У першы клас – паўстагоддзя назад

- 15:47Нам пішуць

У далёкім 1965 годзе 1 верасня для хлапчукоў і дзяўчынак расчыніў дзверы новы будынак Грудзінаўскай школы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Прасторныя светлыя кабінеты з цяжкасцю мясцілі ўсіх вучняў.
У суботу 6 лютага 2016 г. у Грудзінаўскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа быў юбілейны, пяцідзесяты, вечар сустрэчы выпускнікоў. Празвінеў званок, пад гукі якога ў залу запрасілі першакласнікаў 1965 года: Валерыя Волкава, Мікалая Рабычына, Леаніда Селівёрстава, Мікалая Ступакова, Людмілу Крывулькіну, Валянціну Кейзераву. Гэта ўжо не тыя малышы, якіх за сабой вяла іх першая настаўніца Лідзія Фрыцаўна Жлоба. Гэта дарослыя, сур’ёзныя людзі. Таксама ў залу пад гукі музыкі запрасілі і выпускнікоў 1965/1966 навучальнага года, якія ў гэтым годзе адзначылі 50 гадоў з моманту заканчэння школы.
Для выпускнікоў быў арганізаваны канцэрт: гучалі песні, вершы. Успомнілі настаўнікаў – ветэранаў педагагічнай працы і тых, каго ўжо з намі няма. Былая настаўніца музыкі Вера Міхайлаўна Галдаева правяла з выпускнікамі ўрок музыкі. Усе яны ахвотна спявалі разам са сваім настаўнікам. Ветэранам педагагічнай працы ад школы былі паднесены невялікія падарункі.
Мілая, родная школа! Хай у тваіх калідорах заўсёды гучыць вясёлы смех, а ў класах – мяккая, зачаравальная цішыня. Нізкі паклон ад усіх выпускнікоў!

І. СЕЛІВЁРСТАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры.