У найбольшай бяспецы той, хто напагатове, нават калі няма небяспекі

У рамках рэспубліканскай акцыі “За бяспеку — разам” навучэнцы 4 “В” і 2 “В” класаў Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы наведалі Цэнтр бяспекі МНС у Лідзе.

Вядома, трэнінгі, практычныя заняткі даюць пэўныя вынікі. Але сітуацыю, набліжаную да рэальных падзей, у рамках установы адукацыі сканструяваць складана. А найважнейшым правілам фарміравання бяспечных паводзін з’яўляецца прымяненне атрыманых ведаў у экстраннай сітуацыі. Нядаўна ў Лідзе пачаў работу цэнтр бяспекі МНС — вучэбны комплекс, які дазваляе ўзнавіць мадэлі розных надзвычайных сітуацый, а галоўнае, навучыць прымаць дакладныя дзеянні ў выпадку рэальнай небяспекі. Таму галоўнай мэтай наведвання цэнтра было замацаванне атрыманых ведаў на практыцы, набліжанай да рэальных умоў.

Дзеці замацавалі веды аб правілах паводзін у грамадскім транспарце і на прыпыначных пунктах, правілы пасадкі і высадкі з аўтобуса. Пакой экстраннай сітуацыі дапамог правільна змадэляваць алгарытм выкліку службы выратавання па тэлефоне. Школьнікі самастойна ліквідавалі ўзгаранне з дапамогай вогнетушыцеля; арыентуючыся на светлавыя табло “Выхад”, праходзілі задымленае памяшканне. Рэальнасць небяспекі і вострыя адчуванні стваралі спецыяльныя імітатары.

Як правільна паводзіць сябе ў затрыманым ліфце, аказаць дапамогу тапельцу, зрабіць штучнае дыханне? Што рабіць, калі ты заблудзіўся ў лесе? Педагог цэнтра падрабязна на трэнажорах і манекенах паказала парадак дзеянняў у такіх сітуацыях і дала магчымасць кожнаму адпрацаваць атрыманыя веды на практыцы.

Марына МАЦЕЙКА,
настаўніца пачатковых класаў Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *