У партнёрстве з бацькамі і соцыумам

- 12:07Дашкольная адукацыя

Яслі-сад № 116 Магілёва расчыніў свае дзверы для маленькіх жыхароў мікрараёна Спадарожнік у 2014 годзе. Установа адразу стала актыўным сацыяльна-культурным цэнтрам, прыцягнула бацькоў добрымі ўмовамі для развіцця здольнасцей дзяцей. У 2015 годзе загадчыкам ясляў-сада была прызначана Алена Іванаўна Крукоўская — вопытны педагог і кіраўнік. З таго моманту дашкольная ўстанова № 116 неаднойчы была ўзнагароджана дыпломамі на гарадскім і раённым узроўнях за лепшую арганізацыю адукацыйнага працэсу. Вопыт работы педагогаў сада па розных кірунках штогод прадстаўляецца на семінарах, канферэнцыях, у тым ліку рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

Падтрымліваем сямейныя каштоўнасці

“Калі я прыйшла ў яслі-сад № 116, самым галоўным для мяне было арганізаваць творчую групу педагогаў, той цэнтр, да якога імкнуліся б усе астатнія, — адзначыла Алена Іванаўна. — А таксама зацікавіць калег перспектывамі, растлумачыць, чаго можа дасягнуць кожны з іх у прафесійным плане. Адзін з асноўных кірункаў у рабоце педагогаў, які мы вылучылі, — захаванне і ўмацаванне здароўя малышоў. Для гэтага ў садзе ёсць усе неабходныя рэсурсы. Абсталяваны фізіятэрапеўтычны блок, які ўключае кабінеты святло- і цеплалячэння, масажны кабінет з сучасным функцыянальным абсталяваннем. Своечасовыя прызначэнні спецыялістаў дазволілі практычна ўдвая знізіць узровень захворвання дашкольнікаў. У нас функцыянуюць дзве санаторныя групы. У перспектыве іх колькасць плануецца павялічыць. У нас з’явіўся пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, які сёння наведваюць 72 дзіцяці, што стапрацэнтна задавальняе патрэбы выхаванцаў. У сувязі з гэтым мне хацелася б адзначыць паспяховую работу настаўніка-дэфектолага Вікторыі Уладзіміраўны Шкуратавай, асабліва яе вопыт выкарыстання інтэрактыўнай дошкі на занятках, якім яна дзеліцца з калегамі.

Ва ўстанове абсталяваны музычная, фізкультурная і гімнастычная залы. Унікальным па сваім абсталяванні і сістэме падрыхтоўкі вады з міні-лабараторыяй з’яўляецца вялікі стацыянарны басейн, у якім праводзяцца заняткі як для выхаванцаў дзіцячага сада, так і для маленькіх жыхароў Спадарожніка ва ўзросце ад 1,5 да 6 гадоў. Пазнаёміцца з вопытам арганізацыі заняткаў гульнявой пляцоўкі ў басейне, якія праводзіць кіраўнік фізвыхавання Таццяна Мікалаеўна Афцені, у сад прыязджаюць госці з Магілёва, Мінска, з Расіі”.

Запрашаем у віртуальны музей

Педагогі ясляў-сада № 116 Магілёва выкарыстоўваюць у адукацыйным працэсе сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. З 2016/2017 навучальнага года тут дзейнічае рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”. З мэтай рэалізацыі праекта наладжана ўзаемадзеянне з соцыумам. Для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту з дапамогай бацькоў арганізоўваюцца выязныя заняткі ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р.Раманава і Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленнікава, наведванне тэматычных выстаў у музеях. У рамках пазнавальнага праекта “Гісторыя нацыянальнага касцюма”, які курыруе Аляксандра Алегаўна Яршова, выхаванцы старшай групы адзначылі асаблівасці нацыянальнага касцюма магілёўскага строю, змаглі ўбачыць касцюмы жыхароў Магілёўшчыны, даведацца пра асаблівасці тканіны, вышыўкі, колеравай гамы. Вынікам праекта стала прэзентацыя з выкарыстаннем мадэлей касцюмаў, зробленых выхаванцамі старшых груп разам з бацькамі.

Жывой крыніцай развіцця дзяцей з’яўляецца краязнаўства. Для малышоў i iх бацькоў праводзяцца незабыўныя экскурсіі па Магілёве з мэтай азнаямлення са славутасцямі горада, пашырэння ведаў пра баявыя подзвігі беларускага народа, пра гістарычнае мінулае і сучаснае. Атрыманыя веды дзеці замацоўваюць у гульнявой і працоўнай дзейнасці. Выкарыстоўваючы фотаздымкі, зробленыя падчас экскурсій, старшыя дашкольнікі праводзяць віртуальныя падарожжы па Магілёве для іншых выхаванцаў установы і для сваіх бацькоў.

У пошукава-пазнавальную дзейнасць па зборы інфармацыі аб родным горадзе і краі ўключаюцца бацькі выхаванцаў. На аснове сабранага матэрыялу ствараюцца відэа-праекты і мультымедыйныя прэзентацыі, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе. Так, разам з бацькамі створаны прэзентацыі “Людзі, якія праславілі наш край”, “Беларуская нацыянальная кухня”, “Архітэктурныя вобразы Магілёўшчыны”, фотакалейдаскоп “Горад, у якім я жыву” (дарэчы, у аднайменным гарадскім конкурсе малюнка ў 2017 годзе выхаванцы сада Аліна Языкова, Хрысціна Ісайкіна, Яўген Краўчанка заваявалі дыпломы ІІ ступені).

Вопыт работы педагогаў па інавацыйным праекце прадстаўляўся не толькі ў вобласці, але і на міжнародным узроўні, калі ўстанову наведвалі прадстаўнікі Кітая, Японіі, Англіі, Расіі, Украіны.

Эканомныя і беражлівыя

З мэтай выхавання ў малышоў культуры энергазберажэння і энергаспажывання ў садзе праводзіцца інфармацыйна-растлумачальная работа, арганізуюцца тэматычныя заняткі, конкурсы, выставы дзіцячых малюнкаў і вырабаў. Бацькі разам з дзецьмі ўдзельнічаюць у конкурсах вырабаў з непрыдатнага матэрыялу і тэматычных плакатаў. Педагогі распрацавалі шэраг дыдактычных гульняў па энергазберажэнні, сарціроўцы бытавых адходаў, эканоміі прыродных рэсурсаў. Праводзяцца незвычайныя дэфіле касцюмаў з другаснай сыравіны “Касмічнае падарожжа”, якія ствараюць бацькі са сваімі дзецьмі.

У 2016/2017 навучальным годзе дашкольная ўстанова прыняла ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2016” і стала пераможцай абласнога этапу і дыпламантам рэспубліканскага этапу конкурсу ў намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыi”. Ад арганізатараў мерапрыемства ўстанова атрымала грант — 10 тысяч рублёў на аснашчэнне матэрыяльнай базы, якія былі патрачаны на энергазберагальныя свяцільні, на абнаўленне тэхналагічнага абсталявання. Сваю работу ў гэтым кірунку калектыў прадставіў на рэспубліканскім семінары “Сучасныя тэхналогіі энергазберажэння: адукацыя, вытворчасць, светапогляд”. Перад удзельнікамі семінара выступілі і выхаванцы сада, якія займаюцца ў харэаграфічным калектыве ўстановы “Планета”. Яны прадэманстравалі веды і навыкі па энергаэфектыўным ладзе жыцця. Гэты танцавальны ансамбль, дарэчы, атрымаў дыплом ІІ ступені ў раённым фестывалі-конкурсе “Я магу” ў намінацыі “Харэаграфічная творчасць” (музычны кіраўнік Аксана Уладзіміраўна Талкачова).

Актуальныя кірункі развіцця

Выкананне сацыяльнага заказу бацькоў на адукацыйныя паслугі для дзяцей, у тым ліку на платнай аснове, — яшчэ адзін актуальны кірунак развіцця ясляў-сада № 116 Магілёва. Тут арганізаваны гурткі “Непаседы” (харэаграфія), “Габеленчык” (развіццё творчых здольнасцей дзяцей праз ручное ткацтва на прыкладзе тэхналогіі габеленапляцення), “Вясёлая англійская” (навучанне англійскай мове), “Кропелька” (навучанне плаванню для дзяцей, якія не наведваюць дашкольную ўстанову (ва ўзросце ад 4 да 6 гадоў).

“Працэнт ахопу дзяцей, старэйшых за 4 гады, адукацыйнымі паслугамі складае сёння 95% (у 2015 годзе — 78%, у 2016 годзе — 90%), — расказала Алена Іванаўна. — Штогод колькасць і віды такіх паслуг пашыраюцца. Імкненне вырашыць праблему ахопу дзяцей ва ўзросце ад 2 да 6 гадоў дашкольнай адукацыяй прывяло да ідэі ўкаранення варыятыўных арганізацыйных форм адукацыі. Пры гэтым захоўваецца не толькі права кожнага дзіцяці на якасную і даступную адукацыю, але і розны рэжым знаходжання выхаванцаў у садзе. Так, у нашай установе арганізаваны наступныя варыятыўныя формы адукацыі: мацярынская школа “Малышок”, гульнявая пляцоўка ў басейне “Дэльфіняня”, адаптацыйная група “Я сам”, гульнявыя пляцоўкі “Разумняша”, “Свет рухаў”. Акрамя таго, дзейнічае пляцоўка для правядзення сумесных заняткаў для дзяцей дашкольнага ўзросту “ТатаЗала”, куды малышы на бясплатнай аснове прыходзяць толькі разам з татамі. Заняткі ў іх праводзіць кіраўнік фізвыхавання Жанна Уладзіміраўна Мільто. Гэты педагог, дарэчы, даў старт для пераможцаў гарадскіх спаборніцтваў “Юны гімнаст” Анісіі Казінковай, Таісіі Цумаравай, Максіма Казлова, Арцёма Краўцова. Выхаванцы ўзнагароджаны двума дыпломамі І ступені, двума дыпломамі ІІ ступені і адным дыпломам ІІІ ступені.

Найважнейшым кірункам дзейнасці супрацоўнікаў стала развіццё сістэмы падтрымкі дзяцей і іх сем’яў. У мікрараёне-новабудоўлі Спадарожнік, дзе знаходзіцца яслі-сад № 116, пражываюць пераважна мнагадзетныя сем’і. Толькі ва ўстанове такіх сем’яў 48, а ўсяго выхаванцаў у садзе — 370. У сям’і Левянец, напрыклад, выхоўваюцца 5 дзяцей, іх мама — Таццяна Рыгораўна — атрымала ордэн Маці. Жанчына — пастаянны актыўны ўдзельнік бацькоўскага камітэта. У сям’і Ісайкіных — двое дзяцей. А ў іх мамы — залатыя рукі. Яна ўдзельнічае ва ўсіх творчых конкурсах, якія праводзяцца ў садзе, у выставах малюнкаў, дапамагае педагогам майстраваць маляўнічыя дапаможнікі”.

Асаблівую ўвагу калектыў дашкольнай установы ўдзяляе супрацоўніцтву і сацыяльнаму партнёрству з установамі адукацыі, аховы здароўя, грамадскімі арганізацыямі, а таксама з Магілёўскім абласным упраўленнем ДАІ, Магілёўскім гарадскім і абласным упраўленнем МНС, Дэпартаментам аховы.

Планы і перспектывы

“Хочацца і далей працаваць у рэжыме развіцця, — гаворыць Алена Іванаўна. — Наш рэспубліканскі інавацыйны праект па віртуальных музеях першы, але, упэўнена, не апошні. Мы марым паўдзельнічаць яшчэ і ў эксперыментальнай рабоце на ўзроўні рэспублікі. Плануем падзяліцца з іншымі дашкольнымі ўстановамі вопытам сваёй работы і атрымаць майстар-класы ад педагогаў з іншых устаноў, у тым ліку ад нашых замежных калег. Мы будзем пашыраць спектр адукацыйных паслуг. Так, прапануем малышам заняткі дзіцячым фітнесам. Наш спецыяліст Ганна Барысаўна Брыль мае адпаведны сертыфікат. Працягнем працаваць над пашырэннем выкарыстання ІКТ, інтэрактыўнай дошкі на занятках з дашкольнікамі. Плануем таксама папоўніць матэрыяльнае асяроддзе ўстановы сучасным гульнявым абсталяваннем. Вялікую ўвагу па традыцыі будзем удзяляць добраўпарадкаванню тэрыторыі. Не аднойчы адпаведныя праекты адзначаліся дыпломамі ў горадзе: адзін з іх прысвечаны 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, другі — святкаванню 750-годдзя Магілёва. Упэўнена, што рэсурсы і магчымасці для рэалізацыі нашых нават самых смелых планаў знойдуцца”.

Надзея ЦЕРАХАВА.