— Сучаснасць патрабуе ад педагогаў новых падыходаў да арганізацыі адукацыйнага працэсу, пошуку эфектыўных форм работы з вучнямі, якія пашыраюць іх веды, павышаюць матывацыю да вучобы, стымулююць творчую актыўнасць, выхоўваюць маральную культуру і забяспечваюць паспяховую сацыялізацыю, — лічыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Генадзьеўна Дзядзюк з брэсцкай гімназіі № 6 імя маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава. — Адным са шляхоў вырашэння гэтых задач з’яўляецца стварэнне адзінай сістэмы ўрочнай і пазаўрочнай работы па вучэбных прадметах, паколькі вывучэнне любой праграмнай тэмы можа быць працягнута ў пазакласнай дзейнасці. Галоўная задача настаўніка — зацікавіць вучняў пэўным прадметам. З улікам гэтага ў гімназіі на працягу шэрага гадоў рэалізоўваецца праграма пазакласнай работы па вучэбных прадметах, мэта якой заключаецца ва ўдасканаленні дзейнасці педагогаў па развіцці інтэлектуальных і творчых здольнасцей дзяцей.
Сутнасць праграмы ў тым, што пры планаванні і ажыццяўленні пазакласнай работы кожны настаўнік выбірае такія формы мерапрыемстваў, якія не толькі дапамагаюць у вырашэнні практычных адукацыйных і выхаваўчых задач, але і значна эканомяць час, адпавядаюць патрэбам дзяцей і добра спалучаюцца з усёй сістэмай адукацыйнага працэсу: дзень здароўя, гульнятэка, эканамічны КВЗ, калектыўныя творчыя справы, паэтычная вечарына, літаратурна-гістарычны часопіс, інтэлектуальны турнір, гульня, завочнае і віртуальнае падарожжа, літаратурна-музычная гасцёўня, матэматычнае шоу, кірмаш ідэй і інш.
— Усе мерапрыемствы праводзяцца ў шосты школьны дзень, у іх удзельнічаюць вучні 1—11 класаў, — расказвае С.Г.Дзядзюк. — Тэматыка мерапрыемстваў адпавядае перыядам ідэалагічнай і выхаваўчай работы гімназіі: першая чвэрць — “Беларусь — мая Айчына”, другая чвэрць — “Юныя жукаўцы”, трэцяя чвэрць — “Дзіўны свет ведаў і творчасці”, чацвёртая чвэрць — “Памяць мне стукае ў сэрца”. Кожны настаўнік на працягу навучальнага года праводзіць адно суботняе мерапрыемства для адной-дзвюх паралелей, а кожнае метадычнае аб’яднанне ладзіць адзін раз у год на працягу суботняга дня цыкл мерапрыемстваў для ўсёй установы. Мерапрыемствы рыхтуюцца загадзя. У іх актыўна ўдзельнічаюць вучні і бацькі, якія ствараюць прэзентацыі, творчыя праекты і нумары, наглядныя матэрыялы, касцюмы і інш. Пазакласныя мерапрыемствы вылучаюцца арыгінальнасцю метадычнай ідэі, нестандартнымі падыходамі, эфектыўным выкарыстаннем ІКТ, высокім узроўнем пазнавальнай актыўнасці і вучэбнай матывацыі дзяцей, што станоўча ўплывае на якасць правядзення гэтых мерапрыемстваў. Радуе, што ў іх удзельнічае шмат вучняў. Гімназічныя мерапрыемствы з задавальненнем наведваюць мамы, таты, бабулі і дзядулі.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.