У школу — з адзінкай па зроку!

- 12:25Апошнія запісы, Спецыяльная адукацыя

У спецыяльным яслях-садзе № 353 для дзяцей з парушэннем зроку Мінска прайшоў рэспубліканскі навукова-практычны семінар “Арганізацыя і змест адукацыйнага працэсу з дзецьмі дашкольнага ўзросту з парушэннем зроку”. У ім прынялі ўдзел супрацоўнікі Міністэрства адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка, кіраўнікі і педагогі ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Навучанне + лячэнне

— Са 138 тысяч дзяцей з АПФР у нашай краіне 80 тысяч — дашкольнікі, — адзначыла начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Міхайлаўна Змушко. — У іх у асноўным парушэнні маўлення. Дзяцей-дашкольнікаў з парушэннем зроку крыху больш за 2 тысячы. Для іх існуе 11 спецыяльных дашкольных устаноў (усяго ў краіне дзейнічае 46 спецыяльных устаноў для дашкольнікаў з АПФР).
Да пачатку семінара яго ўдзельнікі азнаёміліся з асяроддзем ясляў-сада № 353, які быў адкрыты ў 1979 годзе. У штаце сада 38 педагогаў (10 з іх маюць вышэйшую катэгорыю), двое ўрачоў — педыятр і афтальмолаг, 5 медсясцёр. Ва ўстанове функцыянуюць 10 груп, у тым ліку адна ясельная і пяць груп з кругласутачным знаходжаннем. На ноч, як правіла, застаюцца тыя, каму далёка ехаць дадому: дзеці з Калодзішчаў, Маладзечна, пасёлка Сокал і вёскі Забалоцце. Іх бацькі звычайна прывозяць на ўвесь працоўны тыдзень, а ўвечары ў пятніцу забіраюць.
Як расказала ўрач-педыятр Вольга Віктараўна Курносава, сад у асноўным наведваюць дзеці з 3—4 групай здароўя (усяго 145 выхаванцаў), у тым ліку дзеці-інваліды і дзеці з хранічнай паталогіяй. У 70 выхаванцаў дыягназ “рэцінапатыя неданошаных”, у многіх парушэнні зроку спалучаюцца з іншай паталогіяй. Ёсць у садзе дзеці з ДЦП, з прыроджаным парокам развіцця галаўнога мозга, дзеці з бранхіяльнай астмай.
З 2008 года ва ўстанове праводзіцца маніторынг здароўя дзяцей: на кожную групу і на кожнага выхаванца заведзены пашпарты здароўя, у якіх адлюстроўваецца ўся інфармацыя пра малыша: ад моманту яго паступлення ў сад і да выпуску, фіксуюцца ўсе паказчыкі яго фізічнага развіцця, дыягназы.
Ёсць у сада і медыцынская ліцэнзія на афтальмалагічную дзейнасць. Спецыялісты выпісваюць дзецям лекавыя прэпараты, якія садзейнічаюць карэкцыі зроку. Установа паклапацілася пра ўладкаванне афтальмалагічнага блока, у якім знаходзяцца кабінет урача-афтальмолага і тры працэдурныя кабінеты. Яны пачынаюць працаваць з 7 гадзін раніцы. Кожнае дзіця штодня атрымлівае тут якаснае лячэнне.
