У целе тэксту

Імя Галіны Няфагінай добра знаёмае айчынным і польскім літаратуразнаўцам, філолагам, неабыякавым да праблем рускай літаратуры чытачам. Прафесар, доктар філалагічных навук, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, аўтар больш за тузін манаграфій, каля 300 артыкулаў, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па рускай літаратуры для абітурыентаў, яна амаль 30 гадоў выкладала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, а сёння ўзначальвае кафедру рускай філалогіі Паморскай акадэміі ў Слупску (Польшча). І вось, якраз працуючы ў суседняй з намі краіне, яна напісала новую кнігу — найгрунтоўнейшае даследаванне на чатыры з паловай сотні старонак — “Паралелі і перасячэнні. Руская літаратура ў часе і прасторы”, а выдала ўжо ў Мінску, у выдавецтве “Чатыры чвэрці”.

У прадмове Галіна Няфагіна адзначае, што яе даследаванне ідзе ў кірунку трох вектараў: успрыманне польскай ментальнасці і польскай літаратуры ў сувязі з рускай літаратурай, фарміраванне рускай літаратуры ва ўмовах пасляваеннай (другой) эміграцыі і індывідуальнай паэтыкі найбольш рэпрэзентатыўных пісьменнікаў сучаснасці. “Толькі на першы погляд, — падкрэслівае аўтар, — можа здацца, што гэтыя кірункі даследавання не звязаны адзін з адным. На самай справе такая кампазіцыя дазваляе прасачыць характар дыялогу дзвюх славянскіх літаратур і асаблівасці ўзаемнага ўяўлення розных нацыянальных ідэнтычнасцей у прасторы рускай і польскай культур, а таксама ад 1930-х гадоў да сучаснасці”.

У першым — “польскім” — раздзеле “Вектар дыялогу культур: Польшча” даследчыца паглыбляе чытача ў свет польскай літаратуры і, шырэй, польскай ментальнасці і культуры ў праламленні руска-беларускім поглядам, засяроджваючыся на палемічнай працы Георгія Гачава “Суседзі Расіі. Польшча, Літва, Эстонія”, творчасці пісьменнікаў памежжа (беларуса па паходжанні, рускага па адукацыі і паляка па самавызначэнні Сяргея Пясецкага і польскага яўрэя-эмігранта, які пісаў на англійскай мове, Ежы Касінскага) і пачынальніка польскага постмадэрнізму Станіслава Ігнацыя Віткевіча. З асаблівай цікавасцю чытаецца падраздзел “Людзі зямлі зразумеюць адно аднаго: В.Шукшын у польскіх навуковых даследаваннях і крытыцы”. Няўжо ў жыцці і творчасці гэтага рускага “деревенщика” можна знайсці польскі след? Галіна Няфагіна нагадвае, што палякі заўсёды імкнуцца знайсці хоць бы які-небудзь намёк на сувязь таленавітага чалавека з Польшчай. І знайшлі ж такі! Польскі публіцыст і перакладчык Войцах Гжэляк у адной са сваіх кніжак з непрыхаванай гордасцю піша, што да чытання будучага пісьменніка заахвоціла эвакуіраваная з Ленінграда настаўніца Ганна Тысарэўска, полька па паходжанні. Важна, аднак, не гэта, а тое, што творчасць Васіля Шукшына, у якім палякі бачылі творцу, несумяшчальнага з паняццем “савецкі пісьменнік”, знайшла шчыры і магутны водгук у многіх польскіх літаратараў, абумовіўшы тым самым з’яўленне цэлага кірунку польскай “вясковай” літаратуры. “Людзі зямлі разумеюць трывогі і надзеі адно аднаго”, — робіць выснову аўтар.

Другі раздзел “Паміж Захадам, домам і доўгам: літаратура рускай эміграцыі” — гэта пашыраны экскурс у творчасць рускіх пісьменнікаў-эмігрантаў другой хвалі, у прыватнасці, Івана Шмялёва, Васіля Фёдарава, Івана Савіна, Аляксандра Неймірока, Ірыны Кнорынг і інш. Многія з іх, прайшоўшы ваеннымі і пасляваеннымі дарогамі шматлікія краіны на захад ад Расіі, не па газетах складалі для сябе пра іх уяўленне, і гэтае ўяўленне, натуральна, было зусім іншае, чым у савецкіх пісьменнікаў. Асноўнай танальнасцю творчасці рускіх літаратараў-эмігрантаў другой хвалі, сцвярджае даследчыца, было эмацыянальнае раздваенне: з аднаго боку, любоў і настальгія па Радзіме, якую яны не звязвалі са сталінскай дзяржавай, а з другога — апраўданне асабістага рашэння застацца на Захадзе. Таксама амаль уся эмігранцкая проза другой хвалі звяртаецца да рэлігійнага адраджэння, якое адбывалася ў душах выхаванага ў атэізме цэлага пакалення савецкіх людзей. І гэтае адраджэнне ўяўлялася пісьменнікамі-эмігрантамі як умова адраджэння ўсёй Расіі.

