Турзлёт школьнікаў

- 10:29Навіны рэгіёнаў, Рознае

Заўзятыя турысты нецярпліва чакалі цёплыя летнія дні, каб адправіцца ў шматлікія паходы і падарожжы. Адной з самых яркіх турыстычных падзей гэтага лета для юных аматараў турызму Мінскай вобласці, безумоўна, стане абласны турыстычны злёт.

Турыстычны злёт — гэта магчымасць не толькі заняцца любімай справай, але і даказаць, што ты ў ёй лепшы. Гэта паспрабавалі зрабіць 19 каманд з розных раёнаў Міншчыны. Кожная каманда складалася з 12 навучэнцаў школ і гімназій вобласці рознага ўзросту. Яны сабраліся ля паходнага кастра ў Слуцкім раёне. Палатачны гарадок размясціўся ва ўрочышчы Нежаўка.

Свае ўменні каманды — удзельніцы злёту дэманстравалі ў конкурснай і спартыўнай частцы спаборніцтваў. Добрую спартыўную падрыхтоўку і імкненне да перамогі яны праявілі ў тэхніцы горна-пешаходнага турызму і арыентаванні. На дыстанцыі каля кіламетра даўжынёй размясціліся этапы 1—2 класа складанасці. Дзеці пераадольвалі навясную пераправу, траверс, спуск, паралельныя поручні, гаць, перапраўляліся па бервяне, выраблялі насілкі і транспартавалі з іх дапамогай пацярпелага, аказвалі яму першую медыцынскую дапамогу.
Пасля няпростых спартыўных заданняў турысты адпачывалі ў сваіх лагерах. Кожны з іх быў утульна абсталяваны і падрыхтаваны да конкурсу турысцкіх навыкаў і побыту. Чысціня і парадак на тэрыторыі палатачнага лагера, стан кухні і правільнасць захоўвання прадуктаў, выкананне правіл супрацьпажарнай і экалагічнай бяспекі, рэжыму — усё гэта ацэньвала судзейская брыгада. Таксама ў конкурснай частцы злёту камандам было прапанавана паказаць свае творчыя здольнасці і наяўнасць каманднага духу. Сапернікі пазнаёміліся бліжэй падчас прадстаўлення каманд. Атрымалася сапраўднае шоу, дзе школьнікі расказвалі пра свае раёны, удзельнікаў каманд і іх захапленні, пра свой погляд на турызм і здаровы лад жыцця. Таксама каманды стваралі газеты — гэта было яшчэ адно конкурснае заданне. Выданні расказвалі аб падзеях турзлёту, турысцкай біяграфіі каманд, знайшлося на старонках газет месца і для гумару. Музычным упрыгажэннем злёту стаў конкурс песень “Ля турысцкага кастра”. Суддзі адзначылі, што каманды пазбягалі традыцыйных, шырокавядомых песень, знаходзілі новыя, нетрывіяльныя, выконвалі мноства ўласных твораў.

Юным турыстам давялося папрацаваць інтэлектуальна — гэтага патрабаваў конкурс краязнаўцаў. Удзельнікі каманд праходзілі тэсціраванне, падчас якога павінны былі за абмежаваны час правільна адказаць на як мага больш пытанняў. Дзеці дастойна выступілі ў гэтым конкурсе і паказалі, што добра ведаюць свой край і яго гісторыю.

Лепшай камандай злёту былі прызнаны турысты са Слуцкага раёна. На другім месцы — каманда Мінскага раёна, на трэцім — Дзяржынскага. Відавочна, якімі б ні былі вынікі ўдзелу ў турзлёце, кожны запомніць надоўга гэтыя тры дні, напоўненыя пахам дыму паходнага кастра, гукамі гітарных акордаў, цеплынёй сяброўскіх усмешак.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.