Пры садзейнічанні кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна ў 2014 годзе сад набыў комплекс “Амбліякор”. Гэта сучаснае і дарагое афтальмалагічнае абсталяванне. Каштавала яно 400 млн рублёў. Якое ж яно ў карыстанні? Малыш проста глядзіць мультфільм на экране, а ў гэты час пры дапамозе спецыяльных датчыкаў, замацаваных на галаве дзіцяці, знімаецца інфармацыя аб рабоце яго вачэй, адначасова фіксуецца энцэфалаграма мозга. Пры гэтым выява на экране захоўваецца толькі падчас “правільнага” зроку і знікае, як толькі яно перастае быць дакладным. Такім чынам прыбор як бы прымушае мозг падсвядома скарачаць перыяды некантраснага зроку. Падобны падыход робіць аптымальнай работу нейронаў зрокавай кары галаўнога мозга, а зрок пры гэтым істотна паляпшаецца. Для ўстановы быў набыты таксама комплекс “Афтарэфкератометр”, які прызначаны для пастаноўкі дыягназаў пры хваробах зроку.
У кожнай групе сада ёсць і кабінет тыфлапедагога, у якім праходзяць заняткі па падгрупах і індывідуальныя заняткі. Падчас семінара адбылася выстава-прэзентацыя сродкаў навучання для дзяцей. У асноўным гэта аўтарскія распрацоўкі педагогаў, зробленыя сваімі рукамі. Былі прэзентаваны таксама матэрыялы па ўзаемадзеянні паміж спецыялістамі дашкольных устаноў, па супрацоўніцтве з бацькамі.
— Вопыт па выкарыстанні камп’ютарных тэхналогій дазваляе весці карэкцыйна-адукацыйную работу на належным узроўні, стварае новыя магчымасці для дакладнай дыягностыкі, для лячэння і прафілактыкі хваробы вачэй, — адзначыла загадчык спецыяльнага ясляў-сада № 353 для дзяцей з парушэннем зроку Мінска Ірына Яўгенаўна Лук’янчык. — З дапамогай ІКТ мы больш эфектыўна кантралюем працэсы аднаўлення і паляпшэння зроку. Укараненне інфармацыйных тэхналогій ажыццяўляецца па некалькіх кірунках: у кіраўніцкай дзейнасці, у метадычнай рабоце, у карэкцыйна-адукацыйным працэсе і лячэбна-аднаўленчай рабоце. Так, у інфармацыйна-метадычным кабінеце створаны віртуальны кабінет, медыятэка прэзентацый (480 прэзентацый) і відэатэка заняткаў. Ва ўстанове функцыянуюць віртуальная бібліятэка і пераносны камп’ютарны клас для дзяцей. Пры наладжванні індывідуальнай работы настаўнікі-дэфектолагі задзейнічаюць такія сродкі, як бачнае маўленне, сэнсарны экран, камп’ютарныя развіццёвыя гульні, мультымедыйны праектар.
Выкарыстоўваюцца таксама комплексы лячэбных і дыягнастычных праграм — іх на сёння 21. Яны ажыццяўляюць методыкі кансерватыўнага лячэння парушэнняў зроку, якія распрацаваны ў Маскоўскім НІІ хвароб вока імя Гельмгольца і былі апрабаваны. У спалучэнні з лячэннем пры дапамозе апаратаў методыкі прыносяць адчувальную карысць.
Гэта асноўны паказчык эфектыўнасці работы нашага сада. Існуе ў нас і такая паслуга, як далейшае суправаджэнне дзяцей. Падчас канікул былыя выхаванцы, пераважна вучні 1 і 2 класаў, прыходзяць у сад і па прызначэнні афтальмолага атрымліваюць неабходныя ім працэдуры, якія садзейнічаюць умацаванню зроку. Адзначу, што да нас дзеці часта прыходзяць з 0,1 працэнта зроку, а 60 працэнтаў выпускнікоў пакідаюць установу з адзінкай.

Па якой праграме вучыць?

— Калі традыцыйная карэкцыйная работа заснавана на медыцынскай мадэлі рэабілітацыі, то сучасная карэкцыйна-развіццёвая дзейнасць арыентавана на сацыяльную мадэль рэабілітацыі. Увага пры гэтым канцэнтруецца на здольнасці дзіцяці выконваць тыя ці іншыя дзеянні, — паведаміла загадчык кафедры тыфлапедагогікі факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Вольга Вячаславаўна Далівеля. — Задача такой дзейнасці ў фарміраванні кампенсаторных ведаў і ўменняў, якія забяспечваюць выкананне гэтых дзеянняў, у стварэнні спецыяльнага асяроддзя, якое пасадзейнічае развіццю здольнасцей дзіцяці, дапаможа яму станоўча і больш эфектыўна праявіць сябе пры сацыяльным узаемадзеянні. Пры любой карэкцыйна-развіццёвай рабоце можна вызначыць тры кірункі. Па-першае, гэта прафілактыка па пераадоленні парушэнняў псіхафізічнага развіцця. Другі аспект — спецыяльная арганізацыя асяроддзя для жыццядзейнасці дзіцяці, стварэнне безбар’ернага асяроддзя. І трэцяе, што вельмі важна, — фарміраванне талерантных адносін грамадства да дзіцяці. Да карэкцыйнай работы трэба далучаць і бацькоў дзяцей.
— Аналіз практычных напрацовак нашых педагогаў-дашкольнікаў адлюстраваў тыя праблемы і пытанні, якія існуюць зараз пры ажыццяўленні карэкцыйнай развіццёвай работы, у прыватнасці пры дыягностыцы, планаванні і пры рэалізацыі карэкцыйнага кампанента, — адзначыла дацэнт кафедры тыфлапедагогікі факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Іна Лявонцьеўна Лукша. — Педагогу важна прыкмеціць дзіця ў нейкай нестандартнай сітуацыі, выявіць, на што яно здольна і ў чым яго цяжкасці. Правядзенне дыягностыкі іншы раз бывае праблематычным, таму што інструментарый для гэтага недастаткова распрацаваны. Дыягностыка не заўсёды прадугледжвае выяўленне прычын абмежаванняў жыццядзейнасці ў дзяцей, не даследуе механізмы з’яўлення абмежаванняў. Напрыклад, дзіцяці цяжка даецца апісанне выяў. Гэта можа быць выклікана рознымі прычынамі, адпаведна, і змест карэкцыйнай работы з кожным дзіцем павінен быць розным. Вынікі дыягностыкі, на жаль, не заўсёды з’яўляюцца прыярытэтам пры планаванні карэкцыйна-развіццёвай работы з выхаванцамі.
— Адна з праблем пры навучанні і выхаванні гэтай катэгорыі дзяцей у тым, што адукацыйны працэс арганізоўваецца з выкарыстаннем праграм “Выхаванне і навучанне дашкольнікаў з парушэннем зроку”, якія былі выдадзены ў 1997 годзе, — паведаміла старшы выкладчык кафедры тыфлапедагогікі факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Алена Сяргееўна Кураленя. — У структуру праграм уваходзяць тлумачальная запіска і некалькі раздзелаў, кожны з якіх з’яўляецца самастойнай праграмай. Аналіз зместу раздзелаў дазваляе зрабіць выснову аб тым, што праграмы напісаны ў традыцыі парадыгмы ведаў. Але сістэма дашкольнай адукацыі перайшла ўжо на якасна новы ўзровень. Сведчанне гэтага — з’яўленне адукацыйнага стандарту дашкольнай адукацыі. І тое, што адным з мэтавых арыенціраў гэтага дакумента з’яўляецца арыентацыя на асобу дзіцяці, на яе развіццё і жыццёвую адаптацыю, падкрэслівае гуманістычны кірунак адукацыі.
Пакуль педагогам рэкамендуецца выкарыстоўваць вучэбную праграму дашкольнай адукацыі, выдадзеную ў 2012 годзе, і вучэбныя наглядныя дапаможнікі для дашкольных устаноў. Змест гэтай праграмы арыентаваны на развіццё здольнасцей дзяцей у розных відах дзейнасці, на стварэнне аптымальных умоў для стымулявання і падтрымкі іх развіцця і самаразвіцця, на праяўленне самастойнасці і ініцыятыўнасці. Праграма таксама складзена ў рамках гуманістычнай парадыгмы адукацыі.
Згаданыя праграмы напісаны ў розных фарматах, і простае параўнанне ў гэтым выпадку з’яўляецца неправамерным. Дзеці з сада № 353, як і з іншых такіх жа ўстаноў, ідуць пераважна ў масавую школу, таму для іх навучання падыходзіць вучэбная праграма дашкольнай адукацыі, але вучыць дзяцей з парушэннямі зроку ўсё ж такі варта інакш. Менавіта з такой мэтай трэба прапанаваць педагогам-дашкольнікам дадатковыя метадычныя рэкамендацыі. Выхавальнік павінен ствараць належныя ўмовы для такіх дзяцей, шукаць адпаведныя сродкі, формы, метады, спецыфічныя прыёмы іх развіцця, арганізоўваць адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе з улікам адукацыйных патрэб дзяцей з парушэннем зроку.
Рэалізацыя гэтай праграмы патрабуе цеснага супрацоўніцтва выхавальніка і настаўніка-дэфектолага, які можа даць рэкамендацыі па выбары найбольш рацыянальных прыёмаў работы.

“Інтэрактыў” у дапамогу

Аб выкарыстанні інтэрактыўнай дошкі на занятках з дашкольнікамі расказала загадчык спецыяльнага ясляў-сада № 19 Мінска для дзяцей з парушэннем зроку Віялета Леанідаўна Какорына:
— У нашай установе пры рабоце з дзецьмі ад 4 да 7 гадоў інтэрактыўную дошку прымяняюць і псіхолаг, і выхавальнік, і тыфлапедагог, і настаўнік-дэфектолаг, і лагапед, і нават музычны кіраўнік. Выхаванцы атрымліваюць заданні на дакладнасць колераўспрымання, вызначаюць форму прадметаў, іх аб’ём, параўноўваюць, робяць класіфікацыю, абагульняюць атрыманыя веды. На занятках па развіцці зрокавага ўспрымання, зрокавай памяці педагогі даюць заданні па развіцці звязнага маўлення, агульнай і дробнай маторыкі рук, прапаноўваюць гульні.
Вызначым асноўныя прынцыпы арганізацыі заняткаў з прымяненнем сродкаў мультымедыя. На экране павінна быць менш наглядных аб’ектаў. Дзеці не здольны сканцэнтравацца і ўспрыняць вялікую іх колькасць. Не варта парушаць нормы часу — з дошкай на кожных занятках дзеці павінны працаваць не больш за 10 хвілін. Пажадана, каб змест заняткаў не ўтрымліваў некалькі дыдактычных мэт. Лепш, калі на кожных занятках будзе не больш за 1—2 вучэбныя эпізоды з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі. Без асаблівай неабходнасці пры рабоце з дашкольнікамі не трэба выкарыстоўваць тэкставы матэрыял, калі мэта заняткаў не прадугледжвае вывучэнне літар і гукаў. Неабходна скараціць да мінімуму колькасць анімацыйных аб’ектаў на экране, асабліва ў тым выпадку, калі яны рухаюцца. Для дзяцей з парушэннем зроку эфекты анімацыі пажадана прымяняць толькі з пазнавальнай мэтай. Час назірання за дынамічнымі аб’ектамі павінен вылічвацца секундамі.
Інтэрактыўная дошка дае магчымасць прадстаўляць аб’екты ў шматразова павялічаным выглядзе, што актывізуе зрокавыя функцыі дзяцей, пашырае іх вакамер, дапамагае зрабіць заняткі яркімі, прыцягальнымі, цікавымі. А для педагога гэта цудоўная нагода праявіць свае творчыя памкненні. Трэба толькі асцерагацца, каб дзеці не патрапілі ў залежнасць ад камп’ютара і імкнуліся да непасрэдных эмоцый, да зносін са сваімі сябрамі, выхавальнікам. Дошка не можа замяніць педагога, яна з’яўляецца толькі дапаможным сродкам.
Даволі значная частка дзяцей з парушэннем зроку выхоўваецца не ў спецыяльных дашкольных установах, а ва ўмовах адукацыйнай інтэграцыі (37 працэнтаў). Аб вопыце работы з такімі дзецьмі ва ўмовах спецыяльнай групы і аб арганізацыі ўзаемадзеяння спецыялістаў, якія знаходзяцца побач з малышамі, расказала настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 96 Віцебска Ірына Аляксандраўна Старыкава:
— З 11 груп нашага сада 4 — спецыяльныя, дзе выхоўваецца 48 дзяцей. 11 з іх — інваліды па зроку. Пераважна гэта дзеці з дальназоркасцю, касавокасцю і амбліяпіяй, але сустракаюцца ўсё часцей выхаванцы з больш сур’ёзнымі дыягназамі. Урач-афтальмолаг — асноўны спецыяліст, які каардынуе дзейнасць іншых спецыялістаў, робіць прагноз карэкцыі, прызначае лячэнне і кантралюе зрок дзяцей, дае парады сястры-артаптыстцы, якая ажыццяўляе лячэбныя і аднаўленчыя працэдуры і цесна супрацоўнічае па гэтых пытаннях з выхавальнікам. У нас пакуль няма інтэрактыўнай дошкі і афтальмалагічнага кабінета, але ёсць добры калектыў. І большасць выпускнікоў сада з парушэннем зроку вучацца ў звычайных школах па агульнаадукацыйнай праграме.

***

У другой частцы рэспубліканскага навукова-практычнага семінара ўсе прысутныя азнаёміліся з вопытам работы спецыяльнага ясляў-сада № 30 для дзяцей з парушэннем зроку Мазыра і спецыяльнага дзіцячага сада № 17 для такіх жа дзяцей Пінска. Установы з’яўляюцца пераможцамі I Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” ў намінацыі “Лепшая спецыяльная дашкольная ўстанова”.
У форме непрацяглага інтэрактыўнага ўзаемадзеяння з выкарыстаннем відэафрагментаў заняткаў удзельнікі акрэслілі патрабаванні і магчымасці прымянення нагляднасці ў рабоце з дзецьмі з парушэннем зроку, а таксама вызначылі асаблівасці музейнай педагогікі як дыдактычнага сродку для развіцця пазнавальнай дзейнасці выхаванцаў.
Пры падвядзенні вынікаў семінара размова ішла аб далейшых перспектывах арганізацыі і зместу работы з дашкольнікамі з парушэннем зроку. Быў прааналізаваны вопыт іншых краін, у тым ліку і Расійскай Федэрацыі, па стварэнні вучэбных праграм і праграм карэкцыйных заняткаў, а таксама па арганізацыі аўтарскіх калектываў для распрацоўкі вучэбна-метадычнага забеспячэння для дзяцей з парушэннем зроку.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.