У беларускую этнавёску — з Японіі

- 12:45Выхаванне

Чацвёрты раз японскія дзеці прывезлі прывітанне са сваёй далёкай радзімы на Нарач. Чацвёрты раз для іх расчыніў дзверы гасцінны цэнтр “Зубраня”. Чацвёрты раз над Нараччу гучаць абяцанні гасцей абавязкова яшчэ вярнуцца сюды. Які ж ён — беларускі адпачынак для японскіх хлопчыкаў і дзяўчынак?1,1
Рэабілітацыйная праграма па аздараўленні дзяцей з прэфектуры Фукусімы распачалася яшчэ ў 2012 годзе, калі па запрашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прыехалі першыя 14 дзяцей. Тады ж было вырашана запрашаць юных жыхароў Фукусімы ў Беларусь рэгулярна. За гэты час у “Зубраняці” іх пабывала шмат. Сёлета цэнтр прымае 78 падлеткаў з Краіны ўзыходзячага сонца.
Усе дзеці, якім выпадае магчымасць наведаць Беларусь, маюць патрэбу ў аздараўленні, таму медыцынскі аспект — найважнейшы. Так, хлопчыкаў і дзяўчынак у пачатку змены абследуюць спецыялісты перасовачнай радыёметрычнай лабараторыі Пінскага пагранічнага атрада і Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Згодна з медыцынскім заключэннем дзці атрымліваюць комплекс санаторна-аздараўленчых працэдур: наведваюць басейн, саўны, кабінеты масажу, спартыўныя пляцоўкі і займаюцца на рэфлекторнай дарожцы, загартоўваюцца, шмат гуляюць на свежым паветры. На базе новага СПА-цэнтра атрымліваюць санаторна-аздараўленчыя паслугі: п’юць кіслародныя кактэйлі і фітачаі, прымаюць хвойна-жамчужныя ванны, праходзяць курсы арома-, спелеа- і аэраіонатэрапіі і інш. Дарэчы, як адзначае дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзеўна Ануфрыева, пры неабходнасці ўвесь комплекс такіх аздараўленчых паслуг атрымліваюць і нашы суайчыннікі — амаль кожнае трэцяе дзіця.
1,2Гасцям прапаноўваецца і не менш насычаная забаўляльная праграма. Японскія хлопчыкі і дзяўчынкі прымаюць удзел у конкурсных праграмах і святах, экскурсіях па Нарачанскім краі, гарадах і замках Беларусі. Усім дзецям запомнілася свята адкрыцця змены, вечар беларуска-японскай дружбы, касцёр дружбы, карнавал, фестываль мастацтваў, дыскапраграмы… Незабыўныя ўражанні ў зубранят — як японскіх, так і беларускіх — пакінула музычнае шоу ад калектыву японскага традыцыйнага танца “Мандзюсяка”, які прыехаў у Беларусь з Хірасімы. Выканаўцы пазнаёмілі беларускіх дзяцей з этнаграфіяй Японіі, музычнай культурай.
На мінулым тыдні першую групу з 38 дзяцей і 8 суправаджальнікаў змяніла другая. Сваімі ўражаннямі госці на працягу змены дзяліліся на старонках блакнота “Калі ласка ў “Зубраня”. Так, тут запісана шмат прыемных успамінаў пра катанні на лодках, катамаранах, кацеры, пра спартыўны дух на спартландыі і футбольным матчы, рэлаксацыю ў “Лясной гасцёўні”. Асабліва даспадобы прыйшліся мерапрыемствы з беларускай афарбоўкай: майстар-класы “Нацыянальны танец” і “Нацыянальная песня”, “Беларускія гульні і традыцыі”, гульнявы праект “Знаўца беларускай мовы”, “Беларускі сувенір сваімі рукамі”. І ўсім спадабалася беларуская кухня. Некаторыя нават запісвалі рэцэпты. Каб больш яскрава ўявіць беларускую культуру, падлеткі наведалі цэнтр старадаўняй бытавой культуры беларусаў “Хутар “Неслуч”. Не пакінуў раўнадушнымі гасцей і агратурыстычны комплекс “Наносы-Наваселле” — адноўленая вёска 18 стагоддзя. Тут госці зайшлі ў мяшчанскія і сялянскія дамы, убачылі сэрца хаты — печ — і прататып сучаснага халадзільніка — лядоўню, даведаліся, як працаваў млын, пабывалі ў музеі самавараў, дзе сабрана больш за 500 экспанатаў, найстарэйшаму з якіх 240 гадоў, пазнаёміліся з насельнікамі беларускіх лясоў, якія сабраны ў імправізаваным доміку паляўнічага, прайшліся па сялянскіх падворках, дзе жывуць куры і коні, трусы, сабакі і іншыя жывёлы.1,3
Дарэчы, многія японскія дзеці ўбачылі на свае вочы тое, пра што чулі і ведалі: першая група дзяцей, каб атрымаць пуцёўку на Нарач, вытрымала імправізаваны іспыт па беларусазнаўстве, і толькі тыя, хто ведае больш за іншых пра беларускую культуру і традыцыі, змаглі прадоўжыць знаёмства з Беларуссю не па кнігах і інтэрнэт-артыкулах, а на яе прасторах. Магчыма, гэтае знаёмства працягнецца: госці знайшлі сабе беларускіх сяброў і некалі прыедуць да іх яшчэ раз. І няхай беларуска-японская дружба толькі мацнее, а імкненне “Зубраняці” быць у гэтай справе памочнікам стане добрай традыцыяй.

Святлана НІКІФАРАВА.