У Лельчыцах абмеркавалі траекторыю развіцця адукацыйнай сістэмы

- 10:03Актуально, Образование

Міністр адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь Андрэй Іванец у рамках рабочай паездкі пагутарыў з педагогамі Лельчыцкага раёна. У сустрэчы прынялі ўдзел начальнік галоў­нага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў і старшыня Лельчыцкага райвыканкама Сяргей Дылюк, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Падчас візіту міністр азнаё­міўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай, умовамі арганізацыі адукацыйнага працэсу і прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці ўстаноў адукацыі раёна і ў прыватнасці Лельчыцкай раённай гімназіі імя І.А.Коласа. Гасцей віталі выхаванцы гарадскіх дзіцячых садоў № 5 і № 4, удзельнікі праектаў “Юныя сябры лесу” і “Юныя патрыёты”. З ранніх гадоў малышам прывіваюць беражлівае стаўленне да прыроды і любоў да роднага краю. Магчыма, з юных патрыётаў у будучыні вырас­туць і кіраўнікі лясной галіны. Наву­чэнцы сярэдняй школы № 1 расказалі аб мерапрыемствах грама­дзянска-патрыятычнага напрамку, падрабязна спыніліся на тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна.

— Сур’ёзная ўвага ва ўстановах адукацыі ўдзяляецца не толькі адукацыйнай праграме, але і выхаваўчаму кампаненту, у прыватнасці патрыятычнаму выхаванню, — адзначыў Андрэй Іванавіч. — У ліку першачарговых задач — фарміраванне ў навучэнцаў светапогляду і станоўчага стаўлення да бацькоў, сям’і, установы адукацыі, малой радзімы і краіны.

Размаўляючы з прадстаўнікамі сферы адукацыі, кіраўнік ведамства акцэнтаваў увагу на рабоце, якая праводзіцца ў раёне, вобласці і па ўсёй рэспубліцы і будуецца не толькі на навучанні школьнікаў, але і на псіхолага-педагагічным суправаджэнні, рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Дзякуючы спецыялістам рознага профілю, створаныя сацыяльна-псіхалагіч­ныя і педагагічныя ўмовы ў комплексе садзейніча­юць паспяховаму развіццю і навучанню, а таксама дапамагаюць у вырашэнні шэрага задач, звязаных з са­цыялізацыяй школьнікаў. Міністр адзначыў пры гэтым, што ЦКРНіР — каардынатар работы ў гэтым напрамку:

— Ад работы ў дзіцячых садах і ЦКРНіР залежыць калі не ўсё, то вельмі многае. Калі ў раннім узросце на высокім узроўні бу­дзе праведзена своечасовая карэкцыя, аказана прафесійная, сістэмная дапамога, калі спецыялістамі будзе выбудавана работа з бацькамі (80% поспеху залежыць менавіта ад гэтага), то вынік бу­дзе. У нас кожны ЦКРНіР унікальны, як і методыкі работы: усе яны аўтарскія.

Сапраўды, сёння кожны педагог, ці то дэфектолаг, ці то настаўнік пачатковых класаў, выхавальнік дашкольнай установы адукацыі, павінен валодаць усімі кампетэнцыямі, працуючы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся і пытанні ўступнай кампаніі. Сёння для адораных школьнікаў для далейшага развіцця іх адукацыйнай траекторыі створаны беспрэцэдэнтныя ўмовы: такога не было ні ў савецкі, ні ў пост­савецкі час. Матываваныя наву­чэнцы, выпускнікі профільных класаў — педагагічных, аграрных, спартыўных, інжынерных, ваенна-патрыятычных класаў і клубаў — па адпаведнай спецыяльнасці і без экзаменаў (пры пэўным узроўні паспяховасці) могуць стаць абітурыентамі рэгіянальных УВА. Плануецца, што да 15% бюджэтных месцаў прадаставяць пераможцам універсітэцкіх алімпіяд. Прызёры абласных алімпіяд без іспытаў будуць залічвацца на першы курс любой рэгіянальнай УВА.

— Сёлета па выніках унутраных іспытаў, без здачы ЦТ, паступілі больш за 17 тысяч маладых людзей, гэта значыць кожны трэці выпускнік, — агучвае даныя Андрэй Іванавіч. — Зараз уносяцца змяненні ў правілы прыёму ва УВА медалістаў — выпускнікоў школ.

Ільготная траекторыя дазво­ліць ім паступіць у любую рэгіянальную УВА таксама без экзаменаў на шэраг спецыяльнасцей, запатрабаваных эканомікай. Дарэчы, у Міністэрстве адукацыі падлічылі колькасць таленавітых і адораных выпускнікоў-медалістаў — іх больш за чатыры тысячы.

Увага педагагічнай грамадскасці акцэнтавалася і на будучай уступнай кампаніі, здачы ЦЭ і ЦТ, профільных іспытах. Анансуецца, што празрыстасць ЦЭ і ЦТ будзе поўнасцю забяспечана. Вялікім плюсам сёлетняй уступнай кампаніі стане этапнасць яе правядзення.

— Усё будзе максімальна адкрыта і празрыста, — сказаў кіраўнік ведамства.

Што тычыцца выпускнікоў-парушальнікаў, якія спісваюць, выкарыстоўваюць мабільныя тэлефоны, то тут “памілавання” не будзе: спісваеш — на пераздачу, але толькі ў наступным годзе.

Адносна пытанняў пераемнасці ў выхаваўчай рабоце міністр сказаў, што вызначаны шэраг ключавых, фундаментальных напрамкаў. Гэта ў тым ліку музейная педагогіка, экскурсійная дзейнасць. Асобна Андрэй Іванец спыніўся на праектах шостага школьнага дня: ва ўстановах кожная субота адрозніваецца сваёй тэматыкай, цікавымі мерапрыемствамі. Галоўнае — рэалізоўваць іх якасна і разнастайна.

На завяршэнне сустрэчы ўдзельнікі мерапрыемства змаглі задаць міністру адукацыі пытанні, на якія атрымалі аргументаваныя адказы. Калектыву і навучэнцам Лельчыцкай раённай гімназіі Андрэй Іванец прэзентаваў памятныя выданні кніг, адрасаваўшы настаўнікам асабістую падзяку за педагагічную працу і ўклад у выхаванне моладзі.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара