У адзіным стылі — да школы будучыні

- 10:49Адукацыйная прастора

З 2017/2018 навучальнага года ва ўстановах адукацыі Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці ў рамках рэалізацыі праекта “Школа будучыні” школьная форма навучэнцаў будзе мець адзін абавязковы элемент, арыгінальны для кожнай установы.

…Вясёлыя і адпачнуўшыя спяшаюцца вучні Велікаэйсмантаўскай сярэдняй школы ў родную ўстанову. Доўгачаканыя сустрэчы з аднакласнікамі і настаўнікамі, новыя сшыткі і падручнікі, адрамантаваныя, з лёгкім пахам фарбы вучэбныя кабінеты — усё гэта штогадовыя традыцыйныя прыемныя элементы пачатку навучальнага года. Але верасень 2017 года вылучаецца яшчэ адной інтрыгуючай навіной, абмеркаванне якой бурна праходзіла ўсё лета: як будуць выглядаць навучэнцы школы ў новай школьнай форме. Камізэлькі цёмна-сіняга колеру з эмблемай школы як элемент адзінага дзелавога стылю выраблены па індывідуальным заказе для ўсіх 109 навучэнцаў установы адукацыі.

У школе заўсёды строга прытрымліваліся дзелавога стылю адзення. А ў новым навучальным годзе, абапіраючыся на рэкамендацыі аддзела адукацыі, спорту і турызму Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта, вырашылі дадаць адзіны элемент у вопратку навучэнцаў установы адукацыі — і ў дзяўчынак, і ў хлопчыкаў усіх класаў будуць аднолькавыя камізэлькі са школьнай эмблемай.

У канцы 2016/2017 навучальнага года былі праведзены агульнашкольны бацькоўскі сход, сход навучэнцаў, падчас якіх абмеркавалі магчымыя варыянты школьнай формы, прагледзелі розныя ўзоры, вызначыліся з колерам. Рашэнне замацавалі на пасяджэннях савета школы, папячыцельскага савета і бацькоўскага камітэта. У маі былі зняты меркі з усіх дзяцей, а ў сярэдзіне жніўня прадстаўнікі ААТ “Сілуэт”, які шые форму, ужо прывезлі яе. На працягу двух дзён усе камізэлькі былі аддадзены дзецям.

Для бацькоў галоўным аргументам на карысць адзінага элемента школьнай формы навучэнцаў стала тое, што дзеці ў школе павінны не толькі знаходзіцца ў аднолькавых умовах навучання, але і мець магчымасць выглядаць на адным матэрыяльным узроўні, бо дастатак у сем’ях розны.

Новай формай адзення дзяўчынкі і хлопчыкі з Вялікіх Эйсмантаў задаволены. Яны лічаць, што гэта зручна і камфортна, а таксама ўпэўнены, што будуць выглядаць прыгожа і стыльна на працягу ўсяго навучальнага года.

Галіна МАКЕДОН,
дырэктар Велікаэйсмантаўскай сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна.