У школе № 2 Нароўлі імя І.М. Шаўрэя з’явіўся «Сад надзеі»

- 13:02Новости

Навучэнцы школы ўжо зараз мараць праверыць на смак, якімі ж будуць плады на дрэвах, а пакуль з задавальненнем даглядаюць маладыя саджанцы. Падрабязнасці у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Некалькі гадоў у нашай краіне праводзіцца рэспубліканская акцыя “Сад надзеі”. У першую чаргу яна накіравана на захаванне традыцый садоўніцтва, якія былі закладзены многія дзесяцігоддзі назад. Разам з тым сімвал яблыні і яе цвіцення мае пэўнае значэнне — дабрабыту, урадлівасці беларускай зямлі, міру і перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. І тое, што падрастаючае пакаленне неабыякавае да нашай гісторыі і традыцый, многае значыць.

— Наша школа займае лідзіруючае месца па пасадцы ягадных кустоў і пладовых дрэў, — адзначыла в.а. дырэктара сярэдняй школы № 2 імя І.М.Шаўрэя Алена Лаворанка. — У рамках рэспубліканскай акцыі яшчэ ў мінулым годзе педагогі разам з навучэнцамі высадзілі саджанцы яблынь і груш. У гэтым годзе ідэю стварэння фруктовага саду на прышкольнай тэрыторыі падтрымалі выпускнікі дзявятых класаў, якія ўжо высадзілі 20 пладовых дрэў. Тым самым дзеці працягнулі добрую традыцыю роднай школы, якая стане для навучэнцаў надзеяй на паспяховую будучыню і паспрыяе захаванню традыцый старэйшага пакалення — павагі і любові да сям’і, школы, роднай зямлі. Спадзяёмся, што фруктовы сад стане сімвалам жыцця і будзе радаваць вялікую школьную сям’ю доўгія гады. Толькі разам, у адзінстве, у сяброўстве і згодзе мы зробім нашу краіну квітнеючым садам.

Навучэнцы школы з задавальненнем даглядаюць маладыя саджанцы і адзначаюць, што заўсёды гатовы ўнесці свой уклад у высакародную справу. Хлопцы і дзяўчаты ўжо зараз мараць праверыць, якімі будуць на смак плады на дрэвах. А пакуль яны рады далучыцца з аднакласнікамі да карыснай справы і вучыцца падкормліваць садавінна-ягадныя культуры, арганізоўваць паліў, сачыць за іх ростам і цвіценнем.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з архіва сярэдняй школы № 2 Нароўлі імя І.М.Шаўрэя