Навучэнец гімназіі № 1 Брэста Дзяніс Рабчук удастоены медаля вышэйшага гатунку на XVII Міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі (iGeo-2021). Гэта другое “золата” беларускіх школьнікаў у гісторыі ўдзелу нацыянальнай зборнай у гэтых інтэлектуальных спаборніцтвах.
Нашу краіну на алімпіядзе таксама прадставілі навучэнец гімназіі № 1 Баранавіч Ілья Туча, навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Леанід Палхоўскі і навучэнец гімназіі № 2 Віцебска Дзмітрый Міхасько. Удзел юных знаўцаў геаграфіі ў міжнародных спаборніцтвах стаў магчымым дзякуючы іх паспяховаму выступленню сёлета на Еўрапейскай міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі. На ёй школьнікі заваявалі два сярэбраныя і шэсць бронзавых медалёў.
Кіраўнікамі каманды выступілі дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Дзмітрый Курловіч і дацэнт кафедры эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі названага факультэта Ілья Запрудскі.
Сёлета геаграфічныя інтэлектуальныя спаборніцтвы прайшлі з 10 па 16 жніўня ў анлайн-фармаце. У іх прынялі ўдзел 200 школьнікаў з 46 краін свету. Арганізатарам алімпіяды выступіла Турцыя (Стамбул).
Заданні на алімпіядзе былі дастаткова складанымі: удзельнікам прапаноўвалася рашыць мультымедыйны тэст, выканаць тэарэтычныя заданні і прадэманстраваць навыкі аналітычнай работы з палявымі геаграфічнымі і геалагічнымі матэрыяламі. Асаблівасць такіх спаборніцтваў — усе заданні для хлопцаў і дзяўчат былі прадастаўлены і выконваліся на англійскай мове. Дарэчы, геаграфічныя міжнародныя алімпіяды з’яўляюцца адзінымі сярод прадметных, дзе матэрыялы для ўдзельнікаў не перакладаюцца на рускую мову.
Дзякуючы эрудзіраванасці, ведам і вопыту ўдзелу ў спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню, Дзянісу Рабчуку ўдалося паспяхова справіцца з заданнямі алімпіяды. Захапленне геаграфіяй у хлопца пачалося яшчэ ў дзяцінстве — размовы аб тэктоніцы і дэмаграфіі з бацькам, у якога геаграфічная адукацыя, сталі для хлопца звычайнай справай. Яркія дзіцячыя ўспаміны — вялізная карта свету, якая вісела на кухні і вабіла ў захапляльныя падарожжы.
Цікавасць да геаграфіі ў гімназіі падтрымала і развіла настаўніца Алена Арнольдаўна Сакалоўская. Яна і прапанавала дапытліваму хлопцу прыняць удзел у прадметнай алімпіядзе. У 6 класе Дзяніс паказаў выключны вынік: на раённай алімпіядзе па геаграфіі сярод сямікласнікаў стаў абсалютным пераможцам. З гэтага і пачаўся ўдзел у алімпіядным руху. Першай міжнароднай узнагародай Дзяніса было “серабро” Балтыйскай алімпіяды, у якой удзельнічала 40 школьнікаў з 6 краін. Гэтыя спаборніцтвы і сталі добрым стымулам для далейшага развіцця.
— Для мяне галоўнае — зразумелая матывацыя: не нейкія абстрактныя мэты, а канкрэтнае ўзнагароджанне — тое, што рэальна цэніш і хочаш дасягнуць. І абавязкова — натхненне, — адзначае Дзяніс.
Дзяніс Рабчук — асоба мнагагранная. Не толькі геаграфія з’яўляецца яго захапленнем. Хлопца цікавіць мастацтва, архітэктура, спорт, спартыўныя інтэлектуальныя гульні накшталт “Што? Дзе? Калі?”, “Свая гульня”. А летась з ідэяй азнаёміць брэстаўчан з беларускай паэзіяй праз стрыт-арт Дзяніс стаў фіналістам конкурсу “Першыя”. Жаданне супала з магчымасцямі, калі школьнік выйграў конкурс міні-грантаў і атрымаў сродкі, каб пачаць праект #vershybrest. У выніку ў цэнтры Брэста з’явіліся паэтычныя муралы з творамі Максіма Багдановіча, Ніны Мацяш і Генадзя Бураўкіна.
Віншуем Дзяніса з перамогай!
Міжнародная геаграфічная алімпіяда (iGeo) праводзіцца з 1996 года пад эгідай Міжнароднага геаграфічнага Саюза (IGU). Упершыню яна стартавала ў Гаазе. З тых часоў месца правядзення інтэлектуальных спаборніцтваў кожны раз мяняецца, але нязменным застаецца адно — імкненне юнакоў і дзяўчат, якія цікавяцца навукай, прадэманстраваць веды і пашырыць кругагляд, дасягнуць поспехаў у сваёй сферы.
У алімпіядзе ўдзельнічаюць навучэнцы ва ўзросце ад 16 да 19 гадоў — пераможцы нацыянальных спаборніцтваў юных географаў. Галоўныя задачы спаборніцтваў — стымуляванне цікавасці да геаграфіі і іншых навук аб навакольным асяроддзі, развіццё міжнароднага ўзаемадзеяння.
З 2012 года алімпіяда стала штогадовай, да гэтага яна праводзілася раз на два гады. За перыяд правядзення гэтых міжнародных спаборніцтваў геаграфія краін-удзельніц пашырылася ад 5 да 46 краін. Алімпіяда праходзіла ў многіх краінах свету, уключаючы Нідэрланды, Партугалію, Карэю, Аўстралію, Туніс, Кітай, Германію, Японію, Польшчу. У 2022 годзе арганізатарам iGeo стане Францыя.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.