Тыдзень кітайскай мовы

- 10:55Навіны рэгіёнаў, Рознае

Апошнім часам у Беларусі расце цікавасць да кітайскай мовы. На Гомельшчыне яе вывучэнне пачалося два гады назад з факультатыву ў Рэчыцкім раённым ліцэі.

На працягу ўсяго мінулага навучальнага года вучні прымалі ўдзел у алімпіядах і навуковых чытаннях, нават сдавалі ЦТ і стандартны міжнародны кваліфікацыйны экзамен па кітайскай мове НSK. Летам школьнікі таксама не сядзелі на месцы. Ліцэістам Ільі Пырху, Аліне Кацура, Юліі Базылевай і Таццяне Янковіч, а таксама гімназістцы Вользе Мельнік вельмі пашанцавала: яны разам з 22 вучнямі з розных абласцей нашай краіны сталі ўдзельнікамі тыдня кітайскай мовы і культуры ў НДЦ “Зубраня”.

Змена была арганізавана Інстытутам Канфуцыя па навуцы і тэхніцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта з 7 па 14 жніўня. Яе асноўнай тэмай стала геаграфія Кітая: удзельнікі знаёміліся з картай краіны і асаблівасцямі некаторых правінцый. Акрамя гэтага, выкладчыкі Інстытута Канфуцыя, у ліку якіх былі беларускія педагогі і прадстаўнікі Паднябеснай, падрыхтавалі для хлопцаў і дзяўчат вялікую колькасць цікавых заняткаў.

На першых з іх школьнікам далі кітайскія імёны, якімі яны карысталіся на працягу ўсяго тыдня. Пасля падзелу вучняў на групы па ўзроўні валодання мовай настаўнікі вучылі з дзецьмі новыя словы, выконвалі практыкаванні, трэніравалі вымаўленне тонаў і вуснае маўленне, слухалі, развучвалі і спявалі кітайскія песні. У тым, што напісанне іерогліфаў з’яўляецца адной з самых складаных асаблівасцей усходняй мовы, удзельнікі змены ўпэўніліся падчас правядзення заняткаў па каліграфіі.

Акрамя таго, прайшлі майстар-класы па асваенні мастацтва кітайскага выразання з паперы і расфарбоўкі масак. Прыемнае ўражанне пакінула цікавая чайная цырымонія. Захапіліся аматары кітайскай мовы і культуры і нацыянальным вузельчыкавым пляценнем.

Трэба адзначыць, што юныя кітаісты займаліся не толькі ў кабінетах, але і на адкрытым паветры. Даспадобы школьнікам прыйшлася займальная гульня “Кітайскі валанчык”.

Яшчэ адным незабыўным момантам сталі штодзённыя ранішнія заняткі старажытным мастацтвам тайцзіцюань, якое з’яўляецца важным складнікам кітайскай культуры.

Нягледзячы на тое, што змена доўжылася толькі восем дзён, школьнікі, якія цікавяцца кітайскай мовай, паспелі многае: атрымалі карысныя веды і навыкі, знайшлі новых сяброў, дакрануліся да такой багатай і непаўторнай кітайскай культуры. Тыдзень кітайскай мовы і культуры ў НДЦ “Зубраня” хлопцы і дзяўчаты яшчэ доўгі час будуць успамінаць з задавальненнем і трапятаннем, бо ён падарыў ім самыя добрыя пачуцці і зарадзіў станоўчай энергіяй на новы навучальны год.

Ніка ЦІШКЕВІЧ,
настаўніца Рэчыцкага раённага ліцэя.