У цэнтры ўвагі — здароўезберажэнне

Пытанні арганізацыі здароўезберагальнага адукацыйнага працэсу на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння абмяркоўваліся на абласным семінары, які прайшоў на Кобрыншчыне. Намеснікі начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў пабывалі ў яслях-садах №№ 6 і 16, сярэдняй школе №3 Кобрына, Астроміцкай сярэдняй школе і Яроміцкім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці, дзе азнаёміліся з цікавымі напрацоўкамі педагогаў рэгіёна.

— Адна з галоўных задач устаноў адукацыі — захаваць здароўе і бяспеку дзяцей на працягу ўсяго перыяду выхавання і навучання, — адзначыла начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА В.Г.Строганава.

Намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама В.В.Трубчык заўважыў, што ва ўстановах адукацыі раёна ёсць што паглядзець і чым пахваліцца ў галіне здароўезберажэння дашкольнікаў і вучняў дзякуючы сістэмнай рабоце педагогаў.

— Сёння на Кобрыншчыне працуюць 27 устаноў дашкольнай і 36 агульнай сярэдняй адукацыі, — паведаміла начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Г.У.Радковіч. — У адукацыйным працэсе задзейнічаны 1,9 тысячы педагогаў. Амаль 24% настаўнікаў і каля 28% выхавальнікаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Высокі прафесійны ўзровень педагогаў дазваляе паспяхова вырашаць многія адукацыйныя задачы, у тым ліку здароўезберагальнага характару.

— З-за высокіх вучэбных і пазавучэбных нагрузак, інтэнсіфікацыі адукацыйнага працэсу і дэфіцыту часу для засваення інфармацыі, што спалучаецца з нерацыянальным харчаваннем, гіпакінезіяй, нізкай працягласцю сну і прагулак, распаўсюджваннем рызыкоўных форм паводзін, звязаных з ужываннем тытуню, алкаголю і наркотыкаў, неабходна як мага раней павышаць у дзяцей матывацыю да захавання ўласнага здароўя, — адзначыў намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму С.С.Гучык. — З гэтай мэтай ва ўстановах адукацыі фарміруецца здароўезберагальнае асяроддзе, якое ўяўляе сабой комплекс прафілактычных мерапрыемстваў і аздараўленчых тэхналогій, якія ўлічваюць унутры- і пазашкольныя фактары рызыкі. Работа па здароўезберажэнні ажыццяўляецца на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння і носіць практыка-арыентаваны характар.

Па словах С.С.Гучыка, захваральнасць дашкольнікаў за апошнія 3 гады павялічылася, што звязана з узмацненнем кантролю за ненаведвальнасцю ўстаноў без уважлівай прычыны (8,2 дня). З мэтай дапамогі сем’ям арганізаваны мацярынскія школы і адаптацыйныя групы для дзяцей ад аднаго да трох гадоў. Такая форма работы з’яўляецца запатрабаванай у бацькоў, бо дазваляе малышам у далейшым паспяхова адаптавацца ў садку і захаваць здароўе. Ва ўстановах раёна дзейнічаюць 11 адаптацыйных груп, якія наведваюць больш за 100 дзяцей.

Дзеці з АПФР атрымліваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу ў інтэграваных групах, пунктах карэкцыйна-педагагічнай дапамогі і спецыяльных групах для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. На базе ясляў-сада № 14 Кобрына адкрыта спецыяльная група для дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату.

— Агульная захваральнасць непаўналетніх стабілізавалася і мае тэндэнцыю да зніжэння, — расказаў С.С.Гучык. — Хваробы дзяцей найчасцей звязаны з органамі дыхання, скурай, зрокам і рознымі інфекцыямі. Асаблівай увагі патрабуюць хваробы апорна-рухальнага апарату (парушэнне паставы, скаліёз) і органаў стрававання, развіццё якіх можна істотна знізіць ва ўстановах адукацыі. На гэта накіраваны розныя прафілактычна-аздараўленчыя мерапрыемствы і кантроль за якасным харчаваннем дзяцей.

Па словах С.С.Гучыка, у прафілактычнай рабоце і прапагандзе здаровага ладу жыцця шырока выкарыстоўваецца выхаваўчы патэнцыял урокаў біялогіі, хіміі і фізкультуры, а таксама курсаў “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” і “Гадзіна здароўя і спорту”. У 14 установах адукацыі дзейнічаюць 44 факультатывы здароўезберагальнага напрамку. Пры арганізацыі прафілактычнай работы абавязкова ўлічваюцца асобасныя і сацыяльныя характарыстыкі вучняў.

У рамках раённых прафілактычных праектаў па здаровым ладзе жыцця і міжведамаснага супрацоўніцтва праводзяцца акцыі “Правільная пастава — умова здароўя”, “Мой выбар — жыць з пазітывам”, “Здаровы горад” і “Школа — тэрыторыя здароўя”, падчас якіх урачы-гігіеністы і педыятры кансультуюць дзяцей і педагогаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца спартыўна-масавай рабоце з моладдзю. Так, школьнікі Кобрыншчыны актыўна ўдзельнічаюць у розных спартакіядах. Аналіз вынікаў медаглядаў і ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі вучняў сведчыць пра станоўчую дынаміку ў паляпшэнні іх здароўя.

Галоўная медсястра Кобрынскай цэнтральнай раённай бальніцы І.С.Злотнік гаварыла пра асаблівасці медыцынскага абслугоўвання дзяцей ва ўстановах аховы здароўя, лячэбна-аздараўленчую і прафілактычную работу ва ўстановах адукацыі. Медыкі аказваюць кансультацыйную дапамогу педагогам, удзельнічаюць у бацькоўскіх сходах. На базе Кобрынскай ЦРБ дзейнічае цэнтр, дружалюбны да дзяцей і моладзі, “Арыенцір”, дзе аказваецца медыка-псіхалагічная і кансультацыйная дапамога ў галіне здаровага ладу жыцця, прафілактыкі шкодных звычак і рызыкоўных паводзін.

Загадчыца ясляў-сада № 6 Кобрына кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання загадчыкаў дашкольных устаноў С.А.Жэшка падзялілася вопытам сістэмнай работы па медыка-педагагічным суправаджэнні выхаванцаў ва ўзаемадзеянні з арганізацыямі аховы здароўя. На пасяджэннях аб’яднання рэгулярна разглядаюцца пытанні арганізацыі харчавання і бяспекі дзяцей, стварэння здароўезберальнага асяроддзя ва ўстановах. З мэтай міжведамаснага ўзаемадзеяння па медыцынскім абслугоўванні дашкольнікаў распрацаваны план мерапрыемстваў па захаванні і ўмацаванні іх здароўя. Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце, зніжаецца захваральнасць дзяцей, малышы пераводзяцца на павышаную групу здароўя, адсутнічаюць выпадкі траўматызму.

Вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі якаснага харчавання. Так, усе дашкольныя ўстановы раёна працуюць па прыкладных 10-дзённых рацыёнах. Укаранёна аўтаматызаваная сістэма складання меню, якая дазволіла адмовіцца ад традыцыйных меню-раскладак і пазбегнуць памылак у рацыянальным выкарыстанні бюджэтных сродкаў.

У яслях-садзе рэалізоўваецца інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальнікаў шляхам ІКТ. Мэта праекта, разлічанага на 4 гады, заключаецца ва ўкараненні мадэлі цьютарскага суправаджэння працэсу фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў праз ІКТ ва ўзаемадзеянні з дашкольнымі ўстановамі, ВМК і ўстановамі дадатковай адукацыі. Прадуктам інавацыйнай дзейнасці з’яўляюцца тэставыя заданні для дыягностыкі прафесійных кампетэнцый выхавальнікаў і партфоліа іх прафесійна-асобасных дасягненняў. Работа ў гэтым напрамку дазволіць павысіць кваліфікацыйны ўзровень педагогаў і назапасіць эфектыўны вопыт, у тым ліку па здароўезберажэнні.

З 2010 года ва ўстанове працуе мацярынская школа, дзейнасць якой базіруецца на партнёрскім узаемадзеянні педагогаў і бацькоў. Заняткі школы праводзяцца ў падгрупах два разы ў тыдзень па дзве гадзіны з кастрычніка да мая і ўключаюць музычна-фізкультурную дзейнасць. Практыка паказвае, што дзеці, якія наведвалі мацярынскую школу, лягчэй адаптуюцца ў садку.

Педагогі ўстановы лічаць, што актыўны ўдзел у выхаванні дзяцей павінны прымаць не толькі мамы, але і таты. Паколькі заняткі ў мацярынскай школе ўсё часцей пачалі наведваць таты, было вырашана стварыць клуб па інтарэсах “Тата-школа”. Адметна, што ўдзельнікамі клуба з’яўляюцца і мужчыны, якія толькі рыхтуюцца да бацькоўства. Тэмы заняткаў тычацца розных выхаваўчых пытанняў: “Як вырашыць сямейную спрэчку і не павысіць голас”, “Што рабіць, калі дзіця не выпускае з рук планшэт і любіць крывавыя стралялкі?” і інш. У “Тата-школе” няма забароненых ці няважных тэм. Кожны дзеліцца ўласным вопытам і гатоў вучыцца на вопыце іншых.

— Дзейнасць “Тата-школы” накіравана на павышэнне бацькоўскай кампетэнтнасці татаў, якая заключаецца ў пашырэнні іх ведаў пра этапы развіцця і патрэбы дзяцей рознага ўзросту, бацькоўскія правы і абавязкі, развіццё навыкаў камунікацыі з дзецьмі і навыкаў бесканфліктнай дысцыпліны, рэпертуар гульняў і заняткаў, — расказала С.А.Жэшка. — У татаў павышаецца матывацыя да ўдзелу ў выхаванні дзяцей. Папулярызуецца культура адказнага бацькоўства праз абмен вопытам і ўзаемную падтрымку. Акрамя таго, заняткі ў клубе — добры сродак прафілактыкі бацькоўскага стрэсу і сямейных канфліктаў. Усё гэта так ці інакш уплывае на псіхалагічнае здароўе дзяцей.

Па словах С.А.Жэшка, пры арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы асаблівая ўвага ўдзяляецца дзецям, аслабленым пасля працяглай хваробы, і дзецям з пэўнымі адхіленнямі ў стане здароўя. З гэтай мэтай дзейнічае гурток “Нехварэйка”, які ўзначальвае кіраўнік фізвыхавання Ю.У.Голуб. У гуртку займаюцца таксама дзеці з маторнай адоранасцю. У сваёй рабоце педагог выкарыстоўвае элементы тэхналогіі гарызантальнага пластычнага балета. Гэта своеасаблівы танец на падлозе, маленькі тэатралізаваны паказ фізічных практыкаванняў, аздобленых музыкай, рытмам, мімікай, жэстамі і эмоцыямі. Тэхналогія дазваляе дзецям не толькі ўмацаваць здароўе, але і атрымаць вялікае задавальненне ад выканання прапанаваных практыкаванняў.

Яслі-сад № 16 Кобрына — адзіная дашкольная ўстанова ў раёне, дзе працуюць санаторныя групы для дзяцей з захворваннямі верхніх дыхальных шляхоў. Акрамя таго, тут дзейнічае карэкцыйна-педагагічны пункт для дзяцей з парушэннямі маўлення. Санаторныя групы дашкольнікі наведваюць на працягу двух гадоў, пасля чаго пераходзяць у звычайныя, прычым ужо з другой групай здароўя. Колькасць дзён, прыпушчаных выхаванцамі санаторных груп з-за хваробы, складае ўсяго 3,4, што сведчыць пра іх эфектыўнасць.

У сваёй рабоце педагогі выкарыстоўваюць фізкультхвілінкі, эмацыянальныя разрадкі, розныя віды гімнастык, рухавыя і спартыўныя гульні, псіхагімнастыку, музыкатэрапію, пешыя паходы і экскурсіі, загартоўванне. Загадчыца ясляў-сада Т.А.Пракапук лічыць, што вельмі важна сфарміраваць у дашкольнікаў веды і практычныя навыкі здаровага ладу жыцця, усвядомленую патрэбу ў сістэмных занятках фізкультурай і спортам. З мэтай выхавання валеалагічнай культуры праводзяцца пазнавальна-практычныя мерапрыемствы фізкультурнага напрамку (фізкультурныя адпачынкі, спартыўныя святы, дні здароўя, гульні-эстафеты і гульні-спаборніцтвы), якія выклікаюць вялікую цікавасць у дзяцей і іх бацькоў. Педагогаў радуе, што ў рабоце па здароўезберажэнні актыўна ўдзельнічаюць мамы і таты.

