У БДУІР адкрыты сучасны вучэбна-лабараторны корпус

- 11:03Вышэйшая школа

Учора ў сталіцы быў урачыста адкрыты восьмы вучэбна-лабараторны корпус Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Як паведаміў рэктар БДУІР Міхаіл Батура, гэта падарунак Мінску да 950-годдзя.

У цырымоніі адкрыцця новага корпуса ўзялі ўдзел міністр адукацыі Ігар Карпенка, кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёна сталіцы Дзяніс Аўсяннікаў, генеральны дырэктар будаўнічага трэста № 7 Барыс Шэрман, рэктар БДУІР Міхаіл Батура. Ганаровыя госці традыцыйна разрэзалі атласную стужку, пасля чаго азнаёміліся з новым корпусам, дзе рэалізаваны самыя сучасныя адукацыйныя тэхналогіі.

Восьмы корпус БДУІР у многім унікальны. У будынку размешчаны лекцыйныя залы, вучэбныя лабараторыі, камп’ютарныя класы, зала для канферэнцый, а таксама цэнтр відэаканферэнц-сувязі і анлайн-заняткаў для студэнтаў дыстанцыйнай формы навучання. Тут жа будзе арганізавана сеткавае навучанне для прадстаўнікоў іншых універсітэтаў. На плошчы 5 тысяч квадратных метраў створана цалкам безбар’ернае асяроддзе.

Цэлы паверх у новым конкурсе аддадзены пад студэнцкі бізнес-інкубатар, дзе маладыя людзі — аўтары цікавых ідэй змогуць атрымаць дапамогу ў рэалізацыі сваіх задум, іх ператварэнні ў бізнес і выхадзе на рынак. Тут створана 10 пляцовак, абсталяваных мэбляй і аргтэхнікай, для работы каманд. Ужо зараз у бізнес-інкубатары “прапісаліся” 6 рэальных праектаў, кожны з якіх курыруе ментар — супрацоўнік БДУІР, спецыяліст з Парка высокіх тэхналогій ці вучоны з Нацыянальнай акадэміі навук.

У прыватнасці, адна група студэнтаў працуе над стварэннем дадатку, які дапаможа ў рэабілітацыі людзям з паралічам твару. Другая стварае дадатак для сельскай гаспадаркі; ён будзе вызначаць вагу жывёл шляхам сканіравання. Іншыя групы таксама рэалізуюць вельмі цікавыя праекты.

— Адна з перспектыў развіцця вышэйшай школы Беларусі — стварэнне ўніверсітэта 3.0, што мае на мэце не толькі вучэбны працэс, але і развіццё навукі, а таксама камерцыялізацыю вынікаў навуковай дзейнасці, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Карпенка. — І ў гэтым плане БДУІР рухаецца наперад. Мы бачым, што галоўнае тут нават не абсталяванне, а змест работы. Студэнцкі бізнес-інкубатар БДУІР дазволіць развівацца маладзёжным ініцыятывам — гэта вельмі перспектыўны напрамак дзейнасці.

— Сёлета мы здзейснілі выдатны набор, — паведаміў рэктар БДУІР Міхаіл Батура. — На першую ступень адукацыі прыйшлі 3074 чалавекі, сярод якіх 1040 паступілі на дзённую бюджэтную форму навучання, іх сярэдні бал склаў 332. Уявіце, які ўзровень інтэлекту! І нават на ўмовах аплаты прахадны бал — 198. У магістратуру паступілі 1645 чалавек. Зразумела, такую моладзь трэба песціць, узрошчваць яе талент. Новы корпус якраз і дае нам такія магчымасці.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.