У рэдактары пайду… вучыць іншых

- 12:03Вышэйшая школа

Ідэя праекта не новая: “Школа рэдактараў” створана ў Расіі  Максімам Ільяхавым. Але ў Беларусі падобных праектаў не было. Прынамсі, пакуль студэнтка факультэта журналістыкі БДУ Настасся Ларына не вырашыла пераняць вопыт суседзяў і перанесці яго ў медыяпрастору свайго ўніверсітэта.

Настасся Ларына (справа) уручае сертыфікат удзельніцы школы рэдактараў БДУ.

Насця любіла пісаць з таго часу, як сябе памятае. Яе інтарэсы не абмяжоўваліся адным напрамкам: на першым курсе дзяўчына паспела заявіць пра сябе на партале CityDog і ў карпаратыўнай газеце Мінскага трактарнага завода. Крыху пазней Настасся зразумела, што ёй цікава вучыць лю­дзей (два з паловай гады студэнтка выкладае пажылым людзям французскую мову ва Універсітэце трэцяга ўзросту). Але і тады яна не падазравала, што абодвум захапленням некалі давядзецца аб’яднацца.

Першы ўводны блок “Школы рэдактараў БДУ” прайшоў пад кіраўніцтвам журналіста “Настаўніцкай газеты” Мар’і Янковіч. Прамоўца расказала, з чаго складаецца добры тэкст і як трэба яго пісаць.

Першае, што павінен зрабіць аўтар, — зразумець, што і для каго ён хоча напісаць. Вядома, што паведамленне аднагрупнікам і артыкул пра паводзіны катоў для навуковага часопіса трэба пісаць па-рознаму. Важна ўлічваць узрост і інтарэсы мэтавай аўдыторыі.

Другое — выбраць сродкі данясення інфармацыі. Збіраецеся апублікаваць пост-разважанне, адправіць паведамленне сябру ці напісаць пісьмо работадаўцу? Для першага выпадку больш падыдуць сацыяльныя сеткі, для другога — месэнджар, а ў апошнім лепш выкарыстаць электронную пошту ці нават патэлефанаваць. Помніце, што ад канала залежыць стыль і лексіка, якую вы будзеце выкарыстоўваць.

— Знайдзіце “мяса” — факты, дакладную, унікальную і цікавую інфармацыю. Ім можа быць каментарый спецыяліста, сітуацыя ці інфармацыя з кнігі і асабісты вопыт, — патлумачыла Мар’я. — Напрыклад, пішаце матэрыял, як вырасціць дома апельсінавае дрэва. Вашы дзеянні: знаходзіце спецыяліста па апельсінавых дрэвах і выпытваеце інфармацыю ў яго; шукаеце спецыяльную літаратуру ў бібліятэцы і бераце звесткі з кніг; вырошчваеце апельсінавае дрэва дома і расказваеце, што з гэтага выйшла. Інтэрнэт — гэта не крыніца інфармацыі, бо звесткі адтуль нельга праверыць.

Наступны комплекс дзеянняў — структураванне тэксту (разбіце яго на тры часткі: уводзіны, асноўную частку і заключэнне).

1. Што пісаць ва ўводзінах?

* Зацікаўце чытача (раскажыце, што новага і цікавага ён зможа даведацца).

* Раскажыце пра карысць тэксту (чым ён можа дапамагчы, якую праблему чытача ён вырашыць).

* Заінтрыгуйце, але не перабярыце меру (інтрыга можа адпудзіць).

* Не лячыце (кожны сам ведае, як яму лепей, і вы не можаце гаварыць за ўсіх).

* Не рабіце здагадак (не сцвярджайце, што чытач, напрыклад, любіць сабак: або адказвайце за сябе, або прыводзьце статыстыку).

2. Асноўная частка. Выкарыстоўвайце правіла капрала: скажыце, пра што збіраецеся гаварыць, скажыце яшчэ раз, паўтарыце тое, што сказалі.

3. А ў заключэнні можна зрабіць рэзюмэ ці стварыць шпаргалку, якую можна выкарыстаць, не перачытваючы матэрыял. 

— Самае галоўнае — клапаціцеся пра чытача! Пакажыце, што вы напісалі тэкст для яго, улічылі інта­рэсы аўдыторыі і хочаце дапамагчы ёй вырашыць нейкую праблему, — падкрэсліла журналіст. — Помніце, што ўсё гэта — парады, а не правілы. Дабаўце часцінку сябе, знайдзіце асабісты падыход да суразмоўцы — і тэкст зайграе па-новаму, стане больш зразумелым, прасцейшым і цікавейшым.

Паступіўшы на журфак, дзяўчына вырашыла паназіраць, як нараджаюцца і дзейнічаюць праекты ва ўніверсітэце. Тут ёй дапамагла “ЕVЕNT-лабараторыя” — пляцоўка, дзе расказвалася пра стварэнне праектаў. Пасля студэнтка ўдзельнічала ў праекце “Публіка і Я” (тут моладзь расказвала, як трымацца на публіцы, не баяцца выступленняў і ўмела падыходзіць да выбару тэмы гутаркі). Настасся зразумела: трэба рабіць нешта сваё, і з гэтай думкай не расставалася. Аднойчы ў размове з калегай па студэнцкай арганізацыі яна задалася пытаннем: “А мы можам вучыць людзей пісаць тэксты?” Нядоўга думаючы, села прапісваць канцэпцыю. Але праз некалькі гадзін актыўнасць прыціхла і рашучасць пачала даваць слабіну: страшна ж! Упэўненасці дабавілася, калі пра ідэю даведаліся аднагрупнікі і сябры дзяўчыны.

“Яны ўзялі мяне на “слаба” і перыядычна пыталіся: “Як твой праект?”, “Што збіраешся рабіць?” Я яшчэ не да канца ведаю, што з гэтым рабіць, а ім цікава. Як тут кінеш?” — успамінае Насця.

Студэнтка прааналізавала змест дзеючых курсаў капірайтынгу, але яны больш падыходзілі для працы, чым для жыцця. Гэта і стала заходным пунктам. Склаўшы план і прапісаўшы мэты, Настасся звярнулася да старшыні савета па якасці адукацыі БДУ. Тады ж пачалася работа над дызайнам і было вырашана падаць заяўку на ўдзел у конкурсе “Лепшы маладзёжны праект БДУ”.

Марыя Эляшэвіч з “Камсамольскай праўды” ў Беларусі правяла некалькі лекцый. На першай — “Пра тэкст” — выступоўца дала парады, як запамінальна пачаць тэкст: прыцягнуць увагу; заручыцца аўтарытэтам ці даверам чытача; расказаць, чаму ваш тэкст карысны; абазначыць структуру тэксту.

На думку Марыі, у пачатак не варта выносіць фразеалагізмы, “цытаты вялікіх людзей”, фразы накшталт “ўсім вядома” і “ні для каго не сакрэт” (маўляў, калі ўсе ведаюць — няма сэнсу і гаварыць), пачынаць банальна (“Пачалася вясна — растуць кветкі”). І самае важнае — не выкарыстоўваць у тэксце слоў, якіх не ведаеце самі, і вопыту, не перажытага самастойна (гэта той выпадак, па словах дзяўчыны, калі ра­зумнічаць дрэнна).

На другой лекцыі, гаворачы пра загалоўкі і ліды журналісцкага матэрыялу, Марыя Эляшэвіч падкрэсліла, што ўніверсальных загалоўкаў не існуе (ёсць толькі меркаванні, што добра і што не вельмі). Тут усё залежыць ад стылю аўтара і выдання, для якога ствараецца тэкст. 

— Многім людзям не падабаюцца загалоўкі, напісаныя на манер таннай рэкламы (“10 парад, як запрасіць хлопца на спатканне”). Яны стамляюць чытачоў, — патлумачыла журналіст. — А вось метафарам можна даць зялёнае святло. Але лепш выкарыстоўваць не самі метафары, а іх змененыя версіі. Таксама можна звярнуцца да пытання ў загалоўку. У такім выпадку абавязкова наяўнасць зразумелага адказу на яго ў тэксце.

У каманду “Школы рэдактараў БДУ” ўвайшлі 5 студэнтаў, многія з якіх мелі вопыт правядзення студэнцкіх мерапрыемстваў. Дзяўчына прызнаецца, што невялікая колькасць арганізатараў — вынік спрацаванасці і таго, што яна як кіраўнік праекта не навучылася дэлегаваць абавязкі. Маўляў, калі дакладна ведаеш, якой павінна быць ідэя ў жыцці, хочацца шмат рабіць самому. Ствараць якасны кантэнт дапамагалі таксама запрошаныя спецыялісты.

