У школе № 19 Баранавіч у гэтым годзе адбудзецца першы выпуск навучэнцаў інжынернага класа

- 14:07Пресс-тур «Настаўніцкай»

У сярэдняй школе № 19 Баранавіч у гэтым годзе адбудзецца першы выпуск навучэнцаў інжынернага класа, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Улічваючы спецыфіку нашага рэгіёна, дзе працуюць буйныя індустрыяльныя прадпрыемствы (ЗАТ “Атлант”, РУПП “Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній”, ААТ “Баранавіцкі завод станкапрылад” і інш.), дзе дзеці не па чутках ведаюць, што такое інжынерная прафесія, а таксама ўлічваючы тэндэнцыі развіцця сучаснай адукацыі, было прынята рашэнне аб распрацоўцы і рэалізацыі адукацыйнага праекта “Інжынерны клас у школе”. Гэтая ініцыятыва была падтрымана ўпраўленнем па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Сачавічык.

Настаўніца матэматыкі Ала Васілевіч праводзіць заняткі факультатыву

Рэалізацыі праекта пасадзейнічаў багаты вопыт арганізацыі профільнага навучання ва ўстанове, а таксама якасная падрыхтоўка навучэнцаў па прыродазнаўча-матэматычных і тэхнічных дысцыплінах. Вялізную ролю ў гэтым напрамку адыграў высокі прафесіяналізм педагогаў. Настаўнікі Ала Васілевіч, Алена Велікевіч, Жанна Петрушко, Жанна Сакалоўская, Таццяна Водчыц, Сяргей Слабко і іншыя добра знаёмы педагагічнай грамадскасці не толькі горада, але і рэспублікі. Гэтыя педагогі ўзначальваюць гарадскія вучэбна-метадычныя аб’яднанні, з’яўляюцца аўтарамі вучэбных дапаможнікаў, кіруюць цэнтрамі па рабоце з адоранымі вучнямі.

На рахунку школы перамогі вучняў на трэцім і чацвёртым этапах рэспубліканскай алімпіяды. Вось і сёлета на вобласці ў скарбонцы школьнікаў дыпломы па гісторыі (настаўніца Таццяна Прыступа), грамадазнаўстве (Юрый Шыманскі), англійскай мове (Наталля Дзегцярова), тэхнічнай працы (Міхаіл Домаш), рускай мове (Вераніка Грынчык). Па стабальных сертыфікатах выпускнікі ўстановы не адстаюць ад выпускнікоў гімназій. Толькі па выніках мінулага года іх 8, 2 з якіх — па матэматыцы (настаўніца Святлана Каратай). Не адно пакаленне хлопчыкаў вырасцілі знакамітыя настаўнікі тэхнічнай працы і чарчэння Міхаіл Домаш і Аляксандр Скрыбук. На іх агульным рахунку 10 пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па тэхнічнай працы.

У верасні мінулага года было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж БарДУ, упраўленнем па адукацыі, сярэдняй школай № 19 і заводам “Атлант”. Быў адкрыты інжынерны клас, пры адборы ў які ўлічваўся сярэдні бал атэстата вучняў — ён павінен быць не ніжэйшым за 7 балаў, як і адзнакі па профільных прадметах. 

Інжынерная адукацыя патрабуе дадатковых часавых і фінансавых выдаткаў, падрыхтоўкі педагагічных кадраў адпаведнай кваліфікацыі.

Адукацыйная праграма інжынернага класа мае свае асаблівас­ці. Яна ўключае павышаны ўзровень вывучэння фізікі і матэматыкі альбо хіміі і біялогіі, факультатыўныя заняткі па чарчэнні, інфарматыцы, псіхалагічнае тэсціраванне навучэнцаў і прафпробы. А яшчэ прадугледжвае ўдзел навучэнцаў ва ўніверсітэцкіх і анлайн-алімпіядах, сустрэчы з прадстаўнікамі інжынерных прафесій, стварэнне партфоліа, удзел у праектнай і даследчай дзейнасці інжынерна-тэхнічнай накіраванасці.

Навучэнцы інжынернага класа наведваюць факультатыўныя заняткі “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”. Педагогі, якія вядуць заняткі, — настаўнікі матэматыкі Ала Васілевіч і Алена Велікевіч — імкнуцца сфарміраваць у дзяцей станоўчае стаўленне да інжынерных прафесій і матываваць старшакласнікаў да працягу навучання ва УВА па гэтым профілі. Дзеці вывучаюць розныя напрамкі — ад машынабудавання да біяінжынерыі і аграбіялогіі. Практычныя заняткі праводзяцца ў лабараторыях БарДУ, а экскурсійны блок рэалізуецца на прадпрыемствах горада.

— Мы зрабілі цудоўны крок у бок развіцця цікавасці навучэнцаў да дакладных навук. Удзячны прадпрыемствам і ўніверсітэтам за тое, што з намі супрацоўнічаюць, — гаворыць настаўніца ма­тэматыкі Ала Васілевіч. — Штотыдзень у БарДУ праходзяць практычныя заняткі. БНТУ распрацаваў на год шэраг мерапрыемстваў, у якіх можна прымаць удзел. Нядаўна мы з вучнямі 10—11 класаў наведалі заняткі “Школа інтэ­лекту будучыні” на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ — па робататэхніцы, фізіцы і матэматыцы, праводзілася і праф­арыентацыйная гутарка. Старшакласнікі з задавальненнем наведваюць такія мерапрыемствы. Яны знаходзяцца зараз на тым этапе, калі патрэбна зрабіць правільны выбар, і чым больш інфармаваны вучань, тым меншая верагоднасць памылкі ў будучыні.

Настаўнік тэхнічнай працы Аляксандр Скрыбук разам са сваім вучнем

Сёлетнія выпускнікі Арсеній Шукала, Сяргей Скрыпко, Кацярына Вашчылка, Марыя Якубовіч і Яраслаў Скабялка пайшлі ў інжынерны клас мэтанакіравана: хочуць стаць інжынерамі-прагра­містамі і распрацоўваць сайты, праграмнае забеспячэнне, мабільныя дадаткі. Асабліва падабаюцца вучням практычныя заняткі ў лабараторыях універсітэта, экскурсіі на прадпрыемствы. Вельмі важна на свае вочы ўбачыць увесь тэхна­лагічны працэс той ці іншай вытворчасці, зразумець, у якіх умовах працу­юць людзі і, як гаворыцца, памацаць прафесію рукамі.

— Хоць да канца навучальнага года яшчэ некалькі месяцаў, але ўжо з упэўненасцю можна ска­заць, што праект удаўся. Удзел у ім дапамагае школьнікам зра­біць усвядомлены выбар будучай прафесіі. Мы перакананы, што праз 6—7 гадоў нашы навучэнцы вернуцца ў родны горад у якасці маладых спецыялістаў, — лі­чыць дырэктар школы Міхаіл Дарашэнка.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА