У атмасферы чараўніцтва

- 10:46Нам пішуць

Яркае і відовішчнае навагодняе прадстаўленне па матывах казкі “Марозка” падрыхтавалі педагогі і навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Сонечныя зайчыкі” Гарбовіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Традыцыя дарыць напярэдадні навагодніх свят такое мерапрыемства навучэнцам 1—4 класаў і іх бацькам жыве ўжо 5 гадоў. Ініцыятар, рэжысёр і ўдзельнік гэтага дзейства — настаўніца пачатковых класаў Валянціна Дзюко. Яна ж з’яўляецца кіраўніком аб’яднання па інтарэсах тэатральнага кірунку “Сонечныя зайчыкі”.

Навучэнцы з захапленнем назіраюць за педагогамі, якія пераўвасабляюцца як у добрых, так і ў злых персанажаў. Сёлета, напрыклад, з роляй Марфушы цудоўна справілася настаўніца гісторыі Марыя Чавусава.
Сцэнарый распрацоўваўся такім чынам, што ўсе дзеці: і ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах, і навучэнцы пачатковай школы — прынялі актыўны ўдзел у навагоднім прадстаўленні. Так, пасля выступлення цётачкі Завірухі (ролю выконвала педагог-арганізатар Надзея Рашатняк), яе памочніцы сняжынкі (навучэнкі 2 і 3 класаў) паказалі танец са стужкамі, стварыўшы эфект мяцеліцы. А на дапамогу Бабе Язе (бібліятэкару Алене Лабанавай) прыйшлі кікімары і лесавікі (навучэнцы 4 класа), якія выканалі запальны танец. Галоўныя ролі Насцечкі і Мачахі дасталіся лабарантам Кацярыне Крамнай і Людміле Барысенка, якія, паводле сцэнарыю, вельмі хацелі знайсці ў зімовым лесе пралескі, і іх жаданне выканалі навучэнцы 1 класа, пераапрануўшыся ў касцюмы першых вясновых кветак. Сваім чароўным танцам яны стварылі вясновы настрой.

Падчас прадстаўлення з галоўнымі героямі — Дзедам Марозам і Снягуркай — дзятва вадзіла карагоды вакол ёлкі, спявала ўсімі любімыя навагоднія песні, выконвала танцавальныя заданні казачных персанажаў.
Гэтае навагодняе мерапрыемства навучэнцы запомняць надоўга, бо яно прынесла шмат станоўчых эмоцый, радасці і ўсмешак.

Ганна САЛКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Гарбовіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.