У беларускай і нямецкай магістратурах адначасова

- 14:23Вышэйшая школа, Рознае

Кожны год некалькі студэнтаў з механіка-матэматычнага факультэта БДУ ездзяць у Магдэбургскі ўніверсітэт (Германія) на практыку. Набыўшы аўтарытэт сярод прафесараў нямецкай вышэйшай установы адукацыі, моладзь атрымлівае шанс быць запрошанай на вучобу ў нямецкую магістратуру, навучанне ў якой пакрыюць гранты нямецкага боку. І гэта пры паралельнай вучобе ў магістратуры механіка-матэматычнага факультэта БДУ. Расказаць больш падрабязна аб магчымасцях атрымаць адразу два дыпломы — беларускі і нямецкі — мы папрасілі Дзмітрыя МЯДЗВЕДЗЕВА, дэкана механіка-матэматычнага факультэта БДУ.

“Супрацоўніцтва БДУ з Магдэбургскім універсітэтам пачалося 15 гадоў назад, тады яшчэ на І ступені вышэйшай адукацыі. Узаемны інтарэс выклікала адукацыя па розных кірунках, сярод іх была і матэматычная”, — распачаў Дзмітрый Мядзведзеў.

Як расказаў дэкан механіка-матэматычнага факультэта, у Магдэбургу працаваў выпускнік аспірантуры БДУ прафесар Эберхард Гірліх. Сёння ён ганаровы прафесар беларускага ўніверсітэта.

“Прафесар Эберхард Гірліх, калі даведаўся, што на механіка-матэматычным факультэце БДУ адкрываецца спецыяльнасць “Камп’ютарная матэматыка і сістэмны аналіз”, выказаў жаданне супрацоўнічаць”, — адзначыў дэкан механіка-матэматычнага факультэта.

Гэтаму жаданню спрыяў той факт, што ў нямецкіх вучэбных планах была спецыяльнасць “Камп’ютарная матэматыка” з падобным напаўненнем, як і па спецыяльнасці “Камп’ютарная матэматыка і сістэмны аналіз” у БДУ. А тое, што адрознівалася, чакала ўзгаднення: спачатку нямецкія выкладчыкі прыязджалі ў Беларусь, затым беларускія наведалі нямецкі ўніверсітэт.

“У Балонскі працэс Беларусь уступіла ў мінулым годзе. На нашым факультэце падобны працэс пачаўся амаль 13 гадоў назад. Мы ўзгаднілі планы, выпусцілі каталог дысцыплін спецыяльнасці, які адпавядаў балонскім патрабаванням”, — адзначыў Дзмітрый Мядзведзеў.

Дзякуючы праведзенай рабоце апошнія 12 гадоў студэнты механіка-матэматычнага факультэта БДУ ездзяць у Магдэбургскі ўніверсітэт на стажыроўку, якая дае магчымасць быць заўважаным нямецкай прафесурай. Менавіта яна можа запрасіць беларускага студэнта на вучобу да сябе на II ступені вышэйшай адукацыі.

“Каля 5 чалавек атрымліваюць магчымасць вучыцца ў Германіі на II ступені вышэйшай адукацыі за кошт нямецкіх грантаў, якія выдзяляе Германская служба акадэмічных абменаў (DAAD). Пры гэтым студэнты паралельна вучацца ў магістратуры механіка-матэматычнага факультэта БДУ”, — адзначыў Дзмітрый Мядзведзеў.

Гэта азначае, што, паступаючы ў магістратуру БДУ па спецыяльнасці “Камп’ютарная матэматыка і сістэмны аналіз”, запрошаныя немцамі магістранты на пэўны тэрмін едуць вучыцца ў Магдэбург. Улічваючы, што да гэтага года ўключна навучанне ў магістратуры доўжылася адзін год, у Магдэбургу магістранты вучыліся першы семестр.

“Выканаўшы частку вучэбнага плана магістратуры Магдэбурскага ўніверсітэта і зрабіўшы істотны зачын у напісанні нямецкай магістарскай дысертацыі, яны вяртаюцца ў Беларусь, дзе вучацца другі семестр. Абараніўшы дысертацыю на радзіме, яны маюць магчымасць яшчэ раз з’ездзіць у Магдэбургскі ўніверсітэт, каб, абараніўшы дысертацыю і там, ужо на нямецкай або англійскай мовах, атрымаць дыплом нямецкага ўніверсітэта”, — рэзюмаваў Дзмітрый Мядзведзеў, дэкан механіка-матэматычнага факультэта.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.