“Мы павінны быць там, дзе нашы дзеці” — вырашылі класныя кіраўнікі і разам са сваімі выхаванцамі “адправіліся” ў інтэрнэт і сацыяльныя сеткі. Інавацыйны праект “Укараненне мадэлі суправаджэння працэсаў сацыялізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы” рэалізоўваецца ў краіне з 2014 года. Некаторыя вынікі і вопыт класных кіраўнікоў Гродзеншчыны быў прадстаўлены на рэспубліканскім семінары-практыкуме, які адбыўся ў гімназіі № 1 Зэльвы.
— Месца правядзення семінара выбрана невыпадкова, — гаворыць начальнік аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі каардынатар інавацыйнай дзейнасці па праекце Людміла Кіўлюк. — У Зэльвенскай гімназіі назапашаны вялікі вопыт па рабоце ў гэтым кірунку, у рэалізацыю інавацыйнага праекта ўключаны не толькі вучні і настаўнікі, але і іх бацькі.
Пра тое, што без удзелу бацькоў і нават бабуль і дзядуляў нельга вырашыць пытанні бяспечнага інтэрнэту і сацыяльных сетак, якія займаюць вялікае месца ў жыцці дзяцей і з’яўляюцца для іх статуснай рэччу, гаварыла на семінары дырэктар гімназіі № 1 Наталля Булак. Увага была звернута на тое, што для дзяцей з сельскай мясцовасці і невялікіх населеных пунктаў кантакты ў сацыяльных сетках маюць велізарнае значэнне, таму што кантакты ўжывую часам не такія шматлікія, як у гарадскіх дзяцей. У гімназіі актыўная работа вядзецца і з навучэнцамі праз ІТ-фан-клуб, анлайн-факультатыў “Культура віртуальных зносін”, навіны “Дзясятачка”, буктрэйлеры, SCI-супольнасці, і з бацькамі — праз супольнасць “Імпульс”, праекты “Бацькі “ў трэндзе”, PROFI-бабулі, летнюю школу для бабуль і дзядуляў і інш.— Выцягнуць падлетка з віртуальнага свету не пад сілу ні аднаму даросламу, ды гэта і не патрэбна, — працягнула думку намеснік дырэктара Таццяна Чэчат. — Больш важна навучыць яго арыентавацца ў шматлікай інфармацыі, фільтраваць яе, супрацьстаяць негатыву і ўмець абараніць сябе ад агрэсіі.
Інтэрнэт — гэта такое ж звычайнае жыццё для нашых дзяцей, якім раней для іх бацькоў былі тэлевізар, газеты і кнігі. У інтэрнэце ёсць усё, але няма кантролю, таму асноўнай задачай школы і сям’і павінна стаць навучанне бяспечным паводзінам у віртуальным свеце, дапамога ў набыцці ўменняў выбіральна і ўсвядомлена падыходзіць да выбару інфармацыі і суразмоўцаў. Настаўнік інфарматыкі Наталля Юшчык разам з навучэнцамі гімназіі, членамі валанцёрскага атрада “ІТ-унукі”, лічыць, што найлепш праблемы бяспечных паводзін падлеткаў у інтэрнэце вырашаюцца з удзелам саміх падлеткаў.
Новыя падыходы, формы і метады дзейнасці класнага кіраўніка ў сацыяльных сетках прадставіла класны кіраўнік
9 класа гімназіі № 1 Зэльвы Наталля Гарчычка. Разам са сваімі навучэнцамі Наталля Віктараўна не проста кантактуе ў сацыяльных сетках, праводзіць гадзіны інфармавання ў анлайн-рэжыме, але і рэалізоўвае некалькі цікавых сацыяльных праектаў. Адзін з іх — дабрачынная акцыя “Ганненскі кірмаш “УКантакце” для жыхароў Зэльвы і Зэльвенскага раёна па абмене незапатрабаванымі рэчамі, у якой навучэнцы выступаюць у ролі валанцёраў і дастаўляюць адзенне, абутак, цацкі і іншыя рэчы тым, каму яны больш патрэбны. Удзельнікам семінара Наталля Віктараўна прапанавала таксама вынікі інавацыйнай работы па тэме “Стварэнне сістэмы эфектыўнага педагагічнага суправаджэння працэсаў фарміравання ў падлеткаў навыкаў выбіральнага падыходу да выбару інфармацыі і кола зносін у інтэрнэт-прасторы праз адкрытую групу ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”.
На практычных занятках, арганізаваных педагогамі і навучэнцамі гімназіі, удзельнікі семінара азнаёміліся з тым, як абараніцца ад фішынгу ў інтэрнэце, пабывалі на “кіберлікбезе” для бацькоў “Бацькі “ў трэндзе”, на які прыйшлі і бабулі гімназістаў, даведаліся аб пазітыўнай сацыялізацыі пяцікласнікаў у інтэрнэт-прасторы праз стварэнне аніміраваных ролікаў ZooBurst, далучыліся да SCI-супольнасці “Свет шкла”.Цікавы вопыт прадставілі і настаўнікі яшчэ шасці навучальных устаноў Гродзеншчыны, якія рэалізоўваюць вышэйназваны інавацыйны праект. Класны кіраўнік 10 “А” класа сярэдняй школы № 12 Гродна Вольга Калодка і педагог-псіхолаг Таццяна Руднік арганізавалі інфармацыйную анлайн-гадзіну ў сеткавай супольнасці “Мы, беларусы.gs12by” сацыяльнай сеткі “УКантакце” для навучэнцаў 6 і 10 класаў. Да віртуальнай размовы аб Зэльвеншчыне далучыліся 20 чалавек — школьнікі з Гродна і Зэльвы.
Майстар-клас “Сістэма падрыхтоўкі класных кіраўнікоў да ажыццяўлення працэсаў суправаджэння сацыялізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы” правяла намеснік дырэктара сярэдняй школы № 1 Ліды Алена Белік. Класны кіраўнік 8 класа гэтай жа школы Святлана Ражкова прэзентавала мадэлі педагагічнага суправаджэння гэтых працэсаў.
Шырока быў прадстаўлены вопыт інаватараў са Свіслачы. Мадэль “перавернутага класа” дапамагае настаўніцы 3 класа гімназіі № 1 імя Кастуся Каліноўскага Свіслачы Людміле Пабудзей ажыццяўляць працэс сацыялізацыі ў інтэрнэце малодшых школьнікаў. Іна Савасцьян з гэтай жа ўстановы расказала, як дзелавыя анлайн-гульні спрыяюць прафарыентацыі падлеткаў. Педагог сярэдняй школы № 3 Свіслачы Тамара Кротава паведаміла аб фарміраванні культуры зносін, арганізацыі супрацоўніцтва навучэнцаў, іх бацькоў і педагогаў у сацыяльнай сетцы “УКантакце” праз дзейнасць віртуальнага класнага клуба, а настаўнік замежнай мовы Вячаслаў Караткевіч — аб уключэнні навучэнцаў у міжкультурныя іншамоўныя зносіны праз інтэрнэт-тэхналогіі.
Не абышлі ўвагай на семінары і пытанні электронных журнала і дзённіка, блога класа, сеткавага клуба. Сваім вопытам падзялілася класны кіраўнік і настаўнік 4 “Б” класа сярэдняй школы № 2 Ашмян Ірына Дакурна. Яе аповед дапоўнілі намеснік дырэктара школы Алена Апанель, якая гаварыла пра арганізацыйна-метадычны рэсурс “Сеткавы клуб педагогаў-цьютараў”. Вольга Турноўская з ашмянскай сярэдняй школы № 1 паведаміла аб фарміраванні ўмоў для ўзаемадзеяння ў трыядзе “вучань — настаўнік — бацькі”.
Падводзячы вынікі Рэспубліканскага семінара-практыкуму, кансультант інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі суправаджэння працэсаў сацыялізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы”, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт Галіна Бядуліна падкрэсліла, што сацыяльнае выхаванне патрабуе камунікатыўных навыкаў і тут інтэрнэт дае новыя магчымасці і выступае сёння як новы аб’ект соцыуму. З гэтым трэба лічыцца і школе, і сям’і. Калі падлеткі запатрабаваны, калі іх час напоўнены карыснымі справамі, то яны не “сыходзяць” у віртуальнасць. Таму вельмі важна ведаць інтарэсы дзяцей і быць з імі разам у сацыяльных сетках.
Галіна Фёдараўна адзначыла таксама, што інавацыйныя пляцоўкі працуюць вынікова тады, калі ёсць падтрымка і зацікаўленасць не толькі з боку ўстаноў, якія ажыццяўляюць іх навукова-метадычнае суправаджэнне, але і органаў кіравання адукацыяй і мясцовых улад. Аб такой падтрымцы інавацыйнай дзейнасці гімназіі № 1 Зэльвы і ў цэлым праекта сведчыць прысутнасць на семінары-практыкуме начальніка ўпраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Сяргея Малочнікава, намесніка старшыні Зэльвенскага райвыканкама Валянціна Семянякі, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Зэльвенскага райвыканкама Сяргея Лойкі.
Удзельнікі семінара абмеркавалі выданне дапаможніка з практычнымі матэрыяламі па рабоце класных кіраўнікоў у сацыяльных сетках, прагучала прапанова аб уключэнні тэм па бяспецы ў інтэрнэце ў школьны курс АБЖ, прайшла дыскусія па пытаннях кантролю і ўліку правядзення інфармацыйных анлайн-гадзін.
Абагульняльнымі для ўдзельнікаў мерапрыемства можна лічыць словы, якімі завяршыла сваё выступленне Н.В.Гарчычка: “Калі на вашай уласнай старонцы ў сацыяльных сетках будзе ўсё тое, чаго вы не прымаеце на старонках вашых вучняў, — лічыце працэс выхавання дарэмным”.
Размова на гэтую важную тэму прадоўжыцца. У сярэдняй школе № 3 Свіслачы ў маі гэтага года адбудзецца Міжнародная маладзёжная навукова-практычная інтэрнэт-канферэнцыя (маладзёжны форум) “Этыкетная культура як інструмент для стварэння этычных зносін у сацыяльных сетках”.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Ірыны МІКЛАШЭВІЧ.