Калі гавораць пра паспяховую спартыўную кар’еру, то найчасцей глядзяць у бок буйных гарадоў: маўляў, толькі там ёсць і годная база, і фінансаванне, і славутыя трэнеры. Таму Круглае (менш за год носіць статус горада) Магілёўскай вобласці ў гэтых адносінах хутчэй выключэнне. Тут большасць жыхароў у спорце — калі не ў прафесійным, то ў аматарскім.
Спорт для ўсіх
Спорт на Кругляншчыне сапраўды займае асаблівае месца. Са спортам сябруюць і малышы, якія асвойваюць усе магчымыя яго віды, і іх бацькі, якія гуляюць у міні-футбол, стрытбол, валейбол, шахматы, дартс, спаборнічаюць у кіданні гранаты, кулявой стральбе, армрэслінгу, лёгкай атлетыцы, спартыўным рыбалоўстве. Прыемна бачыць, як паважаныя матроны шпацыруюць вечарамі па-скандынаўску, а сівабародыя мужчыны ўмела ўпраўляюцца са скураным мячом. У многім гэта заслуга Круглянскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.
Круглянскi раён не раз перамагаў у спаборнiцтве па ўзроўні развiцця фiзiчнай культуры, спорту i турызму сярод раёнаў Магiлёўскай вобласцi з насельнiцтвам да 25 тысяч чалавек. Дарослыя аматары футбола стварылі каманду “Зара-Круглае”. Яна ў 2016 годзе стала чэмпіёнам у краіне сярод аматарскіх каманд (праўда, сёлета часова прыпыніла свае трэніроўкі).
Зорная візітоўка
Галоўная ўвага ў раёне ўдзяляецца спартыўнаму выхаванню школьнікаў. Асноўную работу па папулярызацыі спорту сярод моладзі ў раёне праводзіць аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і яго начальнік Сяргей Мікалаевіч Храмцоў.
Знаёмства з ім зруйнавала маё ўяўленне пра яго калег па пасадзе. Выдатная фізічная форма, ветлівая ўсмешка, агонь у вачах, таварыскасць, бязмерны гонар за таленавітых землякоў спалучаюцца ў яго з прафесіяналізмам кіраўніка. У мінулым настаўнік фізкультуры, Сяргей Мікалаевіч не перастаў ім быць і сёння, толькі ўжо яго ўрокі выйшлі далёка за межы спартзалы.
Да аб’яднання двух аддзелаў менавіта ён узначальваў аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. Нядзіўна, што сёння, кіруючы ўсёй педагагічнай сферай раёна, Сяргей Мікалаевіч асаблівую ўвагу ўдзяляе спартыўным складнікам. У горадзе і раёне ніколі не пустуюць спартзалы, стадыёны і спецыяльна абсталяваныя тэрыторыі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, сярэдніх школ № 1 і № 2, парку культуры і адпачынку і інш. Другі год будзе працаваць адкрыты ім спартклас на базе сярэдняй школы № 1.
Эпіцэнтрам жа фізвыхавання стала Круглянская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. За амаль 50 гадоў дзейнасці яна дала старт у вялікі спорт больш за 9 тысячам юных жыхароў раёна, многія з якіх сталі прафесійнымі спартсменамі і трэнерамі.
У спартыўным (ды і не толькі) асяроддзі вядомы імёны круглянскіх выхаванцаў-чэмпіёнаў Ірыны Курачкінай, Руслана Лукашэвіча, Ілоны Івановай, Настассі Кунец, Дзілшота Хайбарава, Ільі Коршунава, Аляксандра Кісялёва і многіх іншых. У зорны пералік можна дадаваць імёны Вадзіма Будкевіча, Рамана Хайбарава, Аляксея Цыркунова, Рамана Цвятава і іншых.
Сёння ў школе на аддзяленнях лёгкай атлетыкі, лыжных гонак, футбола і грэка-рымскай барацьбы займаюцца 299 навучэнцаў (усяго ў раёне 1670 дзяцей). Ужо і яны паказваюць першыя значныя вынікі.
Так, сёлета на рахунку выхаванцаў аддзялення лёгкай атлетыкі 1-е месца на першынстве Магілёўскай вобласці па кросе. На сёння некалькі чалавек залічаны ў нацыянальную зборную. У мінулым годзе Ілона Іванова выканала нарматыў майстра спорту па лёгкай атлетыцы. Летась Аляксандр Кісялёў, пераможца чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па мнагаборстве, паспрабаваў сябе на чэмпіянаце Еўропы сярод юнакоў па лёгкай атлетыцы і заняў 13-е месца па скачках у вышыню. На сёлетнім чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў у Італіі ў ліпені, Аляксандр выйшаў у фінал і заняў 11-е месца, наскакаўшы 210 см.
Лідарскія пазіцыі на зімовым і летнім мнагаборстве “Здароўе”, “Абаронца Айчыны” і многіх іншых круглянскія спартсмены не здаюць ужо на працягу некалькіх гадоў. Заўсёды паспяховае выступленне круглянскіх дзяўчынак і хлопчыкаў на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах “Снежны снайпер”.
“Трэніруе юных лёгкаатлетаў ужо 37 гадоў вопытны трэнер Анатоль Мікалаевіч Баландзін, — з гонарам расказвае Сяргей Мікалаевіч Храмцоў. — Чалавек, адданы спорту, сам вырас у Круглянскім раёне, выпускнік ДЮСШ. Няма, мабыць, чалавека, які б не ведаў пра яго любоў да спорту, да майстэрскай працы з дзецьмі. Ён сам штогод у свой вольны час рыхтуе і праводзіць спартакіяду пачатковых класаў “Надзея” па ўсіх існуючых відах лёгкай атлетыкі для навучэнцаў 1—4 класаў у сярэдняй школе № 2 і тым самым падбірае ў сваю каманду таленавітых спартсменаў”.
Ёсць чым пахваліцца і лыжнікам. Яны таксама штогод папаўняюць нацыянальную зборную. Сёлета, напрыклад, у яе ўвайшоў 14-гадовы Аляксей Логвінаў, які стаў пераможцам Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў па біятлоне і сярэбраным прызёрам Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў па лыжных гонках.
Мяркуючы па дзясятках мячоў і кубкаў у кабінеце Сяргея Мікалаевіча, футбалісты таксама недарма надзяваюць буцы. Сярод апошніх дасягненняў — перамога на абласным этапе турніру “Кубак Coca-Cola. Уступай у гульню!” сярод хлопчыкаў 11—13 гадоў (сярэдняя школа № 1 і ДЮСШ).
Самае маладое — аддзяленне грэка-рымскай барацьбы. “Адкрылася яно ў 1989 годзе і па выніках яго выхаванцы — другія ў вобласці, саступаюць толькі Бабруйску. Летась чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь быў Вадзім Будкевіч, у гэтым годзе гэтае званне атрымаў Лёша Козік, — гаворыць Вольга Міхайлаўна Шэленберг, намеснік дырэктара Круглянскай ДЮСШ. — Мы ў сябе штогод праводзім традыцыйны турнір па грэка-рымскай барацьбе памяці У.А.Каравацкага (былога загадчыка аддзела адукацыі, дзякуючы якому ў нашым раёне барацьба і з’явілася). Турнір ужо атрымаў практычна рэспубліканскі маштаб: сёлета спаборнічалі 150 барцоў з 8 гарадоў. Чэмпіёнамі ў сваіх катэгорыях сталі нашы выхаванцы Аляксей Козік, Аляксандр Хазанаў, Іван Шпілеўскі і Артур Данільчык. Пяцёра нашых заваявалі “серабро” і сямёра — “бронзу”.Кожны юны спартсмен упэўнены, што гэта толькі пачатак. І пацвярджаюць гэта поспехі выпускнікоў. Напрыклад, Ірына Курачкіна ўжо стала чэмпіёнкай Еўропы, а на мінулым тыдні прывезла “бронзу” з чэмпіянату свету па жаночай барацьбе.
Сакрэт поспеху маленькага горада
Гаворачы пра сакрэты спартыўных поспехаў круглянцаў, Сяргей Мікалаевіч Храмцоў зазначае: “Сакрэт якраз у тым, што раён маленькі, усе адно аднаго ведаюць. Увесь выкладчыцка-трэнерскі склад — нашы выхаванцы, якія пасля заканчэння дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы атрымалі фізкультурную адукацыю і вярнуліся ў раён. І гэта — аснова такіх высокіх вынікаў. Нашы трэнеры навідавоку, пра іх пішуць газеты, у іх з ахвотай займаюцца дзеці. На агульным гарадскім выпускным мы ўзнагароджваем не толькі медалістаў, але і лепшых спартсменаў, дорым ім імянныя падарункі”.
Па словах Вольгі Міхайлаўны Шэленберг, важную ролю адыгрывае стаўленне і пашана спартыўных дасягненняў самога начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму. “Сяргей Мікалаевіч ведае ўсіх дзяцей, якія дасягнулі поспехаў у спорце хаця б на раённым ці абласным узроўні, у твар, па імені і па выніках і заўсёды вітае іх, сустрэўшы на вуліцы, за руку”, — дадае Вольга Міхайлаўна.
Але палюбілі ў Круглым спорт, як аказалася, нават занадта. “У той час, калі ў іншых раёнах не хапае кадраў, у нас існуе іншая праблема: многія дзеці выбіраюць спартыўныя прафесіі і, атрымаўшы адукацыю, вяртаюцца ў раён. А ўсім ім не хапае вакантных месцаў: на сёння ў нас нават існуе конкурс, — дзеліцца С.М.Храмцоў. — Як ні сумна гаварыць, але мы ўжо не даём мэтавыя накіраванні, бо мы не можам даць гарантыю працаўладкавання. Але ўсё роўна дзеці ідуць у спорт і спадзяюцца, што і ім месца знойдзецца. У нас усюды працуюць спецыялісты: ад кіраўніка фізвыхавання дашкольнай установы да трэнера. Большасць маюць вышэйшую адукацыю, усе без выключэння — ураджэнцы Круглянскага раёна і выхаванцы нашай спартыўнай школы.
У нас да спорту асаблівае стаўленне. Многія бацькі нашых дзяцей самі прайшлі праз спартыўныя школы, яны ведаюць трэнераў, цэняць спорт і прывіваюць любоў да актыўнага ладу жыцця сваім дзецям. Менавіта ў гэтым ідэя — падружыўшы аднойчы людзей са спортам, не даць ім са спортам развітацца”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Круглянскай ДЮСШ.