У адзінстве інтарэсаў

Рэдакцыю “Настаўніцкай газеты” наведала намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка. У час сустрэчы з галоўным рэдактарам газеты Вадзімам Аляксандравічам Кнышавым вызначаліся новыя шляхі ўзаемадзеяння “Настаўніцкай газеты” з Міністэрствам адукацыі ў асвятленні найбольш актуальных кірункаў дзейнасці нацыянальнай сістэмы адукацыі, у папулярызацыі педагагічнай прафесіі. Раіса Станіславаўна адказала на шэраг пытанняў, якія паступілі падчас прамой лініі.

— Ці плануецца ў бліжэйшы час увядзенне незалежнай атэстацыі пасля заканчэння 9 класаў?

— Сапраўды, Міністэрства адукацыі плануе змяніць форму правядзення атэстацыі пасля заканчэння 9 класаў. Мяркуецца, што гэта будзе незалежная атэстацыя, якая заключаецца ў тым, што правяраць выкананыя экзаменацыйныя работы будуць не тыя настаўнікі, якія працуюць у той жа школе, а з іншых. Галіновым міністэрствам быў праведзены эксперымент па незалежнай атэстацыі, новая мадэль была апрабавана ў час правядзення рэспубліканскіх кантрольных работ. Пасля таго, як Нацыянальны інстытут адукацыі разам з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі падвядуць вынікі эксперыментальнай работы, рабочая група, якая ўжо створана, падрыхтуе праект новай формы правядзення атэстацыі. Пасля дакладнага абмеркавання праекта з усімі зацікаўленымі, непасрэдна з педагогамі, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, бацькамі, будзе прынята адпаведнае рашэнне. Папярэдне ўвядзенне незалежнай атэстацыі пасля заканчэння 9 класаў плануецца ў 2019-2020 навучальным годзе. За год або паўтара будзе аб гэтым абвешчана.

— Калі можна будзе азнаёміцца з тыпавым вучэбным планам на новы навучальны год?

— Тыпавы вучэбны план падрыхтаваны, ён праходзіць апошнія ўзгадненні з адпаведнымі міністэрствамі і ведамствамі, і ў пачатку мая ўсе навучальныя ўстановы атрымаюць гэты дакумент.

— У загадзе Міністэрства адукацыі № 87 ад 6 лютага гэтага года закладзена норма аб забеспячэнні максімальнага ахопу навучэнцаў 10 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прафесійнай падрыхтоўкай на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Ці магчыма ажыццяўляць гэтую падрыхтоўку на базе саміх школ?

— У дакуменце асноўны ўпор зроблены на забеспячэнне максімальнага ахопу дзесяцікласнікаў прафесійнай падрыхтоўкай, каб яны як мага раней маглі зрабіць свой прафесійны выбар і засвойваць прафесійныя навыкі той ці іншай прафесіі. У тых школах, дзе ёсць умовы для прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў, у тым ліку адпаведныя вучэбныя майстэрні, неабходнае абсталяванне і, што самае галоўнае, кадравы педагагічны склад, можна такую работу праводзіць на месцы. Але калі некаторыя ўстановы гэтых умоў не маюць, ім на дапамогу павінны прыйсці навучальныя ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Адпаведная пастанова па арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі ўжо распрацавана і знаходзіцца на зацвярджэнні ў адпаведных структурах.

— Ці магчыма пры новым статусе гімназій адкрываць там базавыя класы?

— У школе могуць быць базавыя 10—11 класы. У гімназіі базавых класаў не можа быць, функцыянуюць толькі тыя, дзе на павышаным узроўні вывучаюцца вучэбныя прадметы.

— Ці зацверджаны ўжо галіновым міністэрствам даты завяршэння навучальнага года і правядзення выпускных іспытаў? Калі прагучыць апошні званок?

