У цудоўным свеце літар

- 14:36Навіны рэгіёнаў

У маўленчым развіцці многіх выхаванцаў ясляў-сада № 1 Століна выяўляюцца недахопы фанетыка-фанематычнага характару, таму адной з галоўных задач педагогаў з’яўляецца фарміраванне гукавой культуры ў дзяцей. З гэтай мэтай у дашкольнай установе праводзяцца розныя мерапрыемствы, прычым з актыўным удзелам бацькоў.

— Мамы і таты добра разумеюць важнасць работы педагогаў і ахвотна адгукаюцца на прапановы паўдзельнічаць у адукацыйным працэсе, — расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 1 Століна Алена Віктараўна Мошчанка. — З дапамогай бацькоў была створана новая гульнявая калекцыя “Вясёлая азбука”, мэта якой — выклікаць у дзяцей жаданне пазнаваць гукі і літары, а таксама вывучаць іх разам з дарослымі. Дзякуючы калекцыі, дашкольнікі не толькі палюбяць чытаць, але і атрымаюць новыя веды. Забаўныя літары ажыўляюць любы від дзейнасці. Важна, што выхавальнікі не замяняюць школьных настаўнікаў, а суправаджаюць дзіця ў яго адкрыццях і пошуках, дапамагаюць лёгка і весела пазнаваць новае.

Узаемадзеянне ясляў-сада і сям’і — неабходная ўмова паўнацэннага маўленчага развіцця дашкольнікаў. Найлепшыя вынікі адзначаюцца тады, калі педагогі і бацькі дзейнічаюць узгоднена.

— Удзел бацькоў у маўленчым развіцці дзяцей не павінен быць разавым, — гаворыць А.В.Мошчанка. — Кожная маўленчая гульня, кожнае практыкаванне, кожная гутарка з дзіцем — неад’емная частка складанага працэсу фарміравання маўлення. Роля гукавой культуры маўлення ў развіцці камунікатыўных навыкаў вельмі важная для падрыхтоўкі дзяцей да школы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.