Тысячы кветак вырошчвае штогод настаўніца Аліна Рабцэвіч — унучка педагога і пісьменніка Міколы Купрэева

- 12:16Новости

Вялікая частка кветнікаў вакол школы — гэта справа рук настаўніцы біялогіі СШ № 3 Івацэвіч Аліны Рабцэвіч і яе вучняў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Удзячнасць сэрцы сагравае

Першавераснёвая пара, відаць, самая кветкавая ў годзе. Цяжка і ўявіць сабе, якое велізарнае кветкавае мора штогод калыхаецца хвалямі на ўрачыстасцях пры школах, іншых установах адукацыі. Рознакаляровыя букеты — традыцыя, даніна ўдзячнасці і павагі да старэйшых, да настаўнікаў, таму і ўпрыгожваюць яны пачатак шляху да ведаў. А кветкі ўсім да твару! Заглядваюць у вочы, расквечваюць усмешкі педагогаў, вучняў, іх трошкі ўсхваляваных бацькоў.

Цяпер яшчэ становіцца добрай традыцыяй, што ў многіх гарадах, аграгарадках, вёсках Беларусі кветкі кладуцца 1 верасня да месцаў памяці, да мемарыялаў і абеліскаў — як знак глыбокай удзячнасці папярэднікам, дзякуючы якім прадаўжаюцца шляхі нашы зямныя. Нават, чуў я, дарожныя карты ў школах некаторых ёсць: хто, калі, куды і як паедзе на ўскладанне… Пра тое ж і прасіў нашчадкаў паэт, калі пісаў: “Песню свою провожая в полет — помните!..”

Пагаворым трохі пра тых педагогаў, хто сам кветкамі ўпрыгожвае зямлю, наша жыццё. А на тэму нататкаў падштурхнула мяне Алена Муха, настаўніца з Палесся: даслала фотаздымкі экзатычнай расліны паўлоўніі. Таму вырошчвае, што і сама ж — Паўлаўна. Марыць, што зацвітуць яны ў Малых Круговічах і ў Вялікіх. Нашы чытачы ведаюць, мы пісалі, што і падобная да гарбузоў афрыканская лагенарыя ў аколіцах Круговіцкай школы, пад Ганцавічамі, з яе падтрымкай адаптуецца. Хоць эксперыменты спадарыні Алены маюць найперш агародна-практычны характар, але ж і букет, які стварыла яна да жнівеньскай педканферэнцыі, проста заглядзенне!

Пісаць пра настаўніцкія кветкі можна і далей: з рознымі нюансамі, нібы асноўная мелодыя ў сімфоніі. А нечаканыя мелізмы прыўнесла ў святочную тэму кіраўніца гуртка “Вытокі” з Антопаля (Драгічынскі раён) настаўніцай роднай мовы і літаратуры Жанна Новік. У размове з ёй пачуў: “Лепшыя настаўніцкія кветкі — гэта нашы дзеткі!”. Мяркую, здымкі педагогаў з букетамі кветак — і з вучнямі! — будуць упрыгожваць старонкі выдання. А для таго, паважаныя чытачы, зрабіце ў святочныя дні святочныя здымкі. Век букетаў нядоўгі, а сфатаграфаванае застанецца.

У кветніку Жанны Расціславаўны пры хаце ёсць півоні, лілеі, вяргіні, ружы і нават васілёчкі… Добра помніць, што “яе дзеткі” — усе восем хлопцаў з другога выпуску — падарылі па вялікім букеце: “Прынесла ў хату, паставіла ўсе разам — і паўпакоя занялі”. Ганарыцца, што з ліку яе выпускнікоў ёсць настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, фізкультуры, школьны псіхолаг. Летась Вікторыя Пай, Настасся Несцярук, Дзіяна Воўк пайшлі вучацца на педагогаў. Вучнёўскія кветкі ёсць і ў кветніку: неяк падарылі ёй прыгожы куст хрызантэм. “Традыцыя дарыць настаўнікам кветкі ў Антопалі зберагаецца, і не толькі на 1 верасня, — удакладніла Жанна Новік. — На Дзень настаўніка прыходзяць тыя, хто скончыў школу раней. Памятаю, Антон Шыбун і Андрэй Галабурда прыгожы букет прынеслі — самі ўжо дарослыя, у аднаго і дзеткі ёсць. Памяць і ўдзячнасць вучняў нашы сэрцы настаўніцкія, безумоўна, сагравае”.