— Так, гэтыя даты ўжо зацверджаны Інструктыўна-метадычным пісьмом Міністэрства адукацыі ад 16 сакавiка 2018 года “Аб завяршэнні 2017/2018 навучальнага года і правядзенні выпускных экзаменаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Навучальны год завершыцца 31 мая, а ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя святу “Апошні званок”, для навучэнцаў выпускных класаў адбудуцца 30 мая.

Выпускныя экзамены па завяршэнні навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі пройдуць з 1 па 9 чэрвеня.

Абавязковыя пісьмовыя іспыты па вучэбных прадметах “Беларуская мова”, “Руская мова” і “Матэматыка” выпускнікі 9-х класаў будуць здаваць 2, 5, 7 чэрвеня.

Выпускнікоў 11-х класаў чакаюць чатыры абавязковыя экзамены. Пісьмовыя іспыты па рускай або беларускай мове (па выбары навучэнца) і матэматыцы пройдуць 1, 4 і 6 чэрвеня. Таксама адзінаццацікласнікам трэба будзе здаць экзамены па замежнай мове і гісторыі Беларусі.

Выпускныя вечары для навучэнцаў 11 (12) класаў рэкамендуецца правесці 9—10 чэрвеня.

Пашыраецца магчымасць развіваць свае здольнасці

— Ці плануюцца змяненні ў правядзенні выпускных экзаменаў ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі па завяршэнні навучання і выхавання на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі ў 2019 го­дзе?

— Згодна з пунктам 4 артыкула 165 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, пералік вучэбных прадметаў, па якіх праводзяцца выпускныя экзамены, формы іх правядзення ўстанаўліваюцца Міністэрствам адукацыі штогод да пачатку навучальнага года. Уносіць змяненні ў правя­дзенне выпускных экзаменаў ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў 2019 годзе па завяршэнні навучання і выхавання на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі не плануецца. Нагадаю, што па завяршэнні навучання і выхавання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі прадугле­джана правядзенне трох абавязковых выпускных экзаменаў: па рускай мове (дыктант), беларускай мове (дыктант), матэматыцы (кантрольная работа). Па завяршэнні навучання і выхавання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжаны 4 абавязковыя выпускныя экзамены: (па выбары навучэнцаў) руская або беларуская мова (пераказ), матэматыка (кантрольная работа), гісторыя Беларусі (вусна), замежная мова (вусна).

— Ці будзе дадзена права рэалізацыі дадатковай адукацыі дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі, як гэта ёсць на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі?

— Так, такое права будзе дадзена. У праекце Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі” ўстаноўлена магчы­масць арганізоўваць ва ўстановах дашкольнай адукацыі гурткоў і іншых форм работы для развіцця здольнасцей дзяцей у рамках рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, аказваць шырокі спектр платных адукацыйных паслуг (пункт 1 артыкула 137).

— Паколькі 28 жніўня заканчваецца прыём дакументаў ва ўстанову адукацыі, як быць дзіцяці, калі яно не трапляе на свабоднае месца ў выбраную па жаданні ўстанову, а яго месца ва ўстанове, згодна з пражываннем, на 28 жніўня ўжо занята?

— У адпаведнасці з Палажэннем “Аб парадку арганізацыі ўліку дзяцей, якія падлягаюць навучанню на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі” (пастанова Савета Міністраў № 1493 ад 8 лістапада 2006 года), установы агульнай сярэдняй адукацыі выканаўчым камітэтам штогод фарміруюць спісы дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыі мікрараёна, замацаванага за дадзенай навучальнай установай, і якія падлягаюць навучанню на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Такім чынам, кіраўнік навучальнай установы мае спіс дзяцей, бацькі якіх павінны падаць дакументы для залічэння іх у 1 клас. Пры прыёме асоб для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі кіраўнік у першую чаргу абавязаны прыняць менавіта тое дзіця, якое пражывае ў мікрараёне навучальнай установы, і дадзенае месца не можа быць занята дзіцем з іншага мікрараёна. Гэтае пытанне павінна адсочвацца намеснікам дырэктара, які ажыццяўляе кантроль за ходам прыёму дакументаў у 1-я класы.

У адпаведнасці з пунктам 116 Палажэння аб установе агульнай сярэдняй адукацыі (пастанова Міністэрства адукацыі № 283 ад 20 снежня 2011 года), загад аб прыёме (залічэнні) асоб у лік навучэнцаў школ павінен быць выдадзены не пазней за 31 жніўня года прыёму.

PISA прадэманструе выніковасць нашай сістэмы адукацыі

— Ці будуць улічвацца вынікі міжнароднага тэсціравання навучэнцаў PISA пры выпрацоўцы Міністэрствам адукацыі стратэгіі і тактыкі развіцця школьнай адукацыі?

— PISA з’яўляецца параўнальным міжнародным даследаваннем, якое дае адказы на шэраг пытанняў. Па-першае, які ўзровень дасягненняў паказваюць нашы навучэнцы ў канкрэтнай галіне ведаў у параўнанні з навучэнцамі іншых краін. Па-другое, што школьныя сістэмы іншых краін робяць лепш. Падчас даследавання РISA ацэньваецца функцыянальная пісьменнасць (матэматычная, прыродазнаўчанавуковая, чытацкая) навучэнцаў. У 2018 годзе ў рамках PISA ацэньваецца чытацкая пісьменнасць. Да цяперашняга часу наша краіна ні разу не ўдзельнічала ні ў адной міжнароднай праграме кантролю (маніторынгу) ведаў навучэнцаў. Уд зел Беларусі ў праграме па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў можа мець шэраг пераваг. Па-першае, магчымасць аб’ектыўнай ацэнкі ўзроўню падрыхтоўкі 15-гадовых падлеткаў па распрацаванай і апрабіраванай методыцы (адкрытай для яе абмеркавання і адаптацыі да нацыянальных умоў функцыянавання сістэмы адукацыі), што істотна эканоміць рэсурсы краіны пры яе выкарыстанні. Па-другое, гэта дэманстрацыя ступені выніковасці беларускай агульнай сярэдняй адукацыі на міжнародным рынку адукацыйных паслуг, а таксама дэманстрацыя адкрытасці і гатоўнасці беларускіх спецыялістаў да супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, што станоўча паўплывае на імідж нашай краіны.

Акрамя таго, вынікі могуць ста ць асновай для ўдасканалення якасці сярэдняй адукацыі і спрыяць скарачэнню разрыву, традыцыйнага для нашай сістэмы адукацыі, паміж патрабаваннямі да яе ў сярэдняй і вышэйшай школе.

Таму, безумоўна, вынікі міжнароднага тэсціравання навучэнцаў PISA будуць даследаваны Міністэрствам адукацыі для аналізу фактараў, якія ўплываюць на ўзровень ведаў і ўменняў навучэнцаў, а таксама для выяўлення адрозненняў паміж адукацыйнымі сістэмамі краін і тлумачэння вынікаў выканання тэстаў навучэнцамі.

— Ці мае намер Міністэрства адукацыі пры пераходзе да інклюзіўнай адукацыі да 2020 года захаваць для бацькоў дзіцяці з АПФР права выбару формы арганізацыі адукацыйнага працэсу (спецыяльны клас, інтэграваны клас, інклюзіўны клас ці навучанне дома)?

— Такі выбар захаваецца. Развіццё інклюзіўнай адукацыі не выключае, а спрыяе больш поўнай рэалізацыі права бацькоў на выбар формы арганізацыі адукацыйнага працэсу для іх дзяцей.

— Удакладніце, калі ласка, ці плануецца распрацаваць новую вучэбную праграму для арганізацыі работы з дзецьмі 6-гадовага ўзросту, якія не наведваюць дашкольную ўстанову?

— Змест адукацыйнага працэсу для дадзенай узроставай катэгорыі прадстаўлены ў вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі № 133 ад 27.11.2012. Дадзены змест рэалізуецца не толькі ва ўстановах дашкольнай адукацыі, але і пры арганізацыі адукацыйных паслуг для дзяцей, якія не наведваюць іх на пастаяннай аснове.

