Апошнія тры гады яслі-сад № 4 “Паўлінка” Жодзіна выходзіць у пераможцы спаборніцтваў па выніках дзейнасці сярод дашкольных устаноў горада. Сярод асноўных кірункаў работы гэтай установы — ахова і ўмацаванне здароўя дзяцей, стварэнне атмасферы псіхалагічнага камфорту для кожнага малыша.
“Ва ўстанове створана сістэма аздараўленчых мерапрыемстваў, мэта якіх — загартоўванне дзяцей, — расказвае загадчык сада Ірына Уладзіміраўна Міхальчанка, якая працуе ва ўстанове з яе адкрыцця, з 1995 года. — Ранішняя гімнастыка, фізкультурныя заняткі і святы, дні здароўя, прагулкі і практыкаванні на свежым паветры, хадзьба па дарожцы здароўя, фізкультхвілінкі, дыхальная гімнастыка і гімнастыка для вачэй, наведванне басейна — усё гэта ёсць у нашым штодзённым раскладзе. Басейн выхаванцы пачынаюць наведваць з трохгадовага ўзросту. Дзеці другой малодшай групы — раз на тыдзень, сярэдняй і старшай групы — два разы на тыдзень”.
Кіраўнік фізвыхавання ў басейне Ларыса Мікалаеўна Рудкова працуе ў яслях-садзе з 1998 года. Яна вучыць малышоў плаванню спосабамі “брас”, “кроль”, выкарыстоўвае элементы гідрапластыкі, аквааэробікі. У сваёй дзейнасці педагог спалучае розныя віды мастацтва: музычнае, мастацкае і тэатральнае. Працуе яна ў цесным супрацоўніцтве са спецыялістамі ўстановы. Усе разам яны рэалізоўваюць задачы розных адукацыйных раздзелаў вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.
У “Паўлінцы” для педагогаў іншых дашкольных устаноў Жодзіна два разы ў год праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне здароўя дзяцей: семінары, спартыўныя святы, спартландыі з дзецьмі і бацькамі.
У рамках супрацоўніцтва з сем’ямі выхаванцаў па фарміраванні здаровага ладу жыцця арганізоўваецца работа з бацькамі: працуюць дзіцяча-бацькоўскія клубы “Здаравяк” і “Дружная сямейка”, асноўная мэта якіх — захаванне і ўмацаванне не толькі фізічнага, але і псіхалагічнага здароўя дзяцей і бацькоў. Мерапрыемствы ў клубах праводзяцца ў форме семінараў-практыкумаў, трэнінгавых заняткаў, круглых сталоў, музычна-спартыўных свят.
Вынікі маніторынгу здароўя дашкольнікаў сведчаць, што дзеці, якія рэгулярна наведваюць заняткі ў басейне, практычна не хварэюць, яны загартаваныя, фізічна больш моцныя. У мінулым годзе ў садзе зафіксавана 3 пропускі па хваробе на адно дзіця ў год, а ў гэтым — паказчык 1,6 за 9 месяцаў. Гэта менш, чым увогуле па горадзе. 95 працэнтаў выпускнікоў установы ўмеюць плаваць. Выхаванцы ясляў-сада № 4 прымалі ўдзел у абласным месячніку “Залатая рыбка”, у рамках якога праводзілася мерапрыемства ў басейне “У пошуках залатога ключыка”, падчас якога дзеці дэманстравалі свае ўменні трымацца на воднай паверхні, паказвалі элементы бяспечных паводзін у басейне. Яслі-сад супрацоўнічае з Таварыствам выратавання на водах, разам з якім праводзіць мерапрыемствы па навучанні супрацоўнікаў, бацькоў і дзяцей бяспечным паводзінам на вадзе.
Пры рабоце з выхаванцамі вялікая ўвага ўдзяляецца бяспецы жыццядзейнасці дзяцей. З гэтай мэтай у памяшканні ясляў-сада, а таксама ў кожнай групе аформлены куткі бяспекі, дзе ёсць атрыбуты для арганізацыі сюжэтна-ролевых гульняў. Дзеці на практыцы абыгрываюць розныя сітуацыі, вучацца, як правільна паводзіць сябе на дарозе, на вадзе, у экстрэмальных сітуацыях, шмат увагі ўдзяляецца вывучэнню правіл пажарнай бяспекі. Штогод яслі-сад прымае ўдзел у конкурсе “Бяспечнае дзяцінства”. У 2015 годзе ўстанова стала пераможцай гэтага конкурсу на ўзроўні горада і ўдзельнічала ў абласным, дзе таксама была ўзнагароджана дыпломам.
У 2016—2017 годзе “Паўлінка” прымае ўдзел у гарадскім прафілактычным праекце “Здароўе пачынаецца з усмешкі”, у рамках якога ў яслях-садзе праводзяцца мерапрыемствы з дзецьмі і бацькамі з удзелам урача-валеолага і стаматолагаў.
На базе ўстановы праводзяцца абласныя семінары па фізічным выхаванні, а таксама мерапрыемствы ў рамках правядзення калегій упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.