У “Доміку Ганны” жыве пазітыў

- 9:08Сацыяльны ракурс

15 чэрвеня адкрыўся сезон адпачынку ў сямейным аздараўленчым цэнтры “Бусел”, што месціцца ў вёсцы Заброддзе Стаўбцоўскага раёна (Мінская вобласць). І хоць арганізатарам гэтай праграмы — супрацоўнікам Беларускага дзіцячага хоспіса — не зусім падабаецца азначэнне “аздараўленчы цэнтр” і яны больш схільныя называць гэтае месца “домам Ганны” (імя англійскай дабрачынніцы, на сродкі якой быў заснаваны цэнтр) ці “летнім домікам”, “Бусел” з’яўляецца сапраўдным цэнтрам радасці
для сваіх наведвальнікаў.

Гісторыя “доміка” налічвае больш за 10 гадоў. Як паведаміла нам дырэктар Беларускага дзі­цячага хоспіса Ганна Георгіеўна Гарчакова, першапачаткова планавалася збіраць у ім летам сіблінгаў (ад англ. sibs, siblings — дзеці адных бацькоў, браты і сёстры. Заўв. аўт.)

— У хоспіса ёсць асобная праграма работы з такімі дзецьмі, — сказала Ганна Георгіеўна. — Вельмі часта яны маюць значныя псіхалагічныя праблемы: увага баць­коў скіравана ў асноўным на хворае дзіця, і здаровыя браты і сёстры адчуваюць сябе абдзеленымі, і іх паводзіны часам могуць быць агрэсіўнымі ў адносінах да іншых дзяцей. Такім чынам, ідэя стварэння “доміка” заключалася ў тым, каб аказваць сіблінгам сацыяльна-псіхалагічную дапамогу ў пераадоленні цяжкасцей у адаптацыі і зносінах, спрыяць зніжэнню псіхаэмацыянальнага напружання ў сем’ях, якія знаходзяцца пад апекай хоспіса. Збіраць сіблінгаў разам на працягу навучальнага года не ўяўлялася магчымым, а вось летам за горадам гэта можна было ажыццявіць.

А пачыналася ўсё з набыцця звычайнага вясковага дома ў Заброддзі. Першыя чатыры гады ў ім сапраўды адпачывалі выключна сіблінгі, браты і сёстры якіх мелі цяжкія захворванні. Аднак з цягам часу быў набыты дадатковы ўчастак зямлі, узведзены новыя будынкі, і летам 2005 года “Домік Ганны” ўпершыню адчыніў дзверы для дзяцей-інвалідаў.

Сёння ў Заброддзі адпачываюць як цяжка хворыя дзеці, так і іх здаровыя браты і сёстры, а таксама сем’і, якія страцілі хворае дзіця. На тэрыторыі цэнтра “Бусел” размешчаны тры будынкі: дом для дзяцей з пакоямі для хлопчыкаў і дзяўчынак (на 15 месцаў), дом для валанцёраў і асобны домік для бацькоў (адначасова могуць пражываць 3 сям’і з маленькімі дзецьмі). Умовы пражывання максімальна набліжаны да дамашніх. Ёсць кухня, абсталяваная ўсёй неабходнай мэбляй і бытавой тэхнікай, камін і нават лазня. На двары — надзіманы басейн (на 10 тон вады) і выдатная спартыўная пляцоўка, а побач з ёй — гульнёвая з арэлямі, катацца на якіх можна нават у інваліднай калясцы. Увогуле, супрацоўнікі хоспіса ў свой час паклапаціліся аб стварэнні безбар’ернага асяроддзя ў аздараўленчым цэнтры.

Радуюць вока і фруктовыя дрэвы, высаджаныя на тэрыторыі цэнтра, і невялікі парк, і штучная сажалка. У траве “бягуць” сенсорныя сцяжынкі, чакае тэатральных дзей сцэна. Аднак галоўнай адметнасцю тут, напэўна, з’яўляецца вялікае дрэва з буслянкай, дзе жывуць са­праўдныя буслы.

Дарэчы, “домік” адпавядае ўсім патра­баванням, што прад’яўляюцца да дзіцячых аздараўленчых устаноў. Штогод гатоўнасць “Бусла” да сезона адпачынку правяраюць санэпідэміялагічная служба, прадстаўнікі МНС і г.д. І нараканняў з іх боку ніколі не ўзнікае.

Усяго за летні перыяд адбываецца 5 заездаў у “Домік Ганны”: на працягу чатырох змен адпачывае група дзяцей-інвалідаў з 10 чалавек і адзін раз — сіблінгі (12 чалавек). Для кожнай змены рыхтуецца спецыяльная праграма мерапрыемстваў (спартыўных, гульнёвых, музычных, трэнінгавых) з улікам фізічных магчымасцей дзяцей. У ролі важатых, калі карыстацца тэрміналогіяй дзіцячых летнікаў, выступаюць валанцёры — адзін на кожнае дзіця. Выхавальнікамі ж з’яўляюцца педагог-псіхолаг і сацыяльны педагог Беларускага дзіцячага хоспіса.

— Валанцёры да нас прыязджаюць нават з замежжа, — расказвае намеснік дырэктара па пытаннях стратэгіі і развіцця Беларускага дзіцячага хоспіса Максім Падбярозкін. — Гэта маладыя людзі з Іспа­ніі, Японіі, Грэцыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Партугаліі, Францыі. І нашы падапечныя не толькі даведваюцца пра жыццё ў іншых краінах, але і вывучаюць замежныя мовы, стасуючыся непасрэдна з іх носьбітамі. Таксама важна тое, што дзеці знаходзяцца тут без бацькоў: гэта надае ім самастойнасці, пазбаўляе гіперапекі, якая, шчыра кажучы, вельмі часта мае месца ў сем’ях, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, і не ідзе ім на карысць. Малыя актыўна ўдзельнічаюць у жыцці цэнтра, прымаюць самастойныя рашэнні: напрыклад, кожны вечар яны вырашаюць, у колькі гадзін будуць снедаць заўтра, што будуць рабіць пасля снедання і г.д. Безумоўна, існуе праграма баўлення іх часу, аднак у яе заўсёды могуць уносіцца пэўныя карэктывы. Такім чынам мы яшчэ раз падкрэсліваем, што жыць трэба тут і цяпер, і робім усё магчымае для таго, каб кожны новы дзень для нашых падапечных стаў лепшым за папярэдні. Галоўнае для нас — несці пазітыў дзецям і бачыць радасць у іх вачах.

Адпачываць у “Бусел” прыяз­джаюць у асноўным сем’і, якія не маюць загараднага дома ці дачы, а таксама дзеці-інваліды з усіх рэгіёнаў краіны.

— Справа ў тым, што, згодна са статусам хоспіса, мы бяром пад апеку дзяцей з цяжкім станам здароўя, таму далёка не ўсе нашы падапечныя могуць паехаць летам у “домік”, — заўважае М.Падбярозкін. — Аднак мы супрацоўнічаем з цэнтрамі карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, інтэрнатамі для дзяцей-інвалідаў і запрашаем іх выхаванцаў адпачнуць у нашым аздараўленчым цэнтры.

Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.
liatkouskaya@ng-press.by


© Сайт арыгіналу Сацыяльны ракурс, 2012.
Тэгі: ,

Feed enhanced by Better Feed from Ozh