Зразумела, і ў чарговую камандзіроўку ў Івацэвічы ехаў я з надзеяй пазнаёміцца з педагогамі, якія маюць справу з кветкамі.

Мы сустрэліся ў 3-й школе з Алінай Рабцэвіч, маладой настаўніцай біялогіі. Пры тым шмат цікавага расказаў пра паспяховую працу школьнага лясніцтва “Зялёны квартал” і дырэктар Алег Кузьмін. Да “лясной” тэмы вернемся іншым разам, а пакуль пашырым і паглыбім кветкавую.

Не баіцца рукі запэцкаць

— Аліна Ігараўна мясцовая, з нашых краёў: заканчвала школу ў вёсцы Вялікая Гаць, — прадставіў яе Алег Аляксеевіч. — У 2020-м, атрымаўшы дыплом БДУ, шукала першае месца працы, і мы яе ўзялі. Спачатку прыглядаліся, ды было відаць: чалавек сур’ёзны, працавіты, адказны. Таму даверылі ёй і школьнае лясніцтва, і кветкаводства, і класнае кіраўніцтва: далі восьмы клас.

У прадмове да кветкаводства дырэктар зрабіў акцэнт — не баіцца рукі запэцкаць: “Пачалі кветкі пры школе высаджваць — і яна разам з усімі працуе. Парадаваўся. Бо пабачыў розных біёлагаў, ведаю: калі ён з дзеткамі садзіць кветкі, даглядае іх, на перспектыву ідэі прапануе, а не толькі працэсамі кіруе, тады ўсё ў парадку. Хаця, нібыта, у педагога задача: паказаць і падказаць. Яна ж — заўсёды “з народам”, і вялікая частка кветнікаў вакол школы — гэта яе і яе вучняў рук справа”.

Ідучы да школы, мы тое, безумоўна, бачылі: дагледжаныя газоны, кветнікі без пустазелля, падстрыжаныя кусты туі ды іншыя, паўсюдную чысціню. Дырэктар на гэты конт заўважыў: “На мой погляд, любові да працы, да раслін, да зямлі, да прадмета — усяму гэтаму нікога не навучыш у тэорыі. Настаўніку самому трэба рукавы закасаць і працаваць. Такая любоў прывіваецца ў працэсе перадачы свайго вопыту вучням. Аліна Ігараўна і любоў дзіцячую працай заваявала, бо дзяцей падмануць проста немагчыма”. Прыгадаў Алег Аляксеевіч, як сам бачыў: тая ўлюбёнасць, захопленасць з боку вучняў прарываецца ў зносінах, праменіцца станоўчымі эмоцыямі, асабліва на пачатку чвэрці альбо пасля лета: “Дзеці паспяваюць засумаваць па ёй, рады бачыць! А яна ж не забаўляецца з імі: заўсёды ў працы, у грамадска-карысных справах. Карацей, я вельмі рады, што Аліна Ігараўна да нас прыйшла і так цікава, прафесійна сябе выявіла. Пашанцавала з педагогам!”

Ад прадзеда — прафесія. І школа-дом…

На пытанне пра педагагічныя традыцыі ў сям’і Аліны Ігараўны пачулі: нават прадзед яе, Сямён Іванавіч Купрэеў, быў настаўнікам. Так што ішла дзяўчына ў прафесію па дынастыі: “Адзін мой дзядуля — вядомы педагог і пісьменнік Мікола Купрэеў. Можа, чулі пра яго?” Дык жа чуў! Мой настаўнік, Сцяпан Іванавіч Шклянік, быў з ім у сяброўстве. Неяк расказваў, як пазнаёміўся з Купрэевым на чыгуначным прыпынку ля Жарабковіцкай школы. Алінін дзед шмат вандраваў. Рыхтуючы тэкст, я даведаўся: працаваў ён у розных школах Ганцавіцкага, Івацэвіцкага і Ляхавіцкага (майго роднага) раёнаў. А таксама і ў рэдакцыі ляхавіцкай райгазеты “Будаўнік камунізму”, куды і я пісаў школьнікам. Цесны свет!

Вялікая настаўніцкая дынастыя пайшла з купрэеўскага кораня. “І дзед, і яго сястра Валянціна Сямёнаўна былі філолагі, — расказвае Аліна. — Калі дрэва дынастыі глянуць, то настаўнікамі сталі родныя сын і дачка дзеда Міколы — гісторык Андрэй Мікалаевіч і географ Святлана Мікалаеўна, мае дзядзька і цётка. Яны даводзяцца стрыечнымі маёй маме, настаўніцы гісторыі Галіне Рыгораўне Басалай, яна цяпер дырэктар у Святавольскай сярэдняй школе. Увогуле з добры дзясятак педагогаў ёсць у дынастыі. Калі ж паўстала пытанне, кім быць, мы з мамай доўга і не думалі: у настаўнікі! А профіль? Паколькі бабуля мая стрыечная, Соф’я Мікалаеўна Папко, у Аброўскай сярэдняй школе нашага ж раёна была хімікам-біёлагам, то і я вырашыла: у біёлагі”. У 2014-м, скончыўшы школу з адзнакай, паступіла ў БДУ, на біяфак. Адвучылася 6 гадоў: выйшла замуж, пайшла ў дэкрэт і давучвалася завочна.

Выбар месца працы абумовіўся тым, што хацелася Аліне жыць “без лішняга шуму, ціха-мірна, з ладам у душы”. Да таго ж “бліжэй да мамы, да вытокаў, да зямлі, да цішыні”. На такі запыт да неба прыйшоў нечаканы адказ: яе родная бабуля Валянціна Сямёнаўна (родная сястра Міколы Купрэева), якая раней працавала ў Велікагацкай средней школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры, прапанавала ўнучцы пераехаць у стары дом, уласнасць яе бацькоў. “Дом — у Міхнавічах, якія практычна зрасліся з Івацэвічамі, прычым гэта былая школа: пасля вайны яе заснаваў і пабудаваў мой прадзед, які працаваў дырэктарам. Сямён Іванавіч, дарэчы, быў на вайне, вярнуўся дадому і вось так адбудоўваў мірнае жыццё, гэта была васьмігодка. І мы сям’ёй цяпер жывём у былой прадзедавай школе! А я хаджу на работу той жа дарогай, што хадзіла мая бабуля”.

Праз церні да кветак!

Вось бы кожнай маладой настаўніцы мець побач такога мудрага анёла! Калі Аліну Ігараўну ўзялі адразу на поўную стаўку (28 гадзін!), далі клас (30 чалавек, і пераходны ж узрост!) ды яшчэ і школьнае лясніцтва — напружанняў было цераз край: “Першыя паўгода плакалі мы ўсе разам: і я, і дзеці… — смяецца настаўніца з трохгадовым стажам. — Дапамагала ж прайсці той цярністы шлях бабуля Валянціна Сямёнаўна. Была яе падтрымка, былі слушныя парады. Часам, што хаваць, на эмоцыях і пайсці хацелася, школу кінуць… Але яна цвёрда сказала: “Не! Перацярпі, бо інакш усё пойдзе кулём і ты ў жыцці згубішся, станеш перакаці-полем. А бабуля тады жыла з намі, так што я была як на перадавой, а ў мяне — во які надзейны тыл дома: дынастыя!”

Не будзем паглыбляцца ў нюансы настроек-прыцірак, “пракруцім” падзеі ў паскораным рэжыме ў мажорны настрой: “…А потым усё ўляглося: пэўна, прыцерліся… І калі быў выпускны ў 9-м, дзе я была класнай, то ўжо мы плакалі ад таго, што расстаёмся. Па гэты час дзеці ў госці прыходзяць, з кімсьці — на сувязі. Мы з імі ў школе шмат размаўлялі, яны таямніцы свае давяралі, я сваім вопытам дзялілася. У нас ішла ўвесь час пераацэнка жыццёвых каштоўнасцей: адзнакі, адносіны з настаўнікамі (а я дапамагала ім знаходзіць паразуменне), з сябрамі, бацькамі… Удалося мне дух калектывізму развіць, сістэму ўзаемадапамогі адладзіць: хто ў чым мацнейшы — у тым і дапамагае іншым. Рассадка ў нас па сталах з улікам розных тых нюансаў. І калі зборны 10-ы ў мяне аказаўся, то спачатку не ўсе тое зразумелі, а потым асвоіліся”.

