У пастаянным творчым пошуку

- 14:31Навіны рэгіёнаў

На працягу 10 гадоў удзельнікі клуба педагагічных сустрэч “Разам”, які аб’ядноўвае выхавальнікаў дашкольных устаноў Століншчыны, выкарыстоўваюць у рабоце з дзецьмі тэхналогію “Тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач” і актыўна абменьваюцца вопытам у гэтым напрамку.

Нязменным кіраўніком клуба з’яўляецца выхавальніца Рэчыцкага ясляў-сада № 2 Наталля Барысаўна Крэнь. Разам з ёй педагогі не толькі папаўняюць тэарэтычныя веды і прафесійны багаж уменняў, павышаюць узровень прафесіяналізму і майстэрства ў цэлым, але і атрымліваюць шмат станоўчых эмоцый ад зносін з калегамі-аднадумцамі.

— Работа па вывучэнні і ўкараненні ТРВЗ-тэхналогіі пачыналася ў 2006 годзе са стварэння раённай праблемнай групы, куды ўвайшлі актыўныя і ініцыятыўныя педагогі, — расказвае метадыст Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Андрэеўна Кавальская. — На працягу некалькіх гадоў яны распрацоўвалі канспекты заняткаў, абагульнялі вопыт планавання адукацыйнай работы з дашкольнікамі. З часам праблемная група перарасла ў клуб педагагічных сустрэч “Разам”, на пасяджэннях якога вырашаюцца задачы па фарміраванні ў выхавальнікаў навыкаў сістэмнага мыслення, здольнасцей да самастойнай імправізацыі ў адукацыйным працэсе, уменняў весці мэтанакіраваную работу па развіцці дыялектычнага мыслення, творчага ўяўлення і маўлення дзяцей. Гэтаму садзейнічаюць розныя формы правядзення пасяджэнняў клуба: трэнінгі, дыскусіі, круглыя сталы, майстар-класы, творчыя прэзентацыі і інш.

Па словах Н.А.Кавальскай, усіх удзельнікаў клуба аб’ядноўваюць высокі кваліфікацыйны ўзровень, актыўная жыццёвая і прафесійная пазіцыя. Педагогі ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах і конкурсах, праводзяць майстар-класы для загадчыкаў дашкольных устаноў, іх намеснікаў, выхавальнікаў і настаўнікаў-дэфектолагаў па эфектыўным выкарыстанні метадаў і прыёмаў ТРВЗ-тэхналогіі і іншых напрамках работы з дзецьмі.

Выхавальнікі Галіна Аляксандраўна Дульская, Алена Яўгенаўна Кураева і Валянціна Міхайлаўна Белавус — удзельнікі рэспубліканскага клуба педагагічных сустрэч “Эфектыўны вопыт выкарыстання ў рабоце з дзецьмі дашкольнага ўзросту ТРВЗ-тэхналогіі”. Напрацоўкі клуба па маўленчым развіцці дашкольнікаў сродкамі ТРВЗ-тэхналогіі выклікалі цікавасць падчас мінулагодняга рэгіянальнага этапу Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый у Іванаве Брэсцкай вобласці. Многія з выхавальнікаў удзельнічалі ў раённых этапах Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” ў адпаведнай намінацыі.

На нядаўнім (юбілейным) пасяджэнні клуба педагогі дзяліліся вопытам па вырабе дыдактычных і наглядных дапаможнікаў, аўтарскіх гульняў і цацак, іх выкарыстанні ў адукацыйным працэсе для развіцця ў дашкольнікаў інтэлектуальных здольнасцей, вынаходніцкай кемлівасці, творчага ўяўлення і мыслення.

— Удзельнікі клуба добра разумеюць, што сучаснаму грамадству неабходны інтэлектуальна развітыя, самастойныя і творчыя людзі, якія арыгінальна мысляць і ўмеюць прымаць нестандартныя рашэнні, — гаворыць Н.А.Кавальская. — Практыка паказала, што ТРВЗ-тэхналогія дазваляе дзецям праявіць індывідуальнасць і нестандартнае мысленне, з’яўляецца аптымальным сродкам развіцця інтэлектуальных здольнасцей старшых дашкольнікаў у іх падрыхтоўцы да школы. Радуе, што ў клуб прыходзяць маладыя ініцыятыўныя педагогі, гатовыя да творчага пошуку. Гэта дазваляе клубу развівацца і дабівацца новых поспехаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.