Выхавальнік ясляў-сада № 78 Гродна Таццяна Аляксееўна Літвінчык у 2014 годзе прымала ўдзел у фінале Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” і заняла 2-е месца ў намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Яна выступала на конкурсе з вопытам работы па фарміраванні ведаў аб экалагічнай культуры ў дашкольнікаў з прымяненнем тэхналогіі ТРВЗ (тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач). Сёння Таццяна Аляксееўна — кіраўнік абласнога рэсурснага цэнтра па выкарыстанні гэтай тэхналогіі. Яна актыўна дзеліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі, выдае вучэбныя дапаможнікі.
Да дзяцей з адкрытым сэрцам
Выхавальнікам у дзіцячы сад Таццяна Аляксееўна Літвінчык уладкавалася ў 1987 годзе. Думала, часова, пакуль не падрасце сынок, які наведваў установу. Яна марыла аб рабоце ў школе. Па адукацыі Таццяна Аляксееўна гісторык, скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Але мінула ўжо шмат гадоў, а яна па-ранейшаму “дашкольніца”. Усе тонкасці выхавання самых маленькіх асвойвала на практыцы. Шмат чытала, павышала кваліфікацыю, удзельнічала ў метадычных мерапрыемствах, педагагічных нарадах, семінарах і г.д. Многаму навучылі калегі, перш за ўсё таму, чаго немагчыма спасцігнуць шляхам самаадукацыі і прачытаць у кнігах. І зразумела, дзеці заўсёды натхняюць педагога да прафесійнага развіцця, пошуку адказаў на бясконцыя “чаму?”.
“Прывяду некалькі прыкладаў, — гаворыць Таццяна Аляксееўна. — Выпаў першы снег і адразу ж пачаў раставаць. Адзін з хлопчыкаў моцна расплакаўся, маўляў, зіма заканчваецца, а мы зусім не пагулялі ў снежкі. Ён доўга не мог супакоіцца. Каб суцешыць хлопчыка, я расказала яму цікавую гісторыю пра Дзеда Мароза. А напярэдадні Новага года мае выхаванцы здзівілі мяне сваімі сур’ёзнымі разважаннямі пра тое, якія адносіны Дзед Мароз падтрымлівае з Богам. Я далучылася да іх філасофскіх размоў. “Напэўна, яны кантактуюць, — прыйшлі да высновы малышы, — таму што абодва выконваюць запаветныя жаданні”. Нядаўна мы паўтаралі з дзецьмі назвы колераў. Я папрасіла малышоў вызначыць колер, а ён быў ружовы. На што адзін з хлопчыкаў адказаў: “Дзявочы”. Вось так, у атмасферы шчырасці і нязмушанасці, праходзіць кожны мой дзень у дзіцячым садзе. Малышы раскрываюцца па-сапраўднаму, калі ісці да іх з адкрытым сэрцам.
Ад эмоцый і пачуццяў пераходжу да навукова абгрунтаваных ведаў, дакладных фактаў, якія імкнуся ўдакладняць і пераправяраць. Ці есць, напрыклад, вожык яблыкі, як напісана ў казках? А зайчык на самай справе такі белы і пушысты? Адкрываем энцыклапедыю і бачым, што казка і рэальнасць не заўсёды супадаюць. Дзеці вельмі здзіўляюцца гэтаму”.
Аналітыкі і генератары ідэй
ТРВЗ-тэхналогія, якую Таццяна Аляксееўна выкарыстоўвае з 2000 года, кардынальна змяніла яе жыццё — як чалавека і як педагога. Яна адчула ўнутраную свабоду, навучылася па-філасофску ставіцца да жыцця і ацэньваць любую праблему з розных пунктаў погляду. Такім жа прынцыпам мая суразмоўца вучыць і сваіх выхаванцаў: у любой падзеі ці з’яве ёсць добрае і дрэннае, свае плюсы і мінусы.
У 2011 годзе Таццяна Аляксееўна стала членам Рэспубліканскага клуба пры АПА па выкарыстанні ТРВЗ у практыцы работы з дашкольнікамі. Пасяджэнні клуба традыцыйна праходзяць кожны год у лістападзе. Пасля паспяховага ўдзелу ў конкурсе “Настаўнік года” Таццяна Аляксееўна ўзначаліла абласны рэсурсны цэнтр па выкарыстанні ТРВЗ у практыцы работы выхавальнікаў, які быў створаны ў яслях-садзе № 78 Гродна. Ва ўстанове сфарміравалася творчая група педагогаў-“трызаўцаў”. Элементы гэтай тэхналогіі ў свае заняткі пачалі ўключаць выхавальнікі, музычны кіраўнік, кіраўнік фізічнага выхавання, псіхолаг і настаўнік-дэфектолаг.
Таццяна Аляксееўна склала кластар-мадэль інструментарыю тэхналогіі ТРВЗ, у якой вылучыла для сябе 13 асноўных метадаў: алгарытм рашэння вынаходніцкіх задач, кольцы Лулія, метад сінектыкі (аналогій), метады марфалагічнага аналізу і факальных аб’ектаў, чорнай скрыні, эўрарытму або “чароўнага доміка”, мазгавога штурму, тыпавыя прыёмы фантазіравання, метад маленькіх чалавечкаў і метады каталога, сістэмнага аналізу, нагляднага мадэлявання. Кожны з іх уключае свае прыёмы і мадыфікацыі. Сустракаюцца і метадычныя міксы: калі адзін метад без другога не працуе ці вынікае з яго.
Некаторыя метады можна выкарыстоўваць нават з дзецьмі ясельнага ўзросту, але не варта акцэнтаваць увагу на іх назвах і правілах. А вось у старэйшым дашкольным узросце ТРВЗ незаменная. Метад маленькіх чалавечкаў, напрыклад, дазваляе наглядна ўбачыць і адчуць прыродныя з’явы, характар узаемадзеяння прадметаў і іх элементаў. Дзецям тлумачыцца, што ўсё, што іх акружае, і нават яны самі складаюцца з маленькіх чалавечкаў. Яны ведаюць, што цвёрдыя рэчывы (усе рэчывы, якія не льюцца) складаюцца з цвёрдых маленькіх чалавечкаў, вадкія — з вадкіх, газападобныя — з газападобных.
Цікавая і методыка складання загадак. У традыцыйнай педагогіцы дзецям звычайна прапаноўваюць разгадваць загадкі, а на занятках у Таццяны Аляксееўны выхаванцы вучацца самастойна складаць загадкі, прычым рознымі спосабамі. І не толькі загадкі, але і метафары, творчыя апавяданні па матывах карцін. Яны прыдумляюць лімерыкі, аналізуюць ідэйна-вобразны змест літаратурнага твора, складаюць тэксты казачнага зместу па метадзе каталога, па метадзе сістэмнага аналізу — казкі апісальнага тыпу, па метадзе “чароўнага трохвугольніка”— казкі канфліктнага тыпу, па метадзе марфалагічнага аналізу — казкі дынамічнага тыпу, з выкарыстаннем тыпавых прыёмаў фантазіравання — казкі маральна-этычнага тыпу.
“ТРВЗ для кожнага з педагогаў з’яўляецца інструментам для рашэння праграмных задач, — адзначае Таццяна Аляксееўна, — садзейнічае асваенню ўсіх адукацыйных кірункаў вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Тэхналогія ўніверсальная: можа прымяняцца для развіцця маўлення дзяцей, рухальнай творчасці, для выхавання асноў бяспекі жыццядзейнасці і г.д. Работу па вучэбна-метадычных дапаможніках, якія прадугледжаны асноўнай праграмай, можна спалучаць з прыёмамі ТРВЗ. Напрыклад, у аснове навучання дашкольнікаў грамаце пакладзена методыка Н.С.Старжынскай. Калі ўзбагаціць яе трызаўскай педагогікай, заняткі стануць больш разнастайнымі і пазнавальнымі. Напрыклад, з дапамогай трызаўскіх маленькіх чалавечкаў дзеці робяць гукавы аналіз слова”.
Педагогу быць проста рэтранслятарам ведаў не мэтазгодна, тым больш што яны маюць асаблівасць старэць. На занятках Таццяна Аляксееўна выкарыстоўвае актыўныя і інтэрактыўныя метады і прыёмы навучання. Адзін з прынцыпаў яе работы — прадастаўляць выхаванцам магчымасць самім здабываць або знаходзіць інфармацыю, даваць ім пачуццёвае пазнанне — праз асэнсаванне сітуацыі, перажыванне і эмоцыі. Дзіця павінна сэрцам адчуваць веды, якія атрымлівае. Важны прынцып работы па ТРВЗ — эмпатыя, або ўменне суперажываць, прыстасоўвацца, уяўляць сябе на месцы іншага, ацэньваць сітуацыю з яго пункту гледжання. Тэхналогія дазваляе прытрымлівацца сінкрэтычнасці пры навучанні — педагог на занятках вырашае комплекс пяці задач: па навучанні, развіцці, выхаванні, а таксама карэкцыі і аздараўленні.
