У адпаведнасці з мэтамі развіцця краіны

- 11:59Інфармацыйная гадзіна

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на мінулым тыдні правёў нараду з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта.

Прэзідэнт расставіў акцэнты на тым, як павінна весціся работа з нарматыўнымі актамі і дакументамі, якія кладуцца на стол кіраўніка дзяржавы.

“Самыя важныя палітычныя рашэнні прыняты на Усебеларускім народным сходзе. Цяпер іх трэба рэалізоўваць. Гэта размеркаванне паўнамоцтваў Прэзідэнта, рэферэндум па Канстытуцыі. Нагадаю, работа па нарматыўных прававых актах не павінна праводзіцца месяцамі. У нас на гэта няма часу”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што дакументы, якія кладуць на стол Прэзідэнта, павінны быць сур’ёзна прапрацаваны з улікам вывучэння альтэрнатыўных думак. “Гэта тычыцца і вузкаюрыдычных напрамкаў, і эканамічных пытанняў, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — Усе рашэнні па эканоміцы выпрацоўваюцца ў Савеце Міністраў. Яны павінны адпавядаць палітычнаму курсу краіны, мэтам развіцця дзяржавы, спрадвечным традыцыям і нашым нацыянальным інтарэсам”.

Аляксандр Лукашэнка таксама асабліва звярнуў увагу, што павінны выконвацца прынцыпы справядлівага стаўлення да людзей, роўных правоў і роўнасці ўсіх грамадзян перад законам. “Зыходзячы з гэтых крытэрыяў, Адміністрацыя і абавязана даваць экспертную ідэалагічную і прававую ацэнку ўсім дакументам, якія накіроўваюцца Прэзідэнту”, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Акрэсленыя задачы, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, неабходна ўлічваць у працэсе падрыхтоўкі нарад і мерапрыемстваў з удзелам Прэзідэнта: “Гэта публічная дзейнасць, ад якой залежыць разуменне людзьмі ўсёй нашай работы, іх уключэнне ў падзеі дзяржаўнага значэння”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што фігура Прэзідэнта заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі як на дзяржаўным, так і на асабістым узроўні. Таму і мерапрыемствы і графікі павінны быць адпаведныя. “Павінны быць акцыі сур’ёзныя з лагічным заканчэннем. Як гэта было, дапусцім, з акцыямі да 17 верасня. Не трэба драбніць”, — выказаў свае пажаданні Аляксандр Лукашэнка.

Асобна кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што фактаў валакіты ў прыняцці і рэалізацыі важных дзяржаўных рашэнняў быць не павінна.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што часам прымаецца вуснае рашэнне аб неабходнасці штосьці зрабіць. І яму трэба толькі аператыўна надаць юрыдычную форму, прапісаць ва ўказ або распараджэнне. Аднак часам работа можа стопарыцца і адпраўляцца на новы круг літаральна з-за коскі.

У гэтым плане ён прывёў прыклад раней дадзеных даручэнняў па навядзенні парадку ў рабоце індывідуальных прадпрымальнікаў: “Ну, прынята рашэнне: трэба ўпарадкаваць. Не выразаць, а ўпарадкаваць. Пачалася валакіта. І пайшлі меркаванні: а, тут хочуць грошы адабраць, у бюджэце грошай няма, і нас (іпэшнікаў. — Заўвага БелТА.) выразаць хочуць як клас. І пайшло-паехала. Але ж гэта зусім не так. А чаму? Таму што своечасова не рэалізавалі даручэнне Прэзідэнта”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што чакае якасных змяненняў у рабоце ідэалагічнай вертыкалі.

“Што тычыцца ідэалагічнай работы, сваё стаўленне да таго, як яна праводзіцца, я не раз выказваў. І гаварыў аб ідэолагах. Гэта штучны тавар, гэта рэдкасць. І іх трэба бачыць. І пасля мінулагодніх падзей мы іх заўважылі, яны ўсе відаць. Галоўнае — іх цяпер задзейнічаць, яны гатовы працаваць. Я ў гэтым плане чакаю якасных значных змяненняў”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Ідэалагічныя праблемы і прабелы вы ведаеце. Цалкам правалена работа з грамадскімі арганізацыямі. У першую чаргу такімі, як БРСМ, “Белая Русь”, — абазначыў праблематыку кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар адзначыў, што работа з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі павінна быць актывізавана.

“Выбранне новага кіраўніка БРСМ (у жніўні гэтага года ім стаў Аляксандр Лук’янаў. — Заўвага БелТА.). Я ўжо гаварыў кіраўніку Адміністрацыі: калі мы яму цяпер не дапаможам з напрамкамі дзейнасці БРСМ, мы зноў будзем гаварыць: ды нічым не займаюцца! І пайшло-паехала. Дык з імі трэба працаваць, як працаваў ЦК з намі. Я быў у структуры кіруючых кадраў камсамола. Кожны дзень праз дарогу хадзілі і іх арыентавалі на гэта. Ды і мне давялося займацца, калі я аднаўляў гэтую арганізацыю, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Больш-менш нешта адрадзілі. Але рухацца трэба. Трэба вызначыць напрамкі іх работы, каб гэта моладзь у БРСМ разумела, што так, вось у нас ёсць 12 або 6 напрамкаў, па якіх будзем працаваць”.

Паводле слоў Прэзідэнта, некаторыя такія напрамкі ўжо вызначыліся. У іх ліку студатрадаўскі рух. “Добры рух. Людзі працуюць, карысць бачаць. Хто хоча зарабіць, нешта зарабляе. “100 ідэй для Беларусі”. Навукова-творчы рух — яго трэба развіваць. Валанцёрскі рух — дапамога старым і гэтак далей і да таго падобнае. Добры рух. Ну і яшчэ шэраг напрамкаў трэба ўзяць з вопыту. І нейкія крэатыўныя напрамкі — тое, што цяпер актуальна для моладзі”, — пералічыў Аляксандр Лукашэнка.

“Але трэба сесці і падумаць. Гэта як работа над Канстытуцыяй. Толькі, можа, крыху ўзроўнем ніжэй. Правесці мазгавую атаку і вызначыцца”, — сказаў Прэзідэнт.

Ён расказаў, што атрымаў чарговы даклад аб рабоце ў студэнцкіх калектывах і сітуацыі ў студэнцкіх супольнасцях. “Так, гэта не тое, што было ў мінулыя разы. Зусім іншая сітуацыя. Ну дык што, супакоіліся? Усё будзе добра… Хоць ёсць там ачагі пэўныя. Дык трэба працаваць у студэнцкіх калектывах. Трэба з імі размаўляць, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы ж ужо маем вопыт тэрытарыяльных дыялогавых пляцовак. А чаму да студэнтаў не пайсці і не арганізаваць гэтыя дыялогавыя пляцоўкі і там з імі не пагаварыць, не паслухаць іх? Ну ўсе ж былі студэнтамі. У кожнага студэнта гарыць-бурліць. Часам 50 працэнтаў не туды, але гэта іх меркаванне. І мы павінны знайсці 50 працэнтаў карыснага для краіны і вылучыць з гэтых студэнцкіх калектываў”.

Таксама кіраўнік дзяржавы нагадаў аб неабходнасці правядзення далейшай работы па пераразмеркаванні ўладных паўнамоцтваў.

“Калі б своечасова ўзяліся за пераразмеркаванне паўнамоцтваў органаў улады, можа, і размоў па Канстытуцыі не было б. Але ў рэшце рэшт трэба раз і назаўсёды вызначыцца, што з Прэзідэнта праз чвэрць стагоддзя трэба знімаць асноўныя нагрузкі, яму неўласцівыя як кіраўніку дзяржавы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што неабходна максімальна данесці і растлумачыць людзям, якія дзяржаўныя органы адказныя за тыя ці іншыя пытанні.

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што работа з людзьмі, вырашэнне праблем, з якімі яны ідуць да чыноўнікаў, павінна быць на асаблівым кантролі, як і выкананне даручэнняў Прэзідэнта.