Выхавальніца ясляў-сада К.А.Кірылюк расказала ўдзельнікам семінара пра выкарыстанне элементаў здароўезберагальнай тэхналогіі “Казачныя лабірынты гульні” В.В.Васкабовіча.

Эфектыўная сістэма здароўезберагальнай дзейнасці створана і ў сярэдняй школе № 3 Кобрына, якую ўзначальвае А.У.Лесік. Добрая матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы і неабыякавыя педагогі дазваляюць паспяхова вырашаць многія задачы ў гэтым напрамку. Сёння школа ўдзельнічае ў першым этапе інфармацыйнага праекта “Школа — тэрыторыя здароўя”.

— Праблемы захавання і ўмацавання здароўя, прафілактыкі шкодных звычак вырашаюцца шляхам праектнай дзейнасці, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы С.І.Ніколенка. — З 2003 года школа рэалізавала 11 праектаў. Дзякуючы паспяховаму супрацоўніцтву з Міжнародным дзіцячым фондам, многія педагогі валодаюць праектна-трэнінгавай методыкай. Праект “Прафілактыка ВІЧ/СНІДу, алкагалізму, тытунекурэння, наркаманіі, фарміраванне адказных і бяспечных паводзін, умення гаварыць “не”, складаецца з трох модуляў: “Чаму я такі” (1—4 класы), “Дарога жыцця” (5—8 класы) і “Зрабі свой выбар” (9—11 класы). Штогод інтэрактыўныя заняткі ў трэнінгавым пакоі праходзяць 140 вучняў. У план заняткаў, акрамя медыцынскіх тэм, уваходзяць трэнінгі па самапазнанні, фарміраванні жыццёвых каштоўнасцей і ўстановак, высокай самаацэнкі, навыкаў усвядомленага прыняцця рашэнняў і ўменняў супрацьстаяць негатыўнаму ўплыву акружэння.

З 2004 года рэалізоўваецца праект “СІТ” (“Сацыяльны Інтэрактыўны Тэатр”), у рамках якога быў створаны школьны тэатр “Погляд” (кіраўнік Ж.Г.Ганчарэнка). Інтэрактыўны тэатр адрозніваецца ад звычайнага тым, што гледачы актыўна ўдзельнічаюць у ім: далучаюцца да дыскусіі, могуць выйсці на сцэну, замяніць акцёраў, абмеркаваць сітуацыю. Тэатралізаваныя паказы ў школе выкарыстоўваюцца для мадэлявання бяспечных паводзін. У рэпертуары тэатра больш за 20 п’ес, паказаных у розных гарадах краіны. Сёння школа пачынае новы інавацыйны праект — “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый вучняў шляхам арганізацыі валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў”, разлічаны на 2017—2020 гады.

Па словах С.І.Ніколенка, выхаваўчая работа па фарміраванні здаровага ладу жыцця ўключае таксама класныя гадзіны і вусныя часопісы, дні здароўя, турыстычныя эстафеты, спартландыі і інш. Школа актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах міжведамаснага раённага праекта “Здаровы горад”, у рамках якога ініцыіравала гарадскія акцыі “Смайлік”, “Пісьмо вадзіцелю” і “Памяняй цыгарэту на цукерку”, а таксама флэшмоб “Не” — курэнню”. Устаноўка скаладрома ва ўстанове стала стартавай пляцоўкай для ўдзелу і перамог у раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па пешаходным турызме.

Надзвычай цікава і вынікова арганізавана работа па фарміраванні ў вучняў адказных адносін да здаровага ладу жыцця ў Астроміцкай сярэдняй школе. На высокім узроўні ажыццяўляецца здароўезберагальная дзейнасць і ў Яроміцкім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці. (Гэтым установам адукацыі будуць прысвечаны асобныя матэрыялы. — Заўв.аўт.)

— Вопыт устаноў адукацыі Кобрыншчыны паказвае, што ў іх вядзецца сістэмная работа па розных напрамках здароўезберагальнай дзейнасці. Адчуваецца сур’ёзны, адказны і зацікаўлены падыход да справы і кіраўнікоў, і педагогаў. Адсюль і станоўчыя вынікі, — падсумаваў першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *