У гонар знакамітага земляка

- 11:07Навіны рэгіёнаў

Акцыя “Дарогаю дабрыні” распачалася ў гімназіі № 1 Чэрвеня. Навучэнцы ўстановы плануюць здзейсніць пяць добрых спраў для ўшанавання памяці У.А.Караля, чыё імя носіць гімназія.

Уладзімір Адамавіч Кароль — народны архітэктар СССР, заслужаны будаўнік БССР, старшыня Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па справах будаўніцтва. Пры яго актыўным удзеле распрацаваны генеральны план Мінска ў комплексе з праектам яго прыгараднай зоны, Уладзімір Адамавіч браў удзел у праектаванні Ленінскага праспекта (сёння гэта праспект Незалежнасці), Галоўпаштамта, помніка на плошчы Перамогі. Па яго праектах былі пабудаваны жылыя дамы ў розных гарадах Беларусі. У.А.Кароль узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэнам Леніна, шматлікімі медалямі і ганаровымі граматамі.

Уладзімір Адамавіч скончыў ігуменскую сямігодку, якая праз многа гадоў стала гімназіяй № 1 Чэрвеня і з 1980 года носіць імя свайго знакамітага выпускніка. Сёлета адзначаецца 105-годдзе з дня нараджэння У.А.Караля, і гэта знакавая падзея для гімназіі, да якой старанна рыхтуюцца. Менавіта гэтай даце і прысвячаецца акцыя “Дарогаю дабрыні”.

Распачалі акцыю навучэнцы гімназіі пасадкай алеі Памяці на тэрыторыі ўстановы, яны ўжо прыступілі да стварэння творчых работ для выставы “Архітэктура У.А.Караля ў малюнках нашчадкаў”, у планах — правядзенне экскурсійнага доследу “Шляхамі У.А.Караля”. Каб пра знакамітага земляка ўспаміналі не толькі ў гімназіі, але і ва ўсім раёне, рыхтуецца раённы вэб-квест “Крокамі У.А.Караля”. Таксама запланавана правядзенне фотавыставы па тэме акцыі.

— Мы рады, што навучэнцы гімназіі актыўна далучаюцца да работы ў гэтым кірунку, — расказвае дырэктар гімназіі Аксана Мікалаеўна Калтовіч, — гэта вельмі важна для выхавання патрыятычных пачуццяў вучняў і ўсведамлення імі таго, што дасягненне жыццёвых вышынь залежыць ад іх саміх.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.