У руках талентаў і дзеці таленавітыя

- 11:39Навіны рэгіёнаў

Дзяцей неабходна развіваць не толькі інтэлектуальна і фізічна, але і творча. Усе яны ад прыроды вельмі дапытлівыя і цікаўныя, поўныя жадання вучыцца. У кожнага ёсць здольнасці і таленты. Галоўнае — своечасова іх заўважыць і раскрыць.

Для развіцця творчага ўяўлення і бязмежнай фантазіі ў навучэнцаў нашы педагогі дадатковай адукацыі ствараюць максімальна спрыяльныя ўмовы. Дзеці вераць у казкі, а дарослыя робяць іх рэальнасцю. Стаць сапраўднымі чараўнікамі педагогам дапамагаюць тэатральная дзейнасць і шчырая любоў да выхаванцаў.

Аб’яднанні па інтарэсах для малодшых вучняў — адна з крыніц развіцця іх творчых здольнасцей. Кіраўнікі аб’яднанняў звяртаюцца да народнай педагогікі, якая з’яўляецца скарбніцай мудрасці і маральнага здароўя. Трапляючы ў дзіўны свет мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дзеці ў яркай і эмацыянальнай форме знаёмяцца з навакольным светам, засвойваюць важныя маральныя правілы і нормы паводзін.

У гуртку “Народныя рамёствы” школьнікі пад кіраўніцтвам Г.Я.Давідчык ствараюць адметныя вырабы. Так, дзеці з вялікім задавальненнем і стараннасцю рыхтавалі работы да XXI Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка” і выставы-конкурсу “Алімпійская цацка на ёлку”, якая праходзіла ў рамках праграмы развіцця алімпійскай адукацыі на Брэстчыне. Дзіцячыя работы атрымаліся надзвычай цікавымі і прыгожымі.

На занятках тэатра-студыі “Журавінка”, якім кіруе І.І.Рыбакова, хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічаюць у пастаноўках, заснаваных на асучасненых беларускіх творах. Гэта музычныя казкі на новы лад, яркае тэатральнае шоу з вялікім выхаваўчым патэнцыялам.

Творчая дзейнасць развівае пачуцці дзяцей, узбагачае іх уяўленне, пашырае веды, вопыт і інтарэсы, дазваляе адчуць шмат станоўчых эмоцый. Гурткоўцы — прызёры і пераможцы раённых і абласных творчых конкурсаў.
Выставы дзіцячых работ, святочныя мерапрыемствы, творчыя эксперыменты і пошукавыя сітуацыі прыносяць вялікую радасць і вучням, і педагогам, бо паказваюць каштоўнасць іх працы. У выніку творчай дзейнасці дзеці становяцца ініцыятыўнымі, эмацыянальнымі і больш актыўнымі, а ў настаўнікаў літаральна вырастаюць крылы за спінай.

Жанна ТАКАРЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Кляпацкай сярэдняй школы Пружанскага раёна.