І што цікава: сумесная з вучнямі праца па кветкавай гаспадарцы — лепшы сродак для наладжвання кантактаў. Зрэшты, Аліне Рабцэвіч не прыйшлося з нуля пачынаць, сістэму стварылі раней: “У кожнага класа і класнага кіраўніка ёсць участкі пры школе, дзе каму працаваць. Мы з іншым біёлагам, Ганнай Сяргееўнай Лось, гэта размяркоўваем, высаджваем кветкі, раздаём пад іх шэфства работу. Прычым ёсць спісы, графікі, характар неабходных работ. Памятаю, прыйшла я ў верасні, мне найбольшы і складаны ўчастак дастаўся ці, як мы кажам, агарод. Там розныя геаметрычныя фігуры на кветніках — іх трэба прыгожа “расквеціць”, з розумам. Увосень працы менш: насенне сабраць і падрыхтаваць агарод да зімы. А насенне бадай што ўсё сваё: з агарода збіраем-перабіраем, сартуем, высушваем. Ці на класнай гадзіне, ці ёсць у нас працоўны лагер у вясновыя канікулы: тады ўжо рыхтуемся да пасяўной, займаемся расадай”.

Батаніка з геаметрыяй і… псіхалогіяй

Калі Аліна Ігараўна сама ўвайшла ў курс кветкавых спраў, то пачала прамалёўваць на паперы эскізы будучых кветнікаў: “Такога раней тут не было. І мы спачатку рабілі так для сябе, а цяпер і з кіраўніцтвам планы ўзгадняем. Усім зручна і наглядна, эксперыментуем з геаметрычнымі ўзорамі, з колерамі: творчасць! Напрыклад, шмат у нас аксамітак — і ўжо ведаем, колькі насення трэба, калі высеяць, каб расада была добрая”.

Хоць і ёсць у школе цяпліца, але ўсе кветкі, так склалася, кветкаводы высяваюць у лабаранцкім пакоі. Зрабілі там зручны міні-столік. “Першыя высевы — яшчэ ў лютым. Трымаем графік, што за чым, каб паступова падыходзіла. На кветніках сёлета ў нас адны кветкі адцвітаюць — іншыя расцвілі. Памочнікі ў мяне — з розных класаў, пачынаючы з пятага. Са сваім старшым класам я працую там, дзе сёння трэба. У нас абавязковая ГКП — грамадска-карысная праца. У старшых класах — па 2 гадзіны на тыдзень. Бывае, не атрымалася ў лясніцтва з’ездзіць альбо тэма па праграме ёсць (паразіты раслін, скажам), то мы — у агарод. Аксаміткі выбіраць і паразітаў шукаць — там жа. Дзеці лёгкія на пад’ём: як трэба, то і дапамагаюць. Аднак і псіхалогію іх варта ведаць! Без крыку, паціху… Бо як хлопчыкаў зацікавіць кветкамі-агародам? Пачынаем з праполкі школьных дарожак. І яны, прысеўшы, заўважаюць… мікрасвет пад нагамі. А шта гэта расце? Макрыца, хвошч, асот.. А што паўзе?… Потым ужо адзін другому: там алыча, можна пакаштаваць, а там яблыня… Іх ужо зачапіла. У 7 класе ідзе чыстая батаніка: ім цікава. Часам на лабараторныя прыношу тую ж расліну з праполак. Глядзім пад мікраскопам структуру ствала, лісця, насення — і ўжо ім вачэй не адарваць!”

