Тваё жыццё — твой выбар

- 15:16Нам пішуць

Не першы год у Осаўскім дзіцячым садзе — базавай школе Асіповіцкага раёна працуе метадычнае аб’яднанне класных кіраўнікоў. У бягучым навучальным годзе яго тэма — “Здароўезберагальныя тэхналогіі ў выхаваўчым працэсе”. І гэта невыпадкова, бо кожны з бацькоў ці настаўнікаў марыць пра тое, каб нашы дзеці заўсёды былі здаровымі фізічна і псіхалагічна. Таму нядаўняя тэма пасяджэння — “Арганізацыя ўмоў здароўезберагальных тэхналогій у навучальным і выхаваўчым працэсе”.

На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні дзейнасці класнага кіраўніка па фарміраванні ў навучэнцаў навыкаў здаровага ладу жыцця. Завяршылася сустрэча класнай гадзінай “Тваё жыццё — твой выбар”, якая была прысвечана Дню барацьбы са СНІДам. Адкрытую класную гадзіну для ўсіх жадаючых падрыхтавалі класныя кіраўнікі 7 і 8 класаў Н.В.Галіеўская і К.І.Масленчанка са сваімі вучнямі. Дзеці чарговы раз успомнілі, што такое ВІЧ, СНІД, расказалі пра стадыі захворвання, меры барацьбы з ім, намалявалі партрэт ВІЧ-хворага, паглядзелі стужку “СТОП, СНІД!”, даведаліся пра сітуацыю з ВІЧ у Асіповічах і Асіповіцкім раёне.

Наталля ГАЛІЕЎСКАЯ,
кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання
класных кіраўнікоў Осаўскага дзіцячага сада — базавай школы Асіповіцкага раёна.