У Беларусі з’явіцца музей Скарыны?

- 10:57Культура

14—15 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пад патранатам ЮНЕСКА прайшоў Міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”. Ініцыятарамі форуму выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і НББ пры падтрымцы Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы (CEI), Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін — удзельніц СНД, Праграмы мабільнасці для мэтанакіраваных міжасобасных кантактаў (MOST).

Міжнародны кангрэс стаў самым маштабным мерапрыемствам у рамках сёлетніх святкаванняў 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Сталічны дыямент сабраў у сваіх сценах больш за 500 дэлегатаў 24 краін — вядомых грамадскіх і палітычных дзеячаў, дыпламатаў, кіраўнікоў і аўтарытэтных спецыялістаў навуковых, навучальных і культурных устаноў з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Кітая, Польшчы, Расіі, Украіны, Чарнагорыі і інш. Урачыстасць форуму падвойвалася і нават патройвалася дзякуючы 95-гадоваму юбілею самой Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама Дню бібліятэк, які адзначаецца ў нашай краіне 15 верасня.

У сувязі са святамі ўдзельнікам кангрэса адрасаваў віншаванне кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, агучанае першым намеснікам старшыні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максімам Рыжанковым. Як адзначаецца ў віншаванні, Нацыянальная бібліятэка Беларусі па праве з’яўляецца галоўным асветным цэнтрам дзяржавы, яна захоўвае мудрасць нацыі, яе культурнае багацце і культурную спадчыну. Падчас урачыстага адкрыцця форуму прывітальныя словы прагучалі таксама ад намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марыяны Шчоткінай, дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгора Рапоты, міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова, міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч і іншых высокіх гасцей.

З грунтоўнымі дакладамі, насычанымі знакавымі пасыламі бібліятэчнай і, шырэй, культурнай і навуковай грамадскасці краіны, на пленарным пасяджэнні выступілі дырэктар НББ Раман Матульскі, яго намеснікі Аляксандр Суша і Таццяна Кузьмініч, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец, дырэктар Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі Алена Іванова.

Важнымі падзеямі форуму сталі міжнародны круглы стол “Дакументальная спадчына ў цэнтральнаеўрапейскім рэгіёне: шляхі захоўвання, вывучэння і папулярызацыі” (праводзіўся на працягу двух дзён у НББ і нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”), ХХ агульны сход некамерцыйнага партнёртства “Бібліятэчная асамблея Еўразіі”, міжнародны круглы стол па кампаналогіі (навукі пра мастацтва звону), які прайшоў упершыню ў Беларусі.

Асноўным дыскусійным полем форуму былі ХІІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, у рамках якіх працавалі сем секцый: “Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына”, “Пяць стагоддзяў кнігадрукавання”, “Кніжная спадчына Беларусі ў айчынных і замежных зборах”, “Нацыянальныя дакументы і калекцыі ў фондах бібліятэк, архіваў, музеяў і іх бібліяграфічнае адлюстраванне”, “Гісторыя бібліятэчнай справы Беларусі і замежных краін”, “Кніга — чытанне — бібліятэка: XXI стагоддзе”, “Кніга і мастацтва: ад Скарыны да сучаснасці”.

Работа кожнай з секцый была адзначана мноствам цікавых дакладаў, паведамленняў і прапаноў. Так, дыскусіі на секцыі “Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына” канцэнтраваліся вакол праблем скарыназнаўства (напрыклад, “Францыск Скарына: гістарычныя рэаліі і культурная памяць”, “Рэнесансна-асветніцкія рысы праграмы Скарыны”, “Кнігазнаўчая думка ў эпоху Скарыны”, “Францыск Скарына як заснавальнік айчыннай традыцыі кірылічнага друку ХVІ—ХVІІІ стагоддзяў”, “Антрапалагічнае вымярэнне спадчыны Скарыны”, “Францыск Скарына — беларускі Марцін Лютэр?”), канкрэтных экзэмпляраў скарынаўскіх кніг у тых ці іншых зборах і перспектыў практычных скарыназнаўчых даследаванняў. Па выніках работы секцыі было агучана шмат канкрэтных прапаноў па міжнародным і міжінстытуцыянальным супрацоўніцтве ў галіне скарыназнаўства, перспектывах выдавецкай дзейнасці і інш. Адной з самых масавых была секцыя “Кніга — чытанне — бібліятэка: XXI стагоддзе”, чынны ўд зел у якой прынялі настаўнікі і бібліятэкары з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны. Асаблівую ж цікавасць на гэтай секцыі выклікала выступленне прадстаўніка Смаленскай дзяржаўнай бібліятэкі, прысвечанае праекту “Беларускія смаляне, смаленскія беларусы”. Надзвычай разнастайнай у тэматычным плане, але тым і цікавай атрымалася секцыя “Кніга і мастацтва: ад Скарыны да сучаснасці”, сарыентаваная найперш на папулярызацыю вобраза беларускага першадрукара ў выяўленчым мастацтве, музыцы і іншых відах мастацтва, уключэнне скарынаўскай тэмы ў актуальны рэпертуар прафесійных творчых калектываў, далейшую мемарыялізацыю постаці Ф.Скарыны ў гарадскім асяроддзі. На секцыі “Пяць стагоддзяў кнігадрукавання” прагучала адна з самых арыгінальных прапаноў ад удзельнікаў кангрэса — стварыць у Полацку поруч з Музеем гісторыі беларускага кнігадрукавання асобны музей Францыска Скарыны.

На падставе выказанных на кангрэсе прапаноў і рэкамендацый (а іх, аформленых пакуль у чарнавым выглядзе, сабралася не на адзін дзясятак аркушаў паперы) будзе выпрацаваны выніковы дакумент, які неўзабаве з’явіцца ў зоне публічнага доступу.

Кульмінацыяй жа Міжнароднага кангрэса “500 гадоў беларускага кнігадрукавання” было яшчэ ў першы дзень яго работы адкрыццё выставы “Францыск Скарына і яго эпоха” на першым паверсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якая дазваляе наведвальнікам з галавой пагрузіцца ў часы 500-гадовай даўнасці і наогул у кніжную стыхію ў яе амаль “анатамічным разрэзе”.

Фрагмент арыгінала Бібліі Ёгана Гутэнберга, якая лічыцца самым старажытным, знакамітым і дарагім выданнем у Еўропе, дастаўлены ў Мінск спецыяльным рэйсам з Лейпцыга, факсімільнае выданне поўнай Бібліі Гутэнберга, выкананае ў 1913 годзе, арыгіналы і факсіміле першадрукаваных кніг ХV—XVII стагоддзяў, прывезеныя з Германіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Славакіі і Славеніі, арыгінальныя выданні Францыска Скарыны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія ўбачылі свет у Празе і Вільні ў 1517—1525 гадах, — гэта далёка не поўны пералік тых бясцэнных кніг-помнікаў, якія выстаўляюцца па публіцы толькі ў выключных выпадках. Як адзначалі на выставе многія з вопытных даследчыкаў — удзельнікаў кангрэса, такой экспазіцыі кніжных рарытэтаў у Беларусі яшчэ не было.

Дарэчы, уласна кніжная экспазіцыя выдатна дапаўняецца інтэрактыўнай зонай, разлічанай на пазнавальна-забаўляльны паход у бібліятэку ўсёй сям’ёй. Пры дапамозе шлема віртуальнай рэальнасці тут можна перанесціся ў друкарню ХVІ стагоддзя, убачыць узноўлены друкарскі станок Скарыны і параўнаць яго з друкарскімі машынамі ХХ і ХХІ стагоддзя, у тым ліку 3D-прынтарам. Дзяцей чакаюць неверагодныя падарожжы па гарадах і краінах на інтэрактыўным стале, віктарыны, майстар-класы і гульні.

Выстава “Францыск Скарына і яго эпоха” будзе працаваць да 31 снежня. Грэх не наведаць яе кожнаму адукаванаму беларусу. Бо гэта той выпадак, калі гавораць: “Цяпер або ніколі”.

Мікола ЧЭМЕР.