У школу — усёй сям’ёй

- 16:24Нам пішуць

Як арганізаваць адпачынак дзіцяці на канікулах? Як больш плённа правесці вольны час? Такія пытанні хвалююць не толькі педагогаў установы адукацыі, але і ўзнікаюць у сумленных бацькоў, чые дзеці з’яўляюцца навучэнцамі школы. У Поразаўскай сярэдняй школе не сталі вынаходзіць веласіпед, а пайшлі простым, правераным шляхам: у другі дзень года правялі спартландыю “Вясёлыя старты” для дзяцей, настаўнікаў і бацькоў.

Мерапрыемства атрымалася яркім, насычаным, незабыўным для ўсіх удзельнікаў. Спачатку ад педагогаў прагучалі віншаванні з Новым годам, пажаданні спрыту, трапнасці, хуткасці. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Раман Сухачоў падабраў цікавыя конкурсы і эстафеты. Строгае журы сачыла за хуткасцю і правільнасцю выканання заданняў, каб падвесці аб’ектыўны вынік. З вялікім задавальненнем удзельнікі пераадольвалі перашкоды, скакалі, перадавалі мяч, кідалі ў мішэнь, а эмацыянальныя заўзятары як маглі падтрымлівалі членаў каманд.

Многа станоўчых эмоцый атрымалі ўсе. Навучэнцы адчувалі гордасць за сваіх татаў, іншыя — за матуль ці за старэйшых братоў.

А асаблівым мерапрыемства стала для сям’і Сяргея і Хрысціны Янушко. Працаваць у камандзе, падтрымліваць адно аднаго — гэта іх жыццёвы прынцып. І на спартландыі са сваім сынам Глебам яны выступалі ў адной камандзе, дэманструючы прыклад сапраўднай сям’і, дзе дзеці і бацькі — адно цэлае, з агульнымі мэтамі, спадзяваннямі і надзеямі.

Чарговае мерапрыемства прайшло весела і цікава для дзяцей і дарослых. Заслужаныя ўзнагароды знайшлі сваіх уладароў. Навагоднія памятныя сувеніры, падзякі і дыпломы панеслі з сабой удзельнікі спартландыі.
У Поразаве ведаюць: гарантыя паспяховых выхадных — адправіцца ўсёй сям’ёй у школу.

Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.