“Нам хацелася, каб прамоўцы валодалі тэмай, таму запрашалі тых, каго ведалі ці з кім былі знаёмы завочна, каго бачылі ў справе: аглядальнікаў газет, рэдактараў, PR-спецыялістаў, SMM-шчыкаў, дызайнераў”, — гаворыць Настасся Ларына. — Нават зараз цяжка акрэсліць у некалькіх словах, што такое “Школа рэдактараў”. Найперш гэта месца, дзе можна навучыцца пісаць тэксты. І не толькі з пункту гледжання арфаграфіі і пунктуацыі. Важна, каб пасля навучання тэксты не неслі лішняй інфармацыі і прыносілі карысць.

На занятках па дзелавой перапісцы PR-менеджар рэкламнага агенцтва PRCIAgency Настасся Змітрукевіч у дзелавых зносінах параіла паміж перапіскай і гутаркай па тэлефоне выбіраць першае. Рабіць гэта спецыяліст раіць зыхозячы з сітуацыі: калі паведамленне вялікае і не патрабуе тэрміновага адказу, лепшым інструментам стане пошта. Калі ж кароткае і важная аператыўнасць у зваротнай сувязі, больш падыдуць месэнджары. А сацыяльныя сеткі часцей выкарыстоўваюць па неафіцыйных пытаннях.

Што павінна змяшчаць паведамленне? Імя адрасанта, прывітанне, сутнасць гутаркі (пытанне, просьба і да т.п), подпіс, кантакты для сувязі. Помніце пра тое, што ў перапісцы варта пазбягаць выбухованебяспечных фраз, нядбайнасці, панібрацтва і паспешлівасці. Аднак спецыяліст падкрэслівае, што, калі ёсць магчымасць сустрэцца, лепш спыніцца на ёй.

На працягу 9 тыдняў удзельнікам прапаноўваліся тэматычныя лекцыі, матэрыял якіх трэба было замацаваць выкананнем блока заданняў. Пачыналі з асноў — знаёмства з загалоўкам, лідам, напаўненнем тэксту. Потым моладзь наведвала майстар-класы па стварэнні “прэзентацыі, за якую не будзе сорамна”, вучылася вызначацца са спосабамі кантактавання з рознымі суразмоўцамі, практыкавалася ў стварэнні рэзюмэ і матывацыйных пісьмаў.

З праектам Настасся Ларына паспела паўдзельнічаць у конкурсе стартапаў, бо ідэю хацелася манетызаваць. На сумоўі Насцю спыталі, ці гатова яна за год рэалізаваць праект, і пасля станоўчага адказу яе ідэя апынулася у ліку 14 фіналістаў.

“У іншых абставінах арганізацыя зацягнулася б, а тут я вырашыла, што гатова. Ды і ўмовы, у якіх патрэбна было пастаянна працаваць, дысцыплінавалі”, — дзеліцца трэцякурсніца.

Школа рэдактараў БДУ ў лічбах

83 заяўкі, 30 адабраных канкурсантаў, 17 фіналістаў, 9 тыдняў навучання, 8 выступоўцаў.

Пра гэты вопыт Настасся ўспамінае як пра час трэніроўкі ў выступленннях і магчымасць сабраць меркаванні журы. Студэнтка запэўнівае, што чым больш атрымліваеш пытанняў ад аўдыторыі, тым лепш разумееш, якія моманты неабходна дапрацаваць.

Пасля завяршэння пілотнай версіі “Школы рэдактараў” маладыя людзі з каманды Насці адзначылі, што вераць у яе і гатовы працаваць далей. Праўда, у будучым сезоне арганізатары плануюць перавесці праект у анлайн-фармат. Ідэя таксама павінна выйсці за межы ўніверсітэта. Каманда пераканана, што такі тып узаемадзеяння са слухачамі вырашыць шэраг праблем, пачынаючы ад арэнды памяшкання, заканчваючы зборам лю­дзей у пэўны час. Адзінае, што турбуе арганізатараў, — адсутнасць гучнага імя. Але яго, лічаць студэнты, можна набыць.

Ірына ІВАШКА.
Фота Паліны ЗАБЕЛА.