У гасцях у Лютага…

- 11:10Выхаванне

Педагогі Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ў сваёй гульнявой праграме запрашаюць хлопчыкаў і дзяўчынак пабываць “У гасцях у Лютага”. Трапіць да яго можна праз дзверы эколага-забаўляльнага цэнтра, які адкрыўся ў 2015 годзе ў межах праекта “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай эканомікі”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Эколага-забаўляльны цэнтр “У гасцях у 12 месяцаў” — гэта ўнікальны прыродны аб’ект, які размешчаны на беразе возера Свіцязь (возера неаднаразова ўслаўлялася беларускімі празаікамі і паэтамі, адлюстроўвалася на карцінах мастакоў). Уздоўж прадуманых да дробязей сцяжынак размешчаны інфармацыйныя стэнды, фотазоны, імправізаваная кніга А.Міцкевіча з баладай пра возера Свіцязь, хатка Бабы Ягі, “пастка”-павуціна ад Лесуна, спартыўныя турнікі, дэкаратыўныя пянькі, фігуры жывёл (бурага мядзведзя, што спіць у бярлозе, вожыка).

З мэтай стварэння ўмоў для актыўнага і карыснага адпачынку навучэнцаў устаноў адукацыі, для стварэння атмасферы пазітыву, творчасці, прыязнасці педагогамі Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі была распрацавана навучальная гульнявая праграма “У гасцях у Лютага, ці Як правесці вясёлыя выхадныя з карысцю для здароўя”.

Хлопчыкаў і дзяўчынак ля ўвахода сустракае матухна Зіма, адразу заводзіць вясёлую песню. Яна расказвае гасцям пра гісторыю заказніка, знаёміць са сваім брацікам Лютым, бабуляй-траўніцай, якая дапамагае па гаспадарцы. І тут раптам з-за вугла на сваёй “рэактыўнай мятле” вылятае Баба Яга, выбягаюць Лясун і Пачвара. Але яны зусім не злыя. Натхнёныя добрым настроем хлопчыкаў і дзяўчынак, яны таксама пачынаюць танцаваць, спяваць, загадваць загадкі.

Госці дзеляцца на каманды. Адна група адпраўляецца ў домік да Лютага, дзе вучацца ствараць прыгожыя вырабы з прыроднага матэрыялу сваімі рукамі, слухаюць пра гаючыя ўласцівасці асобных раслін, вучацца фарміраваць правільныя і карысныя травяныя зборы. Усе вырабы дзеці забіраюць дадому.

Другая група разам з Бабай Ягой, Лесуном і Пачварай адпраўляецца ў падарожжа, дзе іх чакаюць выпрабаванні, вясёлыя заданні. Але ў пачатку шляху гарэза Яга знаёміць дзяцей са сваёй хаткай і бярэ ў іх “абяцанне добрых паводзін”. У гульнявой форме дзеці на станцыях вучацца правільна сартаваць смецце (па цэнтры раскіданы малюнкі з выявамі рознага роду смецця, знайсці якія трэба за пэўны прамежак часу і потым рассартаваць па скрынях зялёнага, жоўтага, чырвонага і чорнага колераў), даведаюцца, як хутка і лёгка вызначыць узрост дрэў, спаборнічаюць у спрыце. Прайшоўшы ўсе станцыі, групы мяняюцца месцамі.

Гасцей суправаджае добрая і вясёлая Цыганка, якая гатовая і паваражыць, і дапамагчы, і пасмяяцца разам з гасцямі. Заканчваецца сустрэча цыганскім танцавальным батлам, дзе ўсе без выключэння (і дарослыя, і дзеці) танчаць да ўпаду.

Вынік сустрэчы — зарад выдатнага настрою, лёгкія, напоўненыя свежым паветрам свіцязянскага заказніка.

Гэта толькі пачатак вялікага падарожжа па 12 месяцах. Наперадзе яшчэ шмат выхадных, новых уражанняў, новых гульняў і забаў!

Алена МІКЛАШ,
дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.