Нарэшце, трэці раздзел “У парадыгме новага часу”, думаецца, мог бы стаць добрым даведнікам па сучаснай рускай постмадэрнісцкай літаратуры асабліва для неспрактыкаванага чытача, якому, можа, і хацелася б зразумець ды палюбіць літаратуру постмадэрнізму, але бывае цяжкавата ўспрыняць і прыняць усе яе прынцыпы: цытацыю, дэперсаналізацыю, калаж, палімпсест, незавершанасць сюжэтных ліній, шматузроўневае пісьмо, адсутнасць межаў паміж сваім і чужым, дэканструкцыю сэнсаў і інш. Галіна Няфагіна аналізуе творчасць і прасочвае эвалюцыю самых яркіх і, па ўсім відаць, самых любімых для яе самой сённяшніх пісьменнікаў-постмадэрністаў і авангардыстаў: Юрыя Дружнікава, Уладзіміра Сарокіна, Міхаіла Шышкіна, Уладзіміра Шарова, Вольгі Грушынай і інш. Дзе-нідзе даследчыца нават непрыхавана падказвае чытачу, як трэба чытаць таго ці іншага пісьменніка. У прыватнасці, наконт Уладзіміра Сарокіна заўважае, што яго творчасць бессэнсоўна разглядаць у этычнай парадыгме, у рамках дыхатаміі дабра і зла, прыгажосці і вычварнасці. Сам У.Сарокін аднойчы ў інтэрв’ю прызнаўся ў сваіх поглядах на жыццё і літаратуру: “Этыка і мараль распаўсюджваюцца толькі на наш, чалавечы, свет, на жывое: на нашы целы, на іх існаванне ў гэтым свеце, на іх узаемадзеянне паміж сабой. Там, дзе заканчваецца наша рука і пачынаецца мёртвая матэрыя — вось гэты стол, гэтая папера, гэты двухтомнік, там ужо дзейнічаюць эстэтычныя законы…”

А лагічна завяршае і трэці раздзел, і ўсю кнігу Галіны Няфагінай падраздзел “Нарцысізм як паталогія душы (па творах сучаснай рускай літаратуры)”. Цікава, што ў нарцысізме як адным з асноўных дыскурсаў рускай сучаснай літаратуры даследчыца схільна бачыць і другі бок медаля: не толькі самаўлюбёнасць, цікавасць да свайго адлюстравання, але і імкненне да самапазнання, самарэфлексіі. Невыпадкова, дарэчы, кветка нарцыс, у якую, паводле міфа, пераўтварыўся прыгожы юнак, з’яўляецца эмблемай філасофіі як аднаго са спосабаў самапазнання. У позніх версіях міфа Нарцыс, так і не здолеўшы спатоліць жарсць да свайго адлюстравання, інакш кажучы, да свайго бесцялеснага ідэалу, заканчвае жыццё самагубствам.

Згадаўшы класічна-нарцысічныя радкі з ранейшых перыядаў развіцця рускай літаратуры (“Я гений Игорь Северянин”, “Иду красивый, двадцатилетний” Уладзіміра Маякоўскага), Галіна Няфагіна адзначае мноства прыкладаў самалюбавання і ў сённяшняй літаратурнай рэчаіснасці, напрыклад, у самім факце правядзення так званых Курыцынскіх чытанняў у Екацярынбургскім універсітэце (іх праводзіць сам літаратуразнаўца Вячаслаў Курыцын, але ж імянныя літаратурныя чытанні ладзяцца звычайна ў гонар выбітных людзей, якія пайшлі з жыцця, іх вучнямі!), у паводзінах Дзмітрыя Прыгава, які заяўляў, што да 2000 года напіша 24 000 вершаў (і напісаў жа!), у самаўлюбёнай манеры Віктара Ерафеева весці аўтарскую тэлепраграму “Апокрыф” (нібыта ён і толькі ён бясспрэчны аўтарытэт у літаратуры), у доўгім хаванні ад публікі Віктара Пялевіна (чым ён толькі павышаў цікавасць да сваёй персоны), у многіх творах, асобных радках і нават назвах твораў сённяшніх рускіх пісьменнікаў (раман “Это я — Эдичка” Эдуарда Лімонава).

Красамоўныя апошнія радкі кнігі: “Сучаснае грамадства, якое пракламуецца як грамадства індывідуальнасцей, мае не толькі пазітыўныя інтэнцыі развіцця асобы, але абарочваецца і крайнасцямі індывідуалізму, пагоняй за фальшывымі каштоўнасцямі. Масавая літаратура і сродкі інфармацыі ўзмоцнена насаджваюць культ паспяховых людзей, поп-зорак, іх бліскучага жыцця, пабуджаюць капіраваць знешнасць куміраў. Пад уплывам рэкламы, глянцавых часопісаў культывуецца ўласцівае нарцысам абажанне ўласнага цела. Імкненне дасягнуць цялеснага ідэалу, якім некалькі дзесяцігоддзяў для жанчын была худая, субтыльная мадэль, прыводзіць да анарэксіі. Жаданне зрабіць дасканалым сваё цела абарочваецца, па сутнасці, знікненнем гэтага цела. Фізічная паталогія спалучаецца з псіхічным захворваннем, што непазбежна вядзе да смерці. Нарцысічная ўвага да свайго цела — гэта павольнае самагубства, спачатку душы, якая страчвае здольнасць пачуць Іншага, затым і фізічнага цела як ёмішча душы”.

У словах Галіны Няфагінай трэба бачыць метафары. Гэта ж яна напісала пра анарэксію не ў медыцынскім сэнсе. Гэта ўсё яна напісала пра літаратуру.

Мікола ЧЭМЕР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *