У чаканні цуду

- 11:04Адукацыйныя праекты, Нашы дзеці

Кадэцкі баль адкрые на Гомельшчыне акцыю “Нашы дзеці” 14 снежня. Мэта рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі — аказанне дапамогі ўсім дзецям, якія маюць патрэбу ў спецыяльнай увазе і клопаце. Рэгіянальны каляндар уключае больш за 100 падзей.

Акцыя ахопіць дзяцей-сірот і дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў, тых, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, а таксама дзяцей-інвалідаў і дзяцей з мнагадзетных сем’яў. Для іх падрыхту­юць навагоднія падарункі і яркія паказы. Як адзна­чыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Жанна Ждановіч, ніводнае дзіця не застанецца без увагі:

— Акцыю ў Гомельскай вобласці адкрые кадэцкі баль, які пройдзе ў Палацы культуры чыгуначнікаў Гомеля. Ён право­дзіцца трэці год. Кадэты, педагогі ўжо актыўна рыхтуюцца да падзеі: развучва­юць танцы, шыюць уборы. На балі лепшыя кадэты атрымаюць заслужаныя ўзнагароды. Потым 80 лепшых навучэнцаў запро­сяць на абласны баль у грамадска-культурны цэнтр горада над Сожам. Па традыцыі тут уручаць прэміі аблвыканкама тым, хто дасягнуў бліскучых поспехаў у інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці. Напрыканцы снежня ў Гомельскім цырку 1,5 тысячы дзяцей з усіх раёнаў Гомельскай вобласці збярэ галоўная ёлка рэгіёна. Запланаваны два паказы. Дзяцей рассадзяць з улікам эпідэміялагічных рэкамендацый.

Гомельскі аблвыканкам таксама акажа дапамогу дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, тым, хто выхоўваецца ў школах-інтэрнатах вобласці і Мазырскім дзіцячым доме. Сродкі бу­дуць накіраваны на набыццё падарункаў, цацак, а таксама ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Таксама дзеці з усяго рэгіёна адправяцца і ў беларускую сталіцу — на навагодняе дабрачыннае свята ў Палац Рэспублікі паедзе каля ста школьнікаў Гомельшчыны.

У снежні навучэнцы ўстаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і агульнай сярэдняй адукацыі вобласці наведаюць рэспубліканскі баль у Палацы Незалежнасці. Там жа пабываюць і дзеці-інваліды, а таксама дзеці з асаблівасцямі развіцця. Асаблівая ўвага пры перамяшчэнні будзе ўдзяляцца выкананню патрабаванняў прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі.

У студзені дэлегацыі навучэнцаў вобласці прымуць удзел у рэспубліканскай дабрачыннай праграме для дзяцей, якія пражываюць у раёнах, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Дарэчы, і для дзяцей работнікаў сістэмы адукацыі падрыхтуюць навагоднюю праграму.

— Наша галоўная задача — ату­ліць кожнае дзіця клопатам і любоўю і даць зразумець, што яно абаронена сям’ёй і дзяржавай, — адзначыла Жанна Ждановіч. — Усюды пройдуць і раённыя святы, пачынаючы ад кожнай школы і дзіцячага сада. Ідуць рэпетыцыі, шыюцца ўборы — адным словам, работа кіпіць. Усе дзеці чакаюць цудаў. Штогод да акцыі далучаюцца камітэты, упраўленні абласнога гар- і райвыканкамаў, арганізацыі, прадпрыемствы, грамадскія арганізацыі. Усе імкнуцца, каб кожнае дзіця адчула святочную атмасферу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.