Ура, канікулы пачаліся! І ў Алекшыцкай школе Бераставіцкага раёна пачаў працаваць лагер з дзённым знаходжаннем “Сонейка”. Але гэта не проста лагер. Гэта работа дзвюх кінастудый “Гармідар” і “Смайлік”, якія на працягу 18 дзён удзельнічаюць у здымках дакументальнага фільма пра жыццё ў лагеры “У кадры я і маё лета!”.
Яшчэ 1 чэрвеня, у першы дзень работы кінастудый над кадрам “Увага! Матор!”, акцёры (дзеці) і рэжысёры (выхавальнікі) на працягу дня рыхтавалі свае кінастудыі да здымак.
Другі дзень пад назвай “Галерэя зорак” адкрыў лагерную змену. Тут акцёры прынялі ўдзел у канцэртнай праграме, а таксама ў шоу “Танцы”. Кожны паказаў свае ўменні і таленты.
“У пошуках прыгод” — менавіта пад такім дэвізам працавалі кінастудыі на працягу трэцяга дня ў лагеры. А гэта і наведванне музейнага пакоя ў філіяле па культурна-забаўляльнай дзейнасці аграгарадка Алекшыцы, і прагляд прыгодніцкага фільма “Люстэрка часу”, і ўдзел у летнім кросе “Усе на старт”. Па выніках кожнага дня акцёры і рэжысёры запаўняюць кадры фільма на стэндзе ў фае кінастудый.
Людміла САДАЎНІЧАЯ,
дырэктар аздараўленчага лагера “Сонейка”
Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.