У госці да продкаў

- 13:26Культура

У сталічным Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе незвычайная літаратурна-этнаграфічная экспазіцыя “Мова хаты”. Дзякуючы ёй, можна “апынуцца” ў традыцыйнай хаце беларускага селяніна ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, пазнаёміцца з яе падзелам на часткі, а таксама са святамі і звычаямі нашых продкаў, з сямейна-абрадавымі і хрысціянскімі традыцыямі.

У выставачнай зале на амаль 60 кв.м можна ўбачыць і адчуць дыялог з мінулым і сучасным, з эстэ­тычным светам, таму што жыллё заўсёды было адным з найважнейшых сімвалаў культуры. “Наша экспазіцыя — гэта своеасаблівы нарыс, які расказвае пра пабудову беларускай хаты, прадметнае і семантычнае яе напаўненне, традыцыі нашых продкаў, іх побыт: як яны жылі, якімі справамі займаліся, як вялі гаспадарку. А лейтматыў нашай экспазіцыі тое, што хата — гэта не толькі месца, дзе мы нараджаемся і жывём, а ўвесь навакольны свет, — падкрэсліла малодшы наву­ковы супрацоўнік навукова-асвет­ніцкага аддзела музея гісторыі беларускай літаратуры Карына Саўрыцкая. — Мы ўзнавілі 4 куты сялянскай хаты: печ, бабін кут, спальнае месца і чырвоны кут, у кожным з іх размешчаны розныя атрыбуты побыту”.

Экскурсія па такой выставе звычайна пачынаецца з аповеда пра парог. Вы калі-небудзь задумваліся, чаму хата мела высокі парог? Аказваецца, з ім было звязана мноства народных абрадаў і прыкмет. “Парог па ўяўленні беларусаў — гэта месца, дзе жы­вуць душы продкаў, якія могуць уплываць на здароўе, багацце гаспадароў і іх узаемаадносіны з іншымі людзьмі, — тлумачыць супрацоўніца музея. — Адразу пры ўваходзе ў хаце нас сустракае печ, якая прыкладна да 70-х га­доў ХІХ стагоддзя ў большасці сваёй была курнай. Яна заўсёды займала пачэснае месца, а да агню ставіліся, як да жывой істоты”. Насупраць печы размешчаны так званы бабін кут, дзе знахо­дзіліся чыста жано­чыя прылады: дзяжа для хлеба, бойка, збаночкі, форма для сыру, макацёр, сальніцы і г.д. І ў кожнай рэчы — свая гісторыя і прызначэнне.

Увасабленнем духу дома быў дамавічок або хатнік, ці гаспадар-падпечнік. На выставе “Мова хаты” ён сядзіць у макотцы. “Хатнічак — добры дух хаты, ён настолькі ачалавечаны, што з ім нават можна пасябраваць. Лічыцца, што ён лю­біць сем’і, якія жывуць у згодзе і добра вядуць гаспадарку”, — дадала К.Саўрыцкая. Па яе словах, у час экскурсіі супрацоўні­кі пастаянна звяртаюць увагу наведвальнікаў на слова “род”, ад якога пайшло шмат слоў: прырода, нараджэнне, Ра­дзіма, народ, продак, родзіч, ура­джай і інш.

У другім куце размешчана спаль­нае месца. Асноўны прынцып беларускай этнапедагогікі — выхаванне дзяцей у працы, якія амаль з калыскі прывучаліся да яе. Што такое пасаг і што сваімі рукамі павінна была ўмець рабіць дзяўчына, чым адметныя жаночы і мужчынскі касцюм, ручнік і пояс, у чым асаблівасць чыр­вонага кута, дзе садзілі пачэсных гасцей — даведаецеся ў музеі. Таму лепш адзін раз схадзіць і ўсё пабачыць на свае вочы, чым сто разоў прачытаць.

Акрамя таго, адна з вітрын расказвае, як выбіралі месца для пабудовы хаты, што таксама цесна было звязана з прыродай. “З даўніх часоў месца для новай хаты выбіралі наступным чынам. За некалькі дзён да будаўніцтва кідалі на зямлю дубовую кару з лесу і прыкладна на чацвёрты дзень падымалі яе і глядзелі, што пакажацца пад карой. Калі там знаходзілі чарвякоў ці чорных мурашак, то лічылі, што такое месца найбольш спрыяльнае для будаў­ніцтва. Калі ж пад карой заводзі­ліся павукі ці звычайныя мурашкі, то ў такім месцы нічога не будавалі”, — нагадала К.Саўрыцкая.

Побач з рэчамі, якімі карысталіся гаспадары хаты, выстаўлены і кнігі. Такім чынам, кожны кут набыў сваю адмысловую літаратурную тэматыку. Дзеці могуць пазнаёміцца з беларускімі народнымі казкамі, такімі як “Залатая шарсцінка, срэбраная павуцінка”, “Чортаў скарб” і “Кацёл з каменьчыкамі” Уладзіміра Караткевіча, “Шчасце і Няшчасце” Уладзіміра Ягоўдзіка, “Чаму Меша не мае хаты” Надзеі Ясмінскай, дзіцячым часопісам “Заранка”, які выхо­дзіў у Вільні ў 1929—1931 гадах на беларускай мове. А дарослых за­цікавяць кнігі пра школы-хаты і хатняе навучанне дзяцей у даў­ней­шых вёсках, напрыклад, падручнік педагога і багаслова Сяргея Паўловіча 1929 года і граматыка з калекцыі палескага фалькларыста Аляксандра Сержпутоўскага. “Да­рэчы, у 2020 го­дзе мы святкуем 110-годдзе з дня нараджэння паэтэсы Ларысы Геніюш, скразной тэмай яе творчасці была тэма радзімы. І менавіта радкі з яе верша “Мая мова” натхнілі нас на ства­рэнне экспазіцыі “Мова хаты”. Тэкс­ты многіх вершаў паэтэсы напаўняюць выставачную прастору”, — сказала экскурсавод.

Паслухаць старадаўнюю каларытную “Мову хаты”, а заадно добра і цёпла правесці час з сям’ёй, даведаўшыся, як жылі нашы продкі і будавалі свой свет, можна да канца снежня.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва музея.