Творчы палёт “буслянят”

- 11:13Навіны рэгіёнаў

Педагог дадатковай адукацыі Наталля Мікалаеўна Власюк працуе ў Жабінкаўскім раённым цэнтры творчасці для дзяцей і моладзі амаль 30 гадоў. Фантазіі і крэатыўнасці гэтай жанчыны, якая вядзе майстэрню мяккай цацкі “Бусляня”, можна здзіўляцца бясконца.

— Высокая культура, тактоўнасць, уменне пачуць кожнае дзіця, дапамагчы яму рэалізаваць задуманыя планы і дасягнуць жаданай мэты, дабрыня і несумненны прафесіяналізм — гэтыя і многія іншыя якасці вызначаюць асобу Наталлі Мікалаеўны Власюк, — гаворыць дырэктар Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі Г.І.Іванова. — На рахунку выхаванцаў таленавітага педагога шмат творчых дасягненняў, адзначаных на розных узроўнях. Сярод апошніх — удзел “буслянят” у ХІІ Рэспубліканскім конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці, які праходзіў у рамках Рэспубліканскага конкурсу “Юныя таленты Беларусі” на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”.

Конкурс, на які з’ехаліся 28 юных аматараў дэкаратыўна-прыкладной творчасці з розных куткоў краіны, праводзіўся з мэтай развіцця творчага патэнцыялу таленавітых дзяцей у розных напрамках дзейнасці, папулярызацыі дасягненняў вучняў у галіне мастацкай творчасці. Удзельнікі радавалі гледачоў творчымі работамі, выкананымі ў такіх тэхніках, як саломапляценне, вышыўка, выраб са скуры, ткацтва, разьба па дрэве, бацік, кераміка і інш. Акрамя таго, канкурсанты правялі тэматычныя майстар-класы “Сувенір з абрэзкаў”, “Лепка авечкі з гліны”, “Роспіс па дрэве”, “Брошка з фетру”, “Аплікацыя з прыроднага матэрыялу” і “Канзашы”. Выхаванцы Н.М.Власюк вельмі сур’ёзна падышлі да конкурсных выпрабаванняў.

З 1 класа Юлія Урбан і Лізавета Пашко займаюцца ў аб’яднаннях Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі. Дзяўчаты неаднаразова станавіліся пераможцамі розных выстаў, аглядаў і конкурсаў. Юлія і Лізавета пакарылі журы майстэрствам, уменнем працаваць з матэрыялам і ўпэўненасцю ў сваіх сілах. У выніку дзяўчаты атрымалі вышэйшую ўзнагароду конкурсу — “Крышталёвага зубра” — і дыпломы І ступені за калекцыю лялек-персанажаў паводле казкі Л.Кэрала “Прыгоды Алісы ў Краіне цудаў”. Не засталіся без увагі і экскурсаводчыя навыкі Юліі і Лізаветы, за якія яны былі адзначаны дыпломамі ІІ ступені.

Дар’я Савашэвіч і Аляксандра Лобік правялі майстар-клас “Лялькі маёй бабулі” і атрымалі дыпломы ўдзельнікаў выставы.

Дарэчы, “Крышталёвых зуброў” у скарбонцы творчых дасягненняў выхаванцаў Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі ўжо тры. На гэтай лічбе педагогі і навучэнцы ўстановы спыняцца не збіраюцца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.