Цяпер падрыхтаваны новы варыянт вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, які праходзіць апрабацыю. Плануецца, што ўстановы дашкольнай адукацыі нашай краіны пачнуць працаваць па гэтай праграме з 2019/2020 навучальнага года. Асобныя аспекты падрыхтоўкі дзяцей да школы таксама знойдуць адлюстраванне ў тыпавых праграмах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Набліжаюцца выпускныя экзамены

— Якім чынам выстаўляецца выніковая адзнака па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Руская мова”, калі гадавая адзнака ў вучня, напрыклад, выстаўлена “7”, а на выпускным экзамене ён атрымаў “6/7”, або “7/6”, або “7/5”? А калі гадавая адзнака “6”, то пры тых жа экзаменацыйных адзнаках што можа быць выстаўлена вучню ў якасці выніковай адзнакі?

— Пры праверцы экзаменацыйных работ вучняў пасля завяршэння навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбных прадметах “Беларуская мова”, “Руская мова”, “Мова нацыянальнай меншасці” выкарыстоўваюцца тыя ж падыходы, што і пры праверцы кантрольных работ (дыктантаў або пераказаў). Колькасць памылак запісваецца дробам: у лічніку паказваецца колькасць памылак па змесце і маўленчых памылак, у назоўніку — колькасць арфаграфічных, пунктуацыйных і граматычных памылак. Адпаведна, выстаўляецца дзве адзнакі, якія маюць аднолькавую значнасць.

Разгледзім першы выпадак, калі гадавая адзнака складае 7 балаў. З улікам раўнацэннасці абедзвюх выстаўленых адзнак (за маўленчае афармленне і пісьменнасць) пры экзаменацыйных адзнаках “6/7” і “7/6” вучню выстаўляецца выніковая адзнака “7” (сярэдняе арыфметычнае ўсіх трох адзнак складае 6,7 бала), пры экзаменацыйнай адзнацы “7/5” выстаўляецца выніковая адзнака “6” (сярэдняе арыфметычнае складае 6,3 бала).

У другім выпадку, калі гадавая адзнака роўная 6 балам, пры экзаменацыйных адзнаках “6/7” або “7/6” выстаўляецца выніковая адзнака “6” (сярэдняе арыфметычнае ўсіх трох адзнак складае 6,3 бала), пры экзаменацыйнай адзнацы “7/5”выніковая адзнака складае “6”(сярэдняе арыфметычнае ўсіх трох адзнак складае 6 балаў).

Трэба звярнуць увагу, што ў выпадку рознагалоссяў памiж членамi экзаменацыйнай камiсii пры ацэньванні пісьмовай работы, а таксама пры выстаўленні выніковай адзнакі пытанне вырашаецца большасцю галасоў з абавязковым запiсам у пратакол выпускнога экзамену меркаванняў членаў камісіі, якія не згодныя з выстаўленай адзнакай. Пры роўнай колькасцi галасоў перавага аддаецца прапанове на карысць вучня (пункт 83 Правіл правядзення атэстацыі навучэнцаў пры засваенні адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаных пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 20.06.2011 № 38).

— Выпускныя экзамены праводзяцца ў перыяд з 1 па 9 чэрвеня. Вучань 11 класа 2 чэрвеня здаў выпускны экзамен па вучэбным прадмеце “Матэматыка”, пасля чаго захварэў і быў шпіталізаваны. Паводле даведкі, ён паправіўся 9 чэрвеня. Ці можа гэты вучань быць вызвалены ад выпускных экзаменаў па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Руская мова”?

— Можа, але толькі ў выпадку, калі яму выдадзена заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі аб вызваленні ад выпускных экзаменаў на падставе Пераліку захворванняў, якія з’яўляюцца падставай для вызвалення ад выпускных экзаменаў, зацверджанага Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь. У гэтым выпадку па ўказаных вучэбных прадметах вучню ў якасці выніковых адзнак будуць выстаўлены гадавыя адзнакі.

Аднак вучню неабавязкова можа быць выдадзена заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі. У гэтым выпадку яму неабходна будзе здаць выпускныя экзамены па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Руская мова”. Зрабіць гэта можна ў перыяд да 10 ліпеня (пункт 88 Правіл правядзення атэстацыі навучэнцаў пры засваенні адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаных пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 20.06.2011 № 38). Пасля здачы ўсіх выпускных экзаменаў вучню ва ўстаноўленым парадку выдаецца дакумент аб адукацыі — пасведчанне аб агульнай базавай адукацыi (або пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай).

Трэба звярнуць увагу на тое, што пры змене тэрмінаў правядзення выпускных экзаменаў патрабаванні да іх правядзення такія ж, як і ў асноўны перыяд.

Трэба ўдасканальваць методыку выкладання замежнай мовы

— У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Палажэння аб установе агульнай сярэдняй адукацыі напаўняльнасць вучэбных груп пры вывучэнні замежнай мовы ў новым навучальным годзе павінна скласці не менш за 9 чалавек (цяпер дзейнічае норма напаўняльнасці ад 6 да 10 чалавек). Такім чынам, аб’ектыўна скарачаецца колькасць вучэбных гадзін, выдзеленых на настаўнікаў замежных моў. Адпаведна, можна гаварыць пра напружанасць на рынку працы за кошт педагагічных работнікаў такой катэгорыі і зніжэння ўзроўню іх заработнай платы. Што прапаноўвае Міністэрства адукацыі з мэтай нівеліраваць названыя праблемы?

— Пытанні дзялення класа на групы і іх напаўняльнасці павінны вырашаць непасрэдна ўстановы адукацыі разам з органамі кіравання адукацыяй у адпаведнасці з існуючай нарматыўнай базай. Разам з тым трэба разумець, што напаўняльнасць падгруп — гэта не галоўная ўмова якасці навучання замежнай мове. У некаторых школах пры невялікай напаўняльнасці падгруп якасць засваення мовы пакідае жадаць лепшага. У першую чаргу трэба ўдасканальваць методыку выкладання замежнай мовы, прымяняць сучасныя камунікатыўныя методыкі. Мы на гэтую праблему глядзім комплексна, а не толькі з пункту гледжання дзялення на падгрупы і іх напаўняльнасці. І ніякіх рэвалюцыйных дзеянняў у гэтым напрамку не будзе. Скарачэння колькасці настаўнікаў замежнай мовы мы не чакаем. Новыя формы палажэння не забараняюць дзяліць клас на тры групы пры напаўняльнасці ад 27 чалавек.

— Нядаўна ў адным са сваіх выступленняў міністр адукацыі І.В.Карпенка анансаваў увядзенне незалежнага экзамену пасля завяршэння навучання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Хацелася б даведацца: гэта будуць 4 экзамены або адзін, які ўтрымлівае пытанні па розных вучэбных дысцыплінах? Калі так, то якія прынцыпы фарміравання зместу экзамену? Якія вучэбныя дысцыпліны ў яго ўвойдуць?

— У адпаведнасці з даручэннем, якое прагучала на Рэспубліканскім педагагічным савеце, распрацоўваюцца новыя падыходы да правядзення выніковай атэстацыі навучэнцаў пасля завяршэння навучання і выхавання на ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Пытанне патрабуе дэталёвай прапрацоўкі. Абавязкова будуць улічаны і міжнародныя падыходы да правядзення выніковай атэстацыі навучэнцаў агульнай сярэдняй адукацыі. Цяпер вядзецца работа над распрацоўкай механізма і зместу незалежнай выніковай атэстацыі. Гэтыя пытанні адпрацоўваюцца спецыялістамі Нацыянальнага інстытута адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі разам з педагагічнай грамадскасцю. Усе зацікаўленыя будуць загадзя праінфармаваны пра новаўвядзенні ў сістэме адукацыі, тэрміны і механізм іх рэалізацыі.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *