“Галоўнае на свеце — гэта нашы дзеці!” — пад такім дэвізам на працягу 40 гадоў працуюць педагогі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста. За час існавання ўстановы дзясяткі тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак змаглі далучыцца да дзіўнага свету творчасці. На рахунку выхаванцаў цэнтра шмат узнагарод, атрыманых па выніках розных конкурсаў і выстаў.
— Спачатку ў гарадскім доме піянераў і школьнікаў, адкрытым у 1977 годзе, працавалі тры аддзелы (палітыка-масавы, тэхнічнай і мастацкай творчасці), якія наведвалі больш за 600 дзяцей, — расказвае загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста Л.В.Лясун. — Выхаванцаў асабліва прыцягвалі маляванне, кройка і шыццё, мадэляванне, паходы, канцэрты і выставы. У савецкі час установа з’яўлялася цэнтрам піянерскага жыцця горада.
Сённяшні ЦДАДіМ Брэста знаходзіцца ў сучасным будынку са светлымі і ўтульнымі кабінетамі і заламі, аснашчанымі неабходным абсталяваннем. Гэта мнагапрофільная ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе займаюцца больш за 2 тысячы навучэнцаў ва ўзросце ад 4 да 31 года.
— У цэнтры працуюць пяць аддзелаў, — гаворыць Л.В.Лясун. — Так, у аддзеле тэхнічнай творчасці дзеці вучацца канструяваць мадэлі з паперы, драўніны і пенапласту, вырабляюць і апрабоўваюць мадэлі аўтамабіляў і самалётаў, апрацоўваюць тэкставую інфармацыю і ствараюць уласныя праграмныя прадукты. Выхаванцы аб’яднанняў па інтарэсах актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх гарадскіх і рэспубліканскіх спаборніцтвах па тэхнічным канструяванні і мадэляванні, дзе заўсёды атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды. Акрамя таго, дзеці асвойваюць вэб-канструяванне. Адным з самых захапляльных мерапрыемстваў аддзела з’яўляецца гарадскі конкурс паветраных змеяў “Май-скае неба Перамогі”.
Аддзел арганізацыйна-творчай работы прапаноўвае вывучаць замежныя мовы. Дзеці, якія цікавяцца інтэлектуальнымі гульнямі, праяўляюць арганізатарскія і акцёрскія здольнасці ў гарадской школьнай лізе КВЗ. Для дашкольнікаў арганізоўваюцца вучэбныя гульні. Старэйшыя дзеці знаёмяцца з мастацтвам канферансу, вучацца пісаць нататкі і артыкулы ў СМІ.
Актыўная моладзь цэнтра аб’ядналася ў акадэмію маладзёжных ініцыятыў Брэста, дзе атрымлівае вопыт вядзення мерапрыемстваў, рэалізоўвае сацыяльныя праекты. Сярод іх — “Апостраф” (па папулярызацыі беларускай мовы сярод моладзі) і “На ўсю 1000”, прымеркаваны да 1000-годдзя горада.
Задачы інклюзіўнага навучання вырашаюцца праз валанцёрскі рух, трэнінгі “Роўнасць” ці “1 = 1” з удзелам дзяцей з АПФР. У рамках адкрытых дыялогаў лідараў акадэміі з прадстаўнікамі ЮНІСЕФ у Беларусі і супрацоўніцтва з гарадскім Саветам дэпутатаў моладзь набывае каштоўны вопыт канструктыўнага ўзаемадзеяння з равеснікамі і дарослымі.
Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці аддзела турыстычна-краязнаўчай і біялагічнай работы з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне школьнікаў. У аб’яднаннях па інтарэсах дзеці вывучаюць прыроду роднага краю і гісторыю Брэстчыны, займаюцца краязнаўствам, вядуць экалагічную работу. Шматдзённыя паходы на прыроду ў рамках міжведамаснага праекта “Рабінзанада з ратавальнікамі” — адна з любімых форм аздараўлення выхаванцаў цэнтра.
— Патрыётаў краіны нельга выхаваць без вывучэння яе гераічнага мінулага, — лічыць Л.В.Лясун. — Структурным падраздзяленнем цэнтра з’яўляецца Пост памяці ля Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”. Праз гэтую школу мужнасці і патрыятызму за 45 гадоў прайшлі тысячы школьнікаў. За час існавання Пост памяці стаў своеасаблівым мастом дружбы паміж моладдзю краін СНД. З 2001 года брэсцкія пастоўцы наведалі шмат гарадоў-герояў у рамках міжнародных злётаў юнармейскіх атрадаў.
Па словах Л.В.Лясун, сярод навучэнцаў вельмі запатрабавана выяўленчая і дэкаратыўна-мастацкая творчасць. У аб’яднаннях па інтарэсах дзеці асвойваюць жывапіс, малюнак, графіку, бацік, мастацкі роспіс, кераміку, пляценне і аплікацыю з саломкі, мяккую цацку, тэкстыльны дызайн, мадэляванне адзення і інш. Так, ва ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Саламяная майстэрня” хлопчыкі і дзяўчынкі спасцігаюць асноўныя прыёмы і правілы работы з саломкай і глінай.
Будучыя мадэльеры з узорнай студыі моды і дызайну “Крэатыў” вучацца швейнаму рамяству, ствараюць сваімі рукамі адмысловыя калекцыі, дэманструюць іх на подыумах. Юныя дызайнеры адзення паспяхова выступаюць на фестывалях “Новыя імёны” і “Млын моды”.
Юныя мастакі, якія наведваюць узорныя студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Дэкор” і “Вясёлка”, а таксама народную студыю выяўленчага мастацтва “Акварыум”, асвойваюць розныя тэхнікі малюнка і жывапісу, вывучаюць асновы кампазіцыі, знаёмяцца з гісторыяй мастацтва. Штогод педагогі арганізоўваюць 4—5 персанальных выстаў творчых работ навучэнцаў, прычым не толькі ў сценах цэнтра, але і ў залах іншых устаноў адукацыі і культуры Брэста.
Адукацыйная галіна “Выяўленчае мастацтва: малюнак, жывапіс, кампазіцыя” ў студыі “Вясёлка” і вучэбная дысцыпліна “Кампазіцыя” ў студыі “Дэкор” адыгрываюць важную ролю ў дапрафесійнай падрыхтоўцы падлеткаў і вывучаюцца па праграмах павышанага ўзроўню.
Творчыя поспехі педагогаў і дзяцей пацвярджаюцца шматлікімі ўзнагародамі на рэспубліканскіх і міжнародных выставах дзіцячай творчасці (“АрхНавацыя”, “Калядная зорка”, “Прывітанне, свет!” і “На сваёй зямлі”).
Гонарам установы з’яўляюцца ўзорныя і народныя калектывы мастацка-эстэтычнага напрамку. Народны ансамбль народных інструментаў “Святач”, узорны ансамбль народнага танца “Злаціца” і ўзорны ансамбль танца “Праменьчык” актыўна прапагандуюць беларускую нацыянальную культуру не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Цэнтр арганізоўвае шэраг конкурсаў дзіцячай творчасці, накіраваных на выяўленне і развіццё таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак у розных відах дзейнасці. Так, традыцыйныя конкурсы дзіцячай мастацкай творчасці “Залаты пеўнік”, “Прыступкі” і “Крылы” збіраюць на сцэне спевакоў і танцораў ад малодшага да старэйшага школьнага ўзросту. Штогадовы адкрыты конкурс юных мадэльераў даўно стаў адной з самых яркіх і запамінальных падзей у жыцці горада. Юныя куцюр’е са школ Брэста прэзентуюць журы як адзіночныя мадэлі, так і тэматычныя калекцыі адзення, выкананыя з выкарыстаннем розных дэкаратыўных прынтаў і аксесуараў. Гарадскія літаратурныя конкурсы “Голас дзяцінства” і “Пад белымі крыламі” дазваляе творчым дзецям праявіць паэтычныя і сцэнічныя здольнасці. Гарадскі фестываль тэатраў “Батлейка” прапагандуе традыцыйныя віды народнай творчасці і новыя напрамкі развіцця творчасці моладзі.
— Наша ўстанова — гэта дзіўны свет творчасці, дзе створаны належныя ўмовы для задавальнення розных запытаў дзяцей і іх бацькоў, — адзначае дырэктар цэнтра Ю.А.Глебік. — Радуе, што многія навучэнцы вызначылі сваё месца ў жыцці дзякуючы тым напрамкам дзейнасці, па якіх займаліся ў цэнтры. У гэтым ім дапамагла высокапрафесійная каманда творчых педагогаў, якія любяць дзяцей і сваю справу.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота з архіва Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста.