У бізнес праз тэхнапарк

Першы раз студэнты трапляюць у Навукова-тэхналагічны парк звычайна падчас экскурсіі, дзе іх знаёмяць з лабараторыямі і навуковымі пляцоўкамі, магчымасцямі і перавагамі гэтага падраздзялення Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Потым студэнты тэхнічных факультэтаў робяць на базе тэхнапарка курсавыя і дыпломныя праекты, студэнты ўсіх факультэтаў удзельнічаюць у шматлікіх хакатонах, канферэнцыях, сустрэчах.

Аляксандр Васілевіч і Уладзіслаў Банцэвіч.

Такі ж шлях прайшоў і студэнт факультэта матэматыкі і інфарматыкі Павел Раманец — спачатку знаёмства з тэхнапаркам, а потым і вельмі важны крок: вясной гэтага года хлопец зарэгістраваў прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Раманец Энтэрпрайзес”, і яно стала рэзідэнтам Навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Янкі Купалы. Прадпрыемства займаецца распрацоўкай індывідуальных і карпаратыўных сайтаў, праграмным забеспячэннем.

У размове Павел называе галоўныя перавагі статусу рэзідэнта тэхнапарка — невялікая, у параўнанні з іншымі месцамі ў Гродне, арэндная плата і кансультацыі спецыялістаў па ўсіх кірунках работы, магчымасць навучання.

— Мне цікава займацца інавацыйнай дзейнасцю, — гаворыць Павел. — Хацеў рэалізавацца ў гэтым кірунку. Тэхнапарк дае такую магчымасць, адчуваецца падтрымка ўніверсітэта па арэнднай плаце, падатковых ільготах, атрыманні кансультацый юрыстаў, бухгалтараў.

Вось і на нядаўняй сустрэчы у тэхнапарку са старшынёй Дзяржаўнага камі­тэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандрам Шуміліным прысутнічалі рэктар ГрДУ Ірына Кітурка, дырэктар тэхнапарка Аляксандр Васілевіч, кіраўнікі прадпрыемстваў-рэзідэнтаў. Сярод іх былі і студэнты.

Аляксандр Шумілін падкрэсліў, што таленавітую моладзь трэба падтрымліваць, у тым ліку і праз бізнес-адукацыю, магчымасці рэалізацыі распрацовак і стварэння бізнес-структур.

— Прадпрымальніцкія кампетэнцыі трэба фарміраваць у дзяцей школьнага ўзросту, — адзначыла Ірына Кітурка. — Таму мы плануем арганізаваць экскурсіі ў тэхнапарк для школьнікаў, студэнтаў іншых устаноў адукацыі. Тэхнапарк — гэта інавацыйная пляцоўка, якая дазваляе ператвараць студэнцкія ідэі ў бізнес. Яго роля — не толькі камерцыялізаваць распрацоўкі маладых, але і сфарміра­ваць прадпрымальніцкую экасістэму рэгіёна.

Кацярына Табала стала першай студэнткай універсітэта, якая зарэгістравалася ў тэхнапарку як індывідуальны прадпрымальнік у ліпені мінулага года. На сваім факультэце псіхалогіі яна займаецца кансультаваннем. Аўтарскія распрацоўкі дзяўчыны выкананы ў рамках стартап-праекта і накіраваны на выяўленне і далейшае вырашэнне праблем у розных сферах жыцця чалавека.

— Зараз амаль палова ўсіх рэзідэнтаў — гэта студэнцкія прадпрыемствы, — гаворыць дырэктар тэхнапарка Аляксандр Васілевіч. — Адзін з апошніх дагавораў быў падпісаны са студэнтам 4 курса факультэта эканомікі і кіравання Уладзіславам Банцэвічам.

— Наша кампанія “Усё лічым” працуе ў сферы бухгалтарскага ўліку, — расказвае Уладзіслаў. — Сярод кліентаў ёсць адна даволі буйная кампанія і некалькі індывідуальных прадпрымальнікаў. Мы прапануем розныя паслугі — гэта і медыятарства, і дапамога ў арганізацыі канферэнцый, вядзенні бухгалтэрыі. Акрамя таго, дапамагаем прадстаўнікам бізнесу ў прасоўванні і раскрутцы іх тавараў і паслуг.

А вось “Студыя 111” стваралася выкладчыкамі факультэта эканомікі і кіравання і факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Дырэктар кампаніі — старшы выкладчык кафедры журналістыкі Сяргей Ляшук расказвае, што яны рэалізу­юць новыя лічбавыя праекты ў галіне электроннага маркетынгу і бізнесу. Гэта дадаткі, інфармацыйныя рэсурсы, прасоўванне ў сацыяльных сетках, кантэнт-маркетынг, лічбавая лагістыка, электронны маркетынг. Попыт на такія прадукты ёсць. У праекце за­дзейнічаны студэнты спецыяльнасцей “Электронны маркетынг” і “Інфармацыя і камунікацыя”.

— Мы плануем перадаваць акадэмічныя веды бізнесу, вучыць яго электронным і інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям, — гаворыць Сяргей Ляшук. — Студэнты змогуць паспрабаваць сябе ў бізнесе, умацаваць свае кампетэнцыі і атры­маць практычныя веды і навыкі не толькі па тых напрамках, якія ўжо ёсць ва ўніверсітэце, але і ў практычнай сферы электроннага бізнесу. Зараз запусцілі інфармацыйны партал citymix.by і мабільны дадатак да яго. Асаблівасць праекта ў тым, што ён дапамагае спажыўцу атрымаць інфармацыю пра розныя паслугі і сэрвісы як у родным гора­дзе, так і па ўсёй краіне. Падпісаўшыся на некаторыя ўстановы, спажывец будзе пастаянна ў курсе ўсіх навінак дзякуючы пуш-рассылкам на свой смартфон і ра­зам з гэтым атрымае розныя прыемныя бонусы, скідкі і падарункі.

Студэнт 3 курса факультэта ма­тэматыкі і інфарматыкі спецыяльнасці “Камп’ютарная бяспека” Аляксей Дзяшко лічыць, што тэхнапарк падтрымлівае бізнесменаў на пачатковым этапе і стварае добрыя ўмовы для развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці. Таму і стаў рэзідэнтам, зарэгістраваўшыся як індывідуальны прадпрымальнік. Займаецца Аляксей даволі новым напрамкам ІТ-галіны — тэсціраваннем сістэм пранікнення.

Гаворачы пра перавагі, якія дае тэхнапарк сваім рэзідэнтам, Аляксандр Васілевіч называе дапамогу ў камерцыялізацыі навуковых распрацовак, арэнду высокатэхналагічнага навукова-даследчага і прамысловага абсталявання, падатковыя льготы, магчымасць фінансавання праектаў з рэспубліканскага і рэгіянальнага інавацыйных фондаў пры падтрымцы тэхнапарка, дапамогу ў суправаджэнні і рэалізацыі праектаў (заключэнне дагавораў, арганізацыя экспарту, прасоўванне тавараў і паслуг, правядзенне навукова-арганізацыйных мерапрыемстваў). Арэндная плата сёння складае тут 5,8 рубля за квадратны метр.

Для студэнтаў былі арганізаваны стартап-школы сумесна з Гродзенскай абласной установай фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, грамадскім аб’яднаннем “Таварыства садзейнічання інавацыйнаму бізнесу” ў рамках рэалізацыі праекта “Стварэнне ўстойлівай інфраструктуры для падтрымкі развіцця стартапаў і малога бізнесу ў рэгіёнах Беларусі”, які рэалізуецца пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID); семінары вучэбнага цэнтра SoftLine ў Беларусі; навукова-тэхнічны семінар “Аддытыўныя тэхналогіі і вытворчы цыкл”; рэспубліканскі навукова-практычны семінар па пытаннях вынаходніцтва, рацыяналізатарства і інжынерна-тэхнічнай творчасці сумесна з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях.

Яшчэ больш магчымасцей з’явіцца пасля ўвядзення другой чаргі тэхнапарка, якое запланавана на пачатак будучага года. Тут будзе 16 вытворчых памяшканняў, 5 офісных памяшканняў фармату open space, 11 офісных памяшканняў,

3 каворкінгі, канферэнц-зала, выставачны цэнтр.

Нядаўна ў ГрДУ завяршылася падача заявак на V Адкрыты конкурс студэнцкіх стартап-праектаў “ІнНаСтарт”. І калі на першы конкурс была пададзена 31 заяўка, дык на гэты раз іх было 112. Пераможцаў вызначаць у чатырох намінацыях: “Лепшы стартап-праект — ТЭХНАЛОГІЯ”, “Лепшы стартап-праект — ПРАДУКТ”, “Лепшы стартап-праект — ПАСЛУГА”, “Лепшы стартап-праект — САЦЫЯЛЬНАЯ ІНАВАЦЫЯ”.

Удзел у конкурсе стартап-праектаў стане для многіх крокам на шляху да стварэння ўласнага прадпрыемства. Ад конкурсу да рэзідэнта тэхнапарка — такі шлях прайшлі некаторыя ­ўдзельнікі I Адкрытага конкурсу студэнцкіх стартап-праектаў “ІнНаСтарт”. Так, ААТ “Інфармацыйныя тэхналогіі ў будаўніцтве” аказвае паслугі на аснове тэхналогій інфармацыйнага мадэлявання (BIM) — ажыццяўляе 3D-мадэляванне прамысловых і грамадзянскіх будынкаў, 3D-друк мадэлей будынкаў, віртуальную рэканструкцыю помнікаў архітэктуры. Дарэчы, Уладзіслаў Банцэвіч таксама ўдзельнік конкурсаў “ІнНаСтарт” і InvestWeekend.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота з архіва ГрДУ імя Янкі Купалы.