У адзіным сеткавым выданні

- 15:21Адукацыйныя праекты

Педагагічнаму грамадству прадстаўлена абноўленая версія сеткавага выдання
NG­-PRESS.BY, самага маладога з усіх выданняў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”.

З самага пачатку існавання выдання, з 2019 года, з яго дапамогай пашырылася інфармацыйная прастора адукацыйнай сферы, бо яго кантэнт — не толькі журналісцкі прадукт, але ў значнай ступені і вынік работы аўтараў публікацый — настаўнікаў, выхавальнікаў, кіраўнікоў у сферы адукацыі.

Сцэнарыі ўрокаў, заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў, выкарыстанне ІКТ, пазакласная і прафарыентацыйная работа, цікавыя ідэі і педагагічныя лайфхакі — усё гэта вынік працы педагогаў, які знайшоў месца на партале і стаў значнай падмогай калегам.

Зараз толькі раздзел “Метадычка” змяшчае амаль 600 матэрыялаў, а гэта распрацоўкі ўрокаў па самых розных прадметах і вопыт выкарыстання разнастайных форм работы. Усяго ж на рэсурсе больш як 5 з паловай тысяч публікацый. Прыводзім лічбы як адзін з паказчыкаў таго, што рэсурс запатрабаваны і ў яго добрыя перспектывы развіцця.

Нязменнай каштоўнасцю для сеткавага выдання застаецца асоба педагога.

А наперадзе — шмат планаў. Хочацца пашырыць кантэнт выдання і даць карыстальнікам магчымасць як працаваць на нашым партале (публікавацца і выкарыстоўваць вопыт калег), так і адпачываць — знаёміцца з цікавымі падзеямі ў адукацыйнай сферы, чытаць цікавыя гісторыі, дзяліцца сваім хобі і даведвацца пра хобі іншых. Плануецца распрацаваць і карысны практычны раздзел, у якім будуць сабраны блогі настаўнікаў. Ёсць намер стварыць свое­асаблівую школу для навучэнцаў, якія цікавяцца журналістыкай, і педагогаў дадатковай адукацыі, якія займаюцца з дзецьмі ў гуртках журналісцкага кірунку. Рубрыка “Клуб юных журналістаў” хутка папоўніцца тэарэтычным матэрыялам па асновах журналістыкі і журналісцкім майстэрстве, а таксама цікавымі творчымі заданнямі, якія дазволяць падмацаваць тэорыю практыкай. Вядома ж, калектыў выдання будзе працягваць работу і над важнымі для карыстальнікаў пытаннямі: кантэнтам, візуальным успрыманнем як асобных рубрык, матэрыялаў, так і партала ўвогуле, зручнасцю карыстання і інш.

Безумоўна, нязменнай каштоўнасцю для сеткавага выдання застаецца асоба педагога. Цікавяць вашы запыты. Хочацца разам рабіць прадукт, які будзе насамрэч карысным і цікавым. Калі ёсць прапановы і ідэі, з задавальненнем іх абмяркуем. Пішыце ці звяртайцеся па тэлефонах, якія ўказаны на галоўнай старонцы інтэрнэт-рэсурсу.

Упэўнены: многія з чытачоў “Настаўніцкай газеты” з’яўляюцца таксама і карыстальнікамі сеткавага рэсурсу NG-PRESS.BY. Калі яшчэ не — заходзьце па адрасе https://ng-press.by.

Наталля ЛУТЧАНКА.