогнішчы. Ацэньваліся не толькі смакавыя якасці, але і арыгінальнасць назвы, афармленне. Каманды прадставілі вялікую разнастайнасць страў. Прысутныя дзівіліся, колькі смачнага можна прыгатаваць з бульбы ў паходных умовах.
Былі падведзены вынікі конкурсу газет, якія расказвалі пра будні турзлёту.
Апагеем свята стала ўрачыстае закрыццё, дзе адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў 13-га Рэспубліканскага турыстычнага злёту калектываў дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў Рэспублікі Беларусь “Вялікая краіна пачынаецца з малой радзімы”. Камандам уручылі дыпломы, медалі і каштоўныя прызы, а таксама традыцыйныя карціны-фотакалажы на памяць. Па выніках сумленнай і напружанай барацьбы пераможны п’едэстал падзялілі каманда ДРАЦ “Світанак” Пінскага раёна (3-е месца), каманда ДРАЦ “Лясная паляна” Смаргонскага раёна (2-е месца) і каманда ДРАЦ “Колас” Кобрынскага раёна (1-е месца).
Вельмі прыемна, што традыцыя перадачы паходнага кацялка з наборам першай неабходнасці камандзе, якая ў наступным годзе будзе прымаць турыстычны злёт, была працягнута. А распачалі яе летась у нашым цэнтры “Лясная паляна”. У гэтым годзе паходны кацялок каманда “Колас” перадала камандзе “Світанак”.
Святлана ІЗАФАТАВА,
выхавальніца ДРАЦ “Лясная паляна” Смаргонскага раёна.