Сёння сацыяльна-эканамічны комплекс нашай краіны арыентаваны на развіццё інавацыйнай эканомікі, у аснове якой знаходзяцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Працэс мадэрнізацыі прадпрыемстваў і арганізацый суправаджаецца зменамі ў функцыянальных абавязках рабочых і спецыялістаў на працоўных месцах, павышэннем якасці прафесійнай падрыхтоўкі згодна з інавацыямі, якія адбываюцца ў вытворчасці. У сваю чаргу гэта патрабуе абнаўлення кваліфікацыйных характарыстык па многіх існуючых прафесіях рабочых і пасадах служачых або ўвядзення новых, якія б адпавядалі патрабаванням 5 і 6 тэхналагічных укладаў. Якія кірункі ў развіцці прафесійнай адукацыі сёння найбольш актуальныя і адпавядаюць мэтам Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця нашай краіны на 2016—2020 гады, мы высвятляем у размове з прарэктарам па інавацыйнай дзейнасці Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі кандыдатам педагагічных навук Валерыем Мікалаевічам ГАЛУБОЎСКІМ.
— Што ўяўляе сабой сённяшняя нацыянальная сістэма кваліфікацый і як яна будзе ўдасканальвацца?
— Калі гаварыць наконт структуры, то дзеючая сёння нацыянальная сістэма кваліфікацый уключае ў сябе шэраг класіфікатараў, такіх як Адзіны тарыфна-кваліфікацыйны даведнік работ і прафесій рабочых, Адзіны кваліфікацыйны даведнік пасад служачых, Агульнадзяржаўны класіфікатар “Заняткі”, Агульнадзяржаўны класіфікатар “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” і інш. Сённяшняя сістэма кваліфікацый накіравана на вырашэнне пытанняў, звязаных з класіфікацыяй і тарыфікацыяй прафесій рабочых і пасад служачых, парадкам і ўмовамі прысваення ім кваліфікацыі. Распрацоўка адукацыйных стандартаў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі ажыццяўляецца на аснове Адзінага тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка работ і прафесій рабочых, а таксама Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых.
Асноўнай мэтай удасканалення Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый з’яўляецца забеспячэнне балансу паміж попытам і прапанаваннем на рынку працы і павышэнне якасці падрыхтоўкі кадраў. Для таго каб рэалізаваць гэтую мэту на практыцы, пастановай Савета Міністраў № 34 “Аб некаторых пытаннях развіцця Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый Рэспублікі Беларусь” былі распрацаваны праекты палажэння сектаральнага савета і макета прафесійнага стандарту на прыкладзе двух пілотных сектараў — “Інфармацыйныя тэхналогіі” на базе Парка высокіх тэхналогій і “Кіраванне” на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Вынікі эксперымента адлюстроўваюць той факт, што два гэтыя сектары не могуць ахопліваць усе ўзроўні нацыянальнай рамкі кваліфікацый, таму што яны арыентаваны не на вытворчы персанал. Таму, безумоўна, неабходна працягваць эксперымент у іншых сектарах эканомікі, а значыць, больш маштабна. Гэта прадугледжвае аб’яднанне намаганняў шэрага нашых міністэрстваў, у прыватнасці эканомікі, працы і сацыяльнай абароны, адукацыі і іншых, якія прыцягнуты да работы па ўдасканаленні механізмаў узаемадзеяння эканомікі і сістэмы адукацыі па пытаннях кадравага забеспячэння.
Нядаўна кіраўнік дзяржавы зацвердзіў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця нашай краіны на 2016—2020 гады. Мэтай гэтай праграмы з’яўляецца забеспячэнне якаснага росту і канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі з канцэнтрацыяй рэсурсаў на фарміраванні яе высокатэхналагічных сектараў, якія базіруюцца на вытворчасці 5 і 6 тэхналагічных укладаў. Да высокатэхналагічных сектараў разам з бія- і нанаіндустрыяй адносяцца энергетыка і альтэрнатыўныя крыніцы энергіі; транспарт; прамысловасць; прыборабудаванне і электронная прамысловасць. Напрыклад, калі браць машынабудаўнічую галіну, то ў ёй плануецца вытворчасць малалітражных дызельных рухавікоў на Мінскім маторным заводзе, выпуск легкавых аўтамабіляў у СЗАТ “БелДжы”, у якіх будуць выкарыстоўвацца электрарухавікі. У развіцці транспартных маршрутаў праз тэрыторыю нашай краіны плануецца будаўніцтва дарог з выкарыстаннем сучаснай тэхнікі і тэхналогій і г.д. Усе гэтыя праекты можна рэалізаваць толькі тады, калі нашы працоўныя рэсурсы будуць фарміравацца з высокакваліфікаваных кадраў. І тут размова вядзецца не пра падрыхтоўку кадраў па масавых прафесіях для традыцыйных вытворчасцей, а якраз-такі для тых прадпрыемстваў, дзе актыўна ўкараняюцца вынікі навуковых даследаванняў у рэальным сектары эканомікі. Калі ў нашай краіне будзе забяспечаны выпуск электрамабіляў, то трэба паклапаціцца аб тым, хто будзе забяспечваць іх сэрвіснае абслугоўванне і рамонт. Безумоўна, гэтыя функцыі павінен выконваць вытворчы персанал, які мае дастаткова высокую кваліфікацыю. Таму перад прафесійнай адукацыяй ставіцца задача працаваць на апярэджанне і не чакаючы масавага выкарыстання падобных электрамабіляў, паралельна з працэсам іх вытворчасці і ва ўзаемадзеянні з вытворцамі пачынаць падрыхтоўку кадраў па іх абслугоўванні, кадраў, якія адпавядаюць патрабаванням інавацыйнай эканомікі. Адназначна, што ў пачатку выпуску такіх электрамабіляў, вялікай колькасці на рынку працы работнікаў па іх абслугоўванні і рамонце не спатрэбіцца, а, адпаведна, і адкрыцця масавага прыёму абітурыентаў на навучанне па новых спецыяльнасцях таксама не трэба.
—У той жа час вельмі важна адпрацаваць механізм узаемадзеяння суб’ектаў інавацыйных сектараў эканомікі і сістэмы прафесійнай адукацыі.
— Сапраўды, гэта вельмі важнае пытанне. Каб яго вырашыць, Міністэрствам адукацыі пачаты эксперыментальны праект пад непасрэдным кіраўніцтвам Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі на тэму “Апрабацыя механізмаў узаемадзеяння ўстаноў прафесійнай адукацыі і арганізацый — заказчыкаў кадраў па вызначэнні і мадэрнізацыі кваліфікацыйных патрабаванняў да спецыялістаў”. У рамках гэтага праекта плануецца арганізаваць работу сектаральных саветаў ва ўзаемадзеянні з профільнымі ўстановамі адукацыі, факультэтамі вышэйшых навучальных устаноў і філіяламі РІПА, якія забяспечваюць падрыхтоўку кадраў для сектараў, якія зацверджаны кіраўніком дзяржавы як інавацыйныя. Гэта дазволіць своечасова абнаўляць змест адукацыйных стандартаў на аснове патрабаванняў сучасных вытворчасцей, аформленых у выглядзе прафесійных стандартаў, якія паэтапна замяняюць кваліфікацыйныя характарыстыкі. У кампетэнцыю сектаральнага савета ўваходзіць арганізацыя дзейнасці рабочых груп па распрацоўцы зместу прафесійных стандартаў з прыцягненнем работнікаў адпаведнага сектара і сістэмы прафесійнай адукацыі і наступным накіраваннем праектаў у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны для зацвярджэння, а таксама стварэнне цэнтра сертыфікацыі персаналу.
— Чаму ядром аб’яднання зацікаўленых бакоў у развіцці канкрэтных сектараў эканомікі выступаюць менавіта ўстановы адукацыі — філіялы РІПА?
— Адказ відавочны. Таму што для дасягнення эканамічнага эфекту ў развіцці галіны неабходна выкарыстоўваць кластарны падыход, які аб’ядноўвае навуку, адукацыю і вытворчасць. У нашым выпадку ў кожным з сектараў працуе больш за 70% вытворчага персаналу з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Такім чынам, абапіраючыся на навуковыя даследаванні РІПА і навукова-метадычнае забеспячэнне эксперыментальнага праекта па распрацоўцы сумесна з заказчыкамі кадраў новых мадэляў падрыхтоўкі спецыялістаў, зместу і арганізацыі адукацыйнага працэсу ў сістэме прафесійнай адукацыі, распрацоўцы сістэмы сертыфікацыі кваліфікацый, неабходна апрабаваць гэтыя мадэлі ў канкрэтных установах адукацыі, профілі якіх у падрыхтоўцы кадраў супадаюць з інавацыйнымі сектарамі эканомікі.
Так, напрыклад, у сферы прамысловасці дзейнасць філіяла РІПА “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе” накіравана на распрацоўку зместу прафесій і мадэлі іх падрыхтоўкі разам з Міністэрствам прамысловасці, вядучымі прадпрыемствамі станкабудавання і машынабудавання, профільнымі факультэтамі вышэйшых навучальных устаноў (МТЗ, Амкадор, Салеа і інш.). Аўтамабілебудаванне ахоплівае філіял РІПА “Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага”, дзейнасць якога скіравана на ўзаемадзеянне з Міністэрствам прамысловасці, прадпрыемствамі аўтамабілебудавання па ўдасканаленні падрыхтоўкі кадраў для зборкі, абслугоўвання і рамонту электробусаў і электрамабіляў (СЗАТ “БелДжы”, ААТ “МАЗ”, Белкамунмаш і інш.). У сферы будаўніцтва працуе філіял РІПА “Індустрыяльна — педагагічны каледж” разам з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва, Белбудцэнтрам і вядучымі прадпрыемствамі будаўнічай галіны, якія прымяняюць тэхналогіі энергаэфектыўнага і “разумнага” дома. У перапрацоўчай прамысловасці філіял РІПА “Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж” супрацоўнічае з канцэрнам “Белдзяржхарчпрам”, прадпрыемствамі па вытворчасці алкагольнай і безалкагольнай прадукцыі ў падрыхтоўцы кадраў для гэтай галіны, і на сённяшні дзень гэта пакуль адзіная ў краіне ўстанова, якая вядзе падрыхтоўку такіх кадраў. Развіццё транзітных калідораў і лагістыкі забяспечвае філіял РІПА “Гомельскі дзяржаўны дарожна-будаўнічы каледж імя Ленінскага камсамола Беларусі” ў цесным узаемадзеянні з прадстаўнікамі Міністэрства транспарту і камунікацый, ААТ “Белаўтадар”, вядучых кампаній дарожнага і маставога будаўніцтва з прымяненнем сучаснай тэхнікі, тэхналогій і матэрыялаў.
Павышэнне ўзроўню заработнай платы ў рэальным сектары эканомікі напрамую звязана з прадукцыйнасцю працы, якую можна павышаць, вызначыўшы для пачатку, на якім узроўні знаходзіцца кваліфікацыя работнікаў і наколькі яна адпавядае патрабаванням высокатэхналагічных вытворчасцей.
Кіраўніцтвам Міністэрства эканомікі неаднаразова адзначалася неабходнасць праводзіць прафесійную дыягностыку на прадпрыемствах для павышэння прадукцыйнасці працы. У сувязі з гэтым адным з найбольш значных элементаў узаемадзеяння сістэмы прафесійнай адукацыі і рынку працы з’яўляецца прызнанне кваліфікацый, атрыманых як ва ўстановах адукацыі, так і самастойна, альбо ва ўмовах вытворчасці. З гэтай мэтай адной з задач эксперыментальнага праекта на базе філіялаў РІПА з’яўляецца распрацоўка механізма і інструментаў сертыфікацыі кваліфікацый разам з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, з названымі галіновымі міністэрствамі, а таксама парадку стварэння і функцыянавання гэтых цэнтраў у нашай краіне.
Цэнтры сертыфікацыі кадраў, якія ствараюцца на галіновым узроўні, могуць выкарыстоўваць сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу філіялаў РІПА, што дасць магчымасць забяспечыць арганізацыю працы цэнтра на пастаяннай аснове з удзелам прадстаўнікоў галіны і ажыццяўляць ацэнку кампетэнцый кадраў з выдачай сертыфікатаў, якія пацвярджаюць адпаведнасць патрабаванням прадпрыемстваў галіны.
— Якія вынікі вы бачыце ад рэалізацыі гэтых напрамкаў? Ці будуць яны карысныя для нашай прафесійнай адукацыі, нашай эканомікі і дзяржавы ўвогуле?
— Названыя мерапрыемствы дазволяць удасканальваць механізмы ўзаемадзеяння сістэмы прафесійнай адукацыі і рынку працы; своечасова абнаўляць змест адукацыі па запатрабаваных прафесіях і перспектыўных спецыяльнасцях для прыярытэтных галін эканомікі, якія могуць вызначацца сектаральнымі саветамі па меры распрацоўкі прафесійных стандартаў; удасканальваць падрыхтоўку кадраў; удасканальваць механізмы сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі; развіваць дапрафесійную і прафесійную падрыхтоўку школьнікаў на базе ўстаноў прафесійнай адукацыі; забяспечыць пераход на незалежную ацэнку кваліфікацый, а таксама, улічваючы ўжо існуючы вопыт у правядзенні сертыфікацыі персаналу ў Рэспубліцы Беларусь, прадугледжваць паступовае ўдасканаленне сістэмы ацэнкі кваліфікацыі ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі, уключаючы прысваенне і пацвярджэнне кваліфікацыі, атрыманай як ва ўстановах адукацыі, так і ў выніку самаадукацыі. Гэта будзе спрыяць развіццю агульнага рынку працы для дзяржаў — удзельніц СНД, Мытнага саюза і Адзінага эканамічнага саюза і дасць магчымасць павысіць якасць адукацыйных паслуг, канкурэнтаздольнасць і інвестыцыйную прывабнасць айчынных прадпрыемстваў; атрымаць рэальную ацэнку прафесійнай прыдатнасці работніка і своечасова іх перанавучыць. Акрамя таго, гэта дазволіць павысіць узровень зацікаўленасці работніка ў павышэнні ўзроўню кваліфікацыі; забяспечыць супастаўнасць кваліфікацый айчынных работнікаў на міжнародным рынку працы пры стварэнні сумесных вытворчасцей.
Стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцей не носіць масавага характару і не патрабуе ломкі эфектыўнай сістэмы прафесійнай адукацыі, якая ў нас склалася і якая мае ў сваёй структуры раўнамерна размеркаваную па рэгіёнах краіны сетку ўстаноў адукацыі.
Кіраўнік дзяржавы ставіць задачу, каб сістэма прафесійнай адукацыі краіны была ўзорна-паказальнай. Для вырашэння гэтай задачы Міністэрствам адукацыі распрацаваны праект праграмы мадэрнізацыі сістэмы прафесійнай адукацыі да 2020 года, якая дазволіць на існуючым падмурку прафесійнай адукацыі развіваць сістэму, здольную забяспечыць інвестыцыйную прывабнасць і эканамічную бяспеку Рэспублікі Беларусь.
І нам трэба вырашаць гэтыя пытанні мэтанакіравана, узважана, улічваючы інтарэсы асобы, дзяржавы і эканомікі.
Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.