У госці да Дзеда Мароза на Аўгустоўскі канал

- 15:38Нам пішуць

З 15 снежня ў Гродзенскім раёне адкрылася новая рэзідэнцыя Дзеда Мароза: у якасці штаб-кватэры ён абраў домік наглядчыка Аўгустоўскага канала каля шлюза Дамброўка, дзе ў 2016 годзе быў адкрыты музей Аўгустоўскага канала.

“Шмат гадоў лятаў зімовы чараўнік па краіне. Адкрываў свае рэзідэнцыі ў розных кутках Беларусі, але аднойчы пабываў на Аўгустоўскім канале, закахаўся ў гэтыя мясціны і вырашыў застацца тут назаўсёды”, — расказваюць казачныя героі прыгожую легенду навучэнцам Сапоцкінскай сярэдняй школы, якія пабывалі на Аўгустоўскім канале напярэдадні Каляд і Новага года.

Нашых навучэнцаў сустрэлі Дзед Мароз з унучкай Снягуркай. Героі любімых мульцікаў — Ямеля на печы, разбойнікі, Баба Яга, Снегавік, Агністы Певень і Жоўты Земляны Сабака — гулялі з дзецьмі і дарослымі. Яны правялі гасцей па сцежцы казак і паказалі чароўны масток праз Аўгустоўскі канал, на якім можна было загадаць навагодняе жаданне. У майстэрні Снягуркі навучэнцы мелі магчымасць зрабіць сувеніры сваімі рукамі, пакаштаваць бліны і булачкі. Дзеці пісалі лісты Дзеду Марозу і Снягурцы, расказвалі вершы, спявалі песенькі, каб атрымаць падарунак, а потым нават пракаціліся з ветрыкам на брычцы.

Уражанняў ад паездкі ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза на Аўгустоўскім канале дзецям хопіць надоўга. Святочны настрой дапоўняць ранішнікі і навагоднія святы ў школе, паездкі ў Гродзенскі драматычны тэатр на навогодняе эстрадна-цыркавое “Канфеці-шоу”, акцыя “У госці з Каляднай зоркай”, вячоркі ў школьным музейным пакоі “Зімовыя сельскія вечарыны перад Калядамі”, спартыўныя спаборніцтвы “На лыжах з ветрыкам” і інш.

Люцына РОЖЫЦ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Сапоцкінскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.