Асабліва шмат пытанняў у дзетак бывае ў 6-м класе: упершыню пачынаецца курс біялогіі, прычым па праграме шмат экскурсій, лабараторных заняткаў. Кожны выхад на ўчастак — мора пытанняў! Што за кветка, ці куст, альбо дрэва, ці жук-мушка-матылёк. Потым ідзе практычная работа па вырошчванні раслін: “І ўжо ўвесь мой стол у кветках і вазонах! У каго фікусы, у каго фіялкі ці кітайскія ружы. А ў нас так: што каму даў — тое дома і росцяць, а пасля ў школу нясуць. І тады мы асвойваем хатняе кветкаводства: як чаранкаваць, чым падкарміць, падлячыць, як рассадзіць… Тое ўсё ім цікава, бо за гэтым ёсць таямніца Жыцця. Дарэчы, я часта дзецям паказваю відэаролкі з сайта па мікрабіялогіі — як жыве, напрыклад, маленькая бактэрыя ў лісточку. Бачыць захапленне вучняў такімі цудамі — сапраўднае шчасце”.

Ад мікра да макра. Зберажом глебу!

Усё вялікае пачынаецца з малога. На такую жыццёвую мудрасць настройвае выхаванцаў маладая настаўніца. У якасці прыкладаў прыводзіць нібыта і нязначныя парушэнні экабалансу, якія з часам могуць прывесці да катастроф. На ўроках расказвае, як у экасістэмах усё з усім узаемазвязана. У прыватнасці, пра тое, як важна правільна гаспадарыць на зямлі, каб яна заставалася здаровай, урадлівай. Згадвае, як пачула пра міжнародны рух “Зберажом глебу!”, які пачаўся з Індыі: “Калі ў 2022-м у Мінску ў Рэспубліканскім цэнтры краязнаўства праходзіў экафорум, то і нас туды запрасілі. Настасся Кот і Мікіта Белы выступалі, расказвалі, як гарадскія дзеці далучаюцца да працы ў школьным лясніцтве “Зялёны квартал”. Тады ж была анлайн-канферэнцыя, на сувязь выходзілі эколагі з розных краін. І мы даведаліся пра рух “Зберажом глебу!”, які распачаўся дзякуючы філософу, містыку, ёгу Садхгуру. Мы ж і самі паўдзельнічалі ў праекце: здымалі відэаролік пра глебу. І на рэспубліканскім турзлёце па лесаводстве пра тое гаварылі: спецыяльная была лекцыя”.

Кветкі да помніка герою

Традыцыі. Сучаснасць. Пераемнасць… Будынак старой школы ў Міхнавічах — зусім побач з помнікам партызану-камсамольцу Мікалаю Гойшыку: непадалёку ад таго месца здзейсніў ён подзвіг. Цяпер Аліна Рабцэвіч і яе клас там штомесяц прыбіраюць тэрыторыю, высаджваюць кветкі, а ў дні дзяржаўных свят нясуць ганаровую варту. І ў першы дзень навучальнага года яны ўскладуць жывыя кветкі да помніка герою, якому адмерана было лёсам 17 гадоў жыцця зямнога.

Падчас экскурсіі на сядзібу гаспадыня ўладанняў (40 сотак побач з домам!) згадала, што ў маці яе пры хаце вялікі кветнік. А прадзед Сямён Іванавіч, расказвалі родныя, любіў любавацца яблынямі ў квецені. Ён жа і пасадзіў пры доме-школе, збудаванымі адным блокам, той сад: каля 40 сартоў яблынь. Вучні працавалі ў ім, збіралі ўраджай — і гэта было вельмі смачнае дапаўненне да іх школьнага рацыёну.

Хоць таго саду няма ўжо, але ж прысядзібная тэрыторыя цяпер дагледжаная, паступова набывае новае аблічча: запаўняецца кветкамі, дрэвамі, кустамі. Усё з густам і ў меру.

І прыгажосцю розных кветак, спадзяюся, цяпер насычаюцца душы івацэвіцкіх школьнікаў і педагогаў. А прыгажосць, як вядома, — вялікая сіла.

Дарэчы. Вялікая кветкавая прастора ёсць як пры будынку Івацэвіцкага райвыканкама, так і пры ўласным доме Святланы Патоцкай, якая ўзначальвае ў раёне аддзел па адукацыі. З ёй мы таксама сустрэліся. Пра кветкавыя захапленні Святланы Мікалаеўны — і нават яе незабыўныя летнія падарожжы на плыце па Бярэзіне! — раскажам іншым разам. А пакуль палюбуйцеся яе кветкамі.

Іван ЖДАНОВІЧ