Адзін з найважнейшых прынцыпаў тэхналогіі — прынцып праблемнасці. Без такога падыходу да разгляду складаных сітуацый у адукацыйным працэсе механізмы творчага мыслення не фарміруюцца. Для дзяцей акрэсліваецца пэўная праблема або сітуацыя і ставіцца задача, якую неабходна вырашыць. Напрыклад, сонца — сябар для чалавека або вораг? Гэта становіцца штуршком да далейшых абмеркаванняў, у працэсе якіх дзеці спрабуюць знайсці правільнае рашэнне, нешта змяніць. Спачатку педагог выступае ў ролі каталізатара гэтага працэсу, а пасля — у ролі таго, хто накіроўвае ход разважанняў у патрэбнае рэчышча.
Таццяна Аляксееўна ў рабоце з выхаванцамі практыкуе метад мазгавога штурму, пры якім фармулюецца праблема (па матывах прачытанай казкі, убачанага фільма або нейкай бытавой сітуацыі) і дзеці дзеляцца на аналітыкаў і генератараў ідэй. Прычым самых розных ідэй, нават фантастычных, у залежнасці ад сітуацыі, якую патрэбна вырашыць. Што б дзеці ні сказалі, які б адказ ні прапанавалі, усё прымаецца і абмяркоўваецца. Прапановы малышоў Таццяна Аляксееўна занатоўвае на схеме, а пасля выбіраецца лепшая з іх.
ЭКА-заняткі
Каб працаваць па тэхналогіі ТРВЗ, трэба мець спецыяльныя дапаможнікі: дзевяціэкранкі — пано з 9 экранамі, кольцы Лулія, чорныя скрыні, маленькіх чалавечкаў і г.д. Такія дапаможнікі Таццяна Аляксееўна робіць сама. Яна сабрала і сістэматызавала ўвесь неабходны матэрыял: картатэку праблемных сітуацый і вынаходніцкіх задач, картатэку загадак, распрацавала графічныя схемы, мадэлі, гульні.
Таццяна Аляксееўна выдала чатыры вучэбныя дапаможнікі, дзе ў якасці аднаго з інструментаў для рашэння розных адукацыйных задач прапанавала метады і прыёмы тэхналогіі ТРВЗ.
Першы — “Гукі, літары і словы дзеляцца сакрэтамі: падрыхтоўка дашкольнікаў да авалодання граматай”, які выйшаў у 2009 годзе. Выданне змяшчае канспекты заняткаў па навучанні грамаце дзяцей старшай групы, слоўна-дыдактычныя гульні, графічныя матэрыялы. Яшчэ адно выданне — “Дашкольнікам аб прыродных супольнасцях: канспекты заняткаў па азнаямленні з навакольным асяроддзем”. Матэрыял, які прапаноўваецца, садзейнічае паглыбленню ведаў выхаванцаў старшай групы аб цэласнасці і ўнікальнасці кожнай прыроднай супольнасці. Наступны дапаможнік Таццяны Аляксееўны — зборнік канспектаў заняткаў “Экалагічны калейдаскоп”. Заняткі ў ім размеркаваны па каляровых палітрах, якія вызначаюць асноўную сюжэтную лінію.
У працэсе экалагічнага выхавання Таццяна Аляксееўна ажыццяўляе і валеалагічнае развіццё дзяцей. Расліны з невялікімі калючкамі (кактусы, ружы, агрэст) навучаць дзяцей асцярожнасці. А калі хтосьці выпадкова поколецца, то гэта стане для яго “школай болевых адчуванняў”. Гульні-экспромты ў прыродзе (“След у след”, “Хованкі ў траве, за дрэвам”) і гульні-загартоўванні па сезонах (пусканне папяровых караблікаў, гульні са снегам, пяском, вадой, сонечным зайчыкам) умацуюць імунную сістэму дзяцей. Хаджэнне басанож, рух у прыродных умовах (узняцца на горку і спусціцца з горкі, прайсці праз ручаёк) паспрыяюць фізічнаму і разумоваму развіццю.
У 2016 годзе выйшаў яшчэ адзін дапаможнік педагога “Экалагічны серпанцін”. У ім адлюстравана, як можна рашаць задачы экалагічнай накіраванасці праз інтэграцыю адукацыйных раздзелаў: “Дзіця і грамадства”,“Дзіця і прырода”, “Развіццё маўлення і культуры маўленчых зносін”, “Мастацтва”.
