У свеце няма больш пяшчотнага слова

- 15:17Нам пішуць

На якой бы мове людзі ні гаварылі, слова “мама” заўсёды гучыць меладычна і прыгожа. Мама … Мамачка … Матуля … Колькі важных падзей у жыцці любога чалавека звязана з гэтым словам.

Напярэдадні аднаго з самых шчырых свят у сярэдняй школе № 4 Клімавічаў прайшоў Тыдзень маці “Усё для матулі маёй!”, які падрыхтавала і правяла сумесна з класнымі кіраўнікамі і навучэнцамі школы педагог-арганізатар Людміла Фёдараўна Круцікава. Штодня хлопчыкі і дзяўчынкі былі ўключаны ў самыя разнастайныя акцыі і конкурсы.

Члены пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” пастараліся акружыць клопатам і ўвагай не толькі сваіх любімых матуль, але і ўсіх жанчын, якія працуюць або пражываюць у мікрараёне школы, і правялі маладзёжную акцыю “Гэты дзень для цябе — МАМА!”: павіншавалі мам і падарылі ім паштоўкі і кветкі.

Ужо традыцыйнай для нашай школы стала акцыя “Дзесятка для мамы”, калі навучэнцы 3—11 класаў спаборнічаюць, хто больш заробіць дзясятак для каханай матулі. Абсалютнай пераможцай акцыі стала Ліза Шчарбялёва, якая зарабіла 10 дзясятак за тыдзень.

Бібліятэкар школы Людміла Леанідаўна Шаўцова арганізавала кніжную выставу твораў пра маці “Усё на зямлі пачынаецца з маці”. Прайшла выстава малюнкаў “Мілей за маму ў свеце няма”, дзе школьнікі пастараліся з дапамогай алоўка і пэндзля перадаць свае пачуцці да любімых матуль.

Мы не аднойчы пераконваліся, што мамы навучэнцаў нашай школы не толькі самыя прыгожыя, клапатлівыя, але і самыя таленавітыя. Так, у гэтым годзе дзеці з маці паўдзельнічалі ў выставе “Майструем разам з мамай”. Былі прадстаўлены работы з паперы, тканіны, прыроднага матэрыялу, бісеру і г.д. Вялікі дзякуй мамам, якія прынялі актыўны ўдзел у конкурсе, за тое, што яны не застаюцца абыякавымі да школьнага жыцця сваіх дзяцей.

Увесь тыдзень хлопчыкі ідзяўчынкі праяўлялі фантазію пры стварэнні віншавальных паштовак і кветак, удзельнічаючы ў акцыі “Падарунак маме сваімі рукамі”. На працягу тыдня ва ўсіх класах школы прайшлі тэматычныя класныя і інфармацыйныя гадзіны. Кожны дзень тыдня быў асаблівым і запамінальным.

Напярэдадні Дня маці навучэнцы школы выйшлі на вуліцы горада і правялі флэш-моб “Не забудзь павіншаваць маму!”. Дзеці ўручалі ўсім гараджанам паштоўкі-напамінальнікі аб тым, што 14 кастрычніка — Дзень маці.

Не засталася ў баку і сацыяльна псіхолага-педагагічная служба школы: былі выпушчаны буклеты і памятакі для мам “Матчына любоў”, “Парады маці”, а таксама прайшоў дзень дабрачынных сацыяльна-псіхалагічных кансультацый па пытаннях сям’і, мацярынства і дзяцінства.

Яркім і запамінальным аказаўся і сам Дзень маці. Загадзя школьнікі падрыхтавалі выставу кветкавых кампазіцый “Мамін вобраз у вобразе кветак”. У суботу, 14 кастрычніка, у школе прайшоў агульнашкольны бацькоўскі сход са святочным канцэртам “Віншуем нашых мам!”. Хлопцы падарылі масу станоўчых эмоцый і добры настрой сваімі выступленнямі усім гледачам.

Яшчэ раз хочацца выказаць падзяку ўсім навучэнцам, бацькам і педагогам, якія прынялі актыўны ўдзел у Тыдні маці. І пажадаць любімым мамам, каб яны стамляліся толькі ад усмешак, а іх рукі — ад букетаў кветак. Каб іх дзеці былі паслухмяныя а мужы ўважлівыя. Каб дамашні ачаг ўпрыгожвалі ўтульнасць, дастатак і любоў.

Настаўніца пачатковых класаў М.М.Новікава.