“У гэтай кнізе я запрашаю сваіх калег паглядзець разам з дзецьмі на прыроду вачыма мастакоў і пісьменнікаў, напрыклад, Міхаіла Прышвіна, — гаворыць Таццяна Аляксееўна. — У чым сакрэт яго творчасці? Ён з’яўляўся дапытлівым удзельнікам і зоркім сведкам усяго таго, што маляваў. Радкі з апавяданняў аўтара можна выкарыстоўваць як аснову для выхаду на тэму гутаркі з дзецьмі, як аснову для абмеркавання. Знаёмлю выхаванцаў з пейзажным жывапісам на прыкладах карцін Шышкіна, Куінджы, Левітана, Васняцова, Бялыніцкага-Бірулі, Бархаткова і г.д. Гэтыя творы мы не падвяргаем дэталёваму разбору, бо мастацтва ў цэлым і кожны яго твор у прыватнасці — увасабленне гармоніі і адзінства”.
Мая суразмоўца падрыхтавала і пятую кнігу — міні-хрэстаматыю “ЭКАсловакат, або Паэтычнае люстэрка прыроды”, у якой сабрала літаратурныя творы прыродазнаўчага зместу, распрацавала сцэнарыі для актыўных зносін з дзецьмі, у аснову якіх пакладзены літаратурныя і фальклорныя творы з адукацыйнай вобласці “Мастацтва” (кампанент “Мастацкая літаратура”), сістэматызаваныя па 14 літаратурных жанрах. Прапанавала і алгарытм такіх сцэнарыяў: знаёмства з літаратурным творам; дыялогі на аснове твора (абмеркаванне прачытанага, вырашэнне праблемных сітуацый і пазнавальных задач, вербалізацыя і візуалізацыя ўласных уяўленняў пад уздзеяннем апераджальнай ініцыятывы дарослага і педагагічных каментарыяў); графічныя, моўныя гульні і практыкаванні, творчыя заданні, заснаваныя на змесце літаратурнага твора.
Таццяна Аляксееўна прапаноўвае вывучаць эфектыўнасць ТРВЗ-метадаў у рабоце з дашкольнікамі праз дыягностыку творчага ўяўлення. Напрыклад, праводзіць тэст па малюнках: у пачатку навучальнага года і ў канцы. Вынікі параўноўваць. Даваць дзецям пэўныя заданні, і па тым, як яны іх выконваюць, наколькі поўна і з якім настроем, можна бачыць дынаміку іх развіцця.
Работа з бацькамі
“Я расказваю бацькам маіх выхаванцаў пра свае падыходы ў рабоце, наглядна дэманструю, як працуе ТРВЗ, наколькі яна эфектыўная, — гаворыць Таццяна Аляксееўна. — Мне часта ўспамінаецца ўсходняя мудрасць: “Разумныя бацькі дазваляюць дзецям абпальваць пальцы”. У прымяненні да тэхналогіі яна азначае: дзецям у працэсе навучання варта па магчымасці дазваляць усё (і разгледзець, і памацаць, і азнаёміцца з усім, што ім цікава), пазнавальны інтарэс абмяжоўваць не трэба. У педагогаў-трызаўцаў ёсць няпісанае правіла, у іх лексіконе няма слова “не”. Зразумела, пры захаванні правіл тэхнікі бяспекі. Небяспечныя прадметы павінны стаць своеасаблівай лакмусавай паперкай, якая сігналізуе, што ў дадзеным выпадку неабходна быць асцярожным. Калі, напрыклад, дзіця вучыцца рашаць “задачы-пасткі”, яно павінна зразумець, што такія сітуацыі могуць здарыцца з ім і ў жыцці. Значыць, у яго больш шансаў абысці іх або выйсці з іх без страт”.
Калегі Таццяны Аляксееўны заўсёды адзначаюць, што яе выхаванцы вельмі разняволеныя, яны не баяцца памыліцца, свабодна разважаюць, паспяхова аналізуюць і робяць высновы, умеюць знаходзіць выйсце з нестандартнай сітуацыі. У гэтым і сутнасць выхавання — не прымушаць, а выхоўваць такую асобу, якая можа дзейнічаць, знаходзіць правільнае рашэнне нават у складаных умовах.
Надзея ЦЕРАХАВА.