У «Юні-цэнтры-ХХІ» БДУ настаўнікі краіны знаёмяцца з новымі методыкамі падрыхтоўкі алімпіяднікаў

- 9:02Высший пилотаж

Ужо 27 гадоў на базе факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ працуе навукова­-даследчы і вучэбна­-метадычны цэнтр выкладчыкаў і навучэнцаў “Юні­-цэнтр­-XXI”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Ён прыцягвае настаўнікаў, выкладчыкаў, вучоных і школьнікаў, каардынуючы сваю дзейнасць з Мінадукацыі і мясцовымі ўладамі. Дагаворы заключаны са школамі і гімназіямі ўсіх рэгіёнаў краіны. Такая цікавасць да цэнтра нікога не здзіўляе, бо ў ім створаны магчымасці для дадатковай адукацыі навучэнцаў і педагогаў у галіне матэматыкі, інфарматыкі і фізікі.

Сістэмнае супрацоўніцтва

Выкладчыкі “Юні-цэнтра-ХХІ” на сістэмнай аснове супрацоўнічаюць з настаўнікамі матэматыкі краіны, праводзячы для іх навукова-даследчыя і метадычныя семінары.

Адзін з выкладчыкаў цэнтра — дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі ФПМІ кандыдат фізіка-матэматычных навук Ігнат Мартыненка. У яго адметная гісторыя прыходу ў цэнтр: калі ў яго нарадзілася дзіця, ён задумаўся пра выбар будучай школы для яго. А ў гімназію № 20 Мінска ў той час патрэбен быў настаўнік матэматыкі, які б займаўся падрыхтоўкай вучняў да алімпіяд.

“Я пачаў рыхтаваць гімназістаў і заадно вырашыў адукацыйнае пытанне свайго дзіцяці. Бо я перакананы: адукацыя, як і здароўе, — гэта падмурак, на якім будуецца паспяховая будучыня дзіцяці. У 2014 годзе я даведаўся пра семінары БДУ для настаўнікаў 8—11 класаў па падрыхтоўцы адораных дзяцей да алімпіяд. Вырашыў наведаць адзін з іх і паглядзець, як там падаецца матэрыял. Трапіў  на сустрэчу з Барысам Задворным, намеснікам дэкана ФПМІ па прафарыентацыйнай рабоце і дадатковай адукацыі, кандыдатам фізіка-матэматычных навук, дацэнтам, які якраз і ўзначальвае цэнтр. Недзе праз два гады Барыс Валянцінавіч прапанаваў мне далучыцца да правядзення навукова-метадычнага семінара для настаўнікаў 5—7 класаў. Крыху пазней узнікла ідэя арганізаваць такі семінар і для педагогаў пачатковай школы”, — расказаў Ігнат Міхайлавіч.

Ігнат Мартыненка: самае галоўнае ў падрыхтоўцы адораных дзяцей — зацікавіць іх, запаліць агонь пазнання ў іх душах

Па яго словах, у гэтым навучальным годзе былі арганізаваны чатыры семінары для настаўнікаў 1—4 класаў сумесна з Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі. Пасля першага семінара настаўнікі выходзілі і гаварылі, што ўсё вельмі складана. А вось пасля апошняга прызнаваліся, што нават нематэматыку ўсё цяпер зразумела. Бо дакладчыкі стараюцца падстроіцца пад педагогаў, прадумваюць, як лепш па­даць матэрыял, каб было зразумела кожнаму.

“Мая работа з настаўнікамі як 5—7 класаў, так і 1—4-х грунтуецца на дыялогу. Спачатку я прапаную ім сваё бачанне пэўнай тэмы або рашэнне задачы, а пасля яны дзеляцца сваім поглядам, задаюць пытанні, часам прызнаюцца, што мой варыянт больш цікавы. Часам пытаюцца: “А калі вучань рашыць задачу па-свойму, гэта бу­дзе правільна? Ці атрымае ён максімальны бал?” У такім выпадку пачынаем абмеркаванне з падрабязным разборам рашэння задачы і аналізам тых месцаў, дзе вучань можа дапусціць памылку ў сваім рашэнні. Мы імкнёмся паказаць настаўнікам, што задачы можна рашаць па-рознаму, што можа быць некалькі падыходаў”, — дадаў І.М.Мартыненка.

Дарэчы, семінары для настаўнікаў пачатковых класаў збіраюцца праводзіць на рэгулярнай аснове.

“На такіх сустрэчах мы знаходзім матываваных настаўнікаў, якія гатовы праца­ваць па нашых методыках і матэрыялах з малодшымі школьнікамі, бо ўсё ж спецыфіка ў іх свая. Увогуле, педагогі дзякуюць нам за такія мерапрыемствы, таму мы гатовы і далей дзяліцца сваімі падыходамі з усімі жадаючымі”, — адзначыў Ігнат Мартыненка.

Алімпіядная падрыхтоўка

Штогод каля тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак займаюцца ў школе юных матэматыкаў і інфарматыкаў “Юні-цэнтра-ХХІ”.

Заняткі ў вочна-завочнай і вочнай школе юных арганізуюцца сёння для вучняў пачатковых класаў і старэйшых на базе ФПМІ БДУ, а таксама гімназій і школ Мінска і іншых гарадоў па праграмах і дапаможніках, распрацаваных выкладчыкамі ўніверсітэта. Да дадатковага навучання дзяцей на месцах далучаюцца і зацікаўленыя настаўнікі, з якімі наладжана пастаяннае ўзаемадзеянне і праводзіцца павышэнне кваліфікацыі на метадычных семінарах і кансультацыях.

Цэнтр узаемадзейнічае з амаль 50 установамі адукацыі краіны. Толькі ў Мінску дагаворы аб супрацоўніцтве заключаны з 20 школамі і гімназіямі. Выкладчыкі цэнтра працуюць з вучнямі 1—11 класаў у школе юных матэматыкаў і інфарматыкаў. Заняткі вочнай формы навучання прахо­дзяць як у БДУ, так і ў некаторых сталічных гімназіях (№№ 56, 50, 20, 75, 10, 13). Там працуюць розныя групы. Напрыклад, вучням 7—10 класаў прапаноўваецца вывучэнне матэматыкі як на алімпіядным і праектна-даследчым узроўні, так і на развіццёвым.

Вучні 1—6 класаў наведва­юць гурток “Матэматыка і логіка”. Там яны рашаюць задачы лагічнага, алгарытмічнага, займальнага характару, якія садзейнічаюць выяўленню і развіццю здольнасцей, паглыбленню цікавасці да матэматыкі і павышэнню агульнага ўзроўню ведаў і навыкаў, а яшчэ тут пачынаецца падрыхтоўка малодшых школьнікаў да алімпіяд.

“Ведаючы школьную праграму, мы аналізуем, што можна даць вучням для паглыбленага вывучэння матэматыкі, аднак мы ні ў якім разе не кампенсуем школьныя прабелы. Хоць часам бацькі прыхо­дзяць менавіта з такім запытам, але мы займаемся выключна дадатковай сур’ёзнай алімпіяднай падрыхтоўкай”, — патлумачыў Ігнат Міхайлавіч.

Сам ён, напрыклад, праводзіць заняткі для школьнікаў 3—4 класаў кожную нядзелю па паўтары гадзіны. Здавалася б, гэта вельмі доўгі час, аднак дзеці займаюцца з задавальненнем.

“Дарэчы, разабраныя тэмы і задачы я потым тлумачу і настаўнікам, расказваю, якія і дзе ў вучняў узнікалі цяжкасці. Часам педагогі не­шта падказваюць і мне, — прызнаўся выкладчык. — У пачатковай школе мы ідзём ад логікі і алгарытмікі да больш складаных тэм, а значыць, асноўны ўпор робім на развіццё лагічнага і алгарытмічнага мыслення на прыкладах нескладаных задач. Да таго ж у пачатковай школе знаёмім дзяцей з тэмай “Графы”, якая пасля працягваецца ў 5 і 6 класах. Частка тэм служыць для таго, каб заціка­віць дзяцей і развіць логіку. Калі ж гэтая місія выконваецца, пачынаюцца іншыя тэмы. Прычым многія скразныя — вывучаюцца з 5 па 11 клас, напрыклад, тэорыя лікаў, дыяфантавыя ўраўненні, ураўненні ў цэлых ліках і многія іншыя. У нас так пабудаваны цыкл заняткаў, каб адна тэма перацякала ў другую”.

Заданні, над якімі ламаюць галовы юныя матэматыкі, выходзяць далёка за рамкі школьнай праграмы. Такім чынам педагогі імкнуцца развіваць у сваіх падапечных нестандартнае мысленне, прывучаюць іх прымяняць розныя метады і ідэі для рашэння задач.

У сваю чаргу на занятках па інфарматыцы вывучаюцца асновы праграмавання і яго мовы (C++, Python, Pascal), тэорыя алгарытмаў (развіццё навыкаў алгарытмізацыі, рашэнне алімпіядных і даследчых задач) і сайтабудаванне (HTML+CSS). Функцыянуе некалькі груп: група пачаткоўцаў і група тых, хто працягвае навучанне.

“Пачаткоўцам на працягу першага года мы дапамагаем асвоіць дзве найбольш запатрабаваныя на алімпіядах мовы праграмавання. Першая — С++, бо гэта самая хуткая мова праграмавання і самая распаўсюджаная. Да таго ж гэта адзі­ная мова, якая дапушчана да міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы. Яна падобна на мову Pascal, якая вывучаецца ў школе. Другая мова — Python. Некаторыя задачы прасцей і хутчэй рашаць, выкарыстоўваючы менавіта яе. Вынікам першага года навучання становіцца асваенне школьнікамі гэтых дзвюх моў на ўзроўні, дастатковым для ўдзелу ў алімпіядах”, — паведаміў дакладчык “Юні-цэнтра-ХХІ” старшы выкладчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі ФПМІ Аляксандр Буслаўскі.

На другім годзе навучання дзеці вывучаюць тэорыю алгарытмаў, якая чымсьці нагадвае тое, што даюць студэнтам 2 курса.

“Мы вучым школьнікаў складаным метадам сартавання, выкарыстанню структур даных, тэорыі графаў і г.д. У прынцыпе мы нават выкарыстоўваем пэўныя раздзелы матэматыкі, рашаем гэтыя задачы на мовах праграмавання, — дадаў Аляксандр Андрэевіч. — Пры гэтым, падкрэслю, мы канцэнтруемся на ўдзеле ў алімпіядах і не закранаем аб’ектна-арыентаванае праграмаванне, стварэнне гульняў і іншых прыкладных дадаткаў. Замест гэтага мы канцэнтруемся на больш навукаёмістых ведах. У нас вядзецца падрыхтоўка практычна ад малодшай школы і да ўніверсітэта. Вучні на працягу двух гадоў навучання набыва­юць веды, якія атрымліваюць студэнты 1-х курсаў”.

У школе юных матэматыкаў і інфарматыкаў займаюцца выключна падрыхтоўкай да алімпіяд.

Наведваць заняткі па інфарматыцы маюць магчымасць і настаўнікі, якія, прайшоўшы 1 і 2 узровень, могуць потым і ў сваіх школах ад­крыць такі ж факультатыў.

“У іх будуць усе матэрыялы, таму гэта адзін з самых простых спосабаў пачаць рыхтаваць алімпіяднікаў, — лічыць А.А.Буслаўскі. — Прычым для педагогаў мы можам арганіза­ваць 2—3-тыднёвыя вучэбныя курсы”.

Да таго ж у “Юні-цэнтры-ХХІ” створана разгалінаваная круглагадовая сістэма інтэлектуальных мерапрыемстваў па матэматыцы і інфарматыцы для дзяцей і дарослых: алімпіяды, конкурсы, турніры, семінары, канферэнцыі, зборы, летнія школы, школы юных, гурткі і інш. Арганізоўваюцца мерапрыемствы як школьнага, раённага, так і міжнароднага ўзроўню, забаўляльныя і культурныя, а таксама складаныя і сур’ёзныя, у тым ліку ў рамках навукова-адукацыйных праграм.

Штогод навучэнцы школы юных становяцца пераможцамі ў розных інтэлектуальных спаборніцтвах, выйграюць не менш як 30—35% дыпломаў на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы і ўдзель­нічаюць у заключным этапе. Выкладчыкі “Юні-цэнтра-XXI” з’яўляюцца кіраўнікамі зборных каманд Беларусі на міжнародных турнірах юных матэматыкаў.

Аляксандр Буслаўскі перакананы: “Каб зацікавіць школьніка вучобай, яму трэба паказаць, што веды, якія ён зараз набывае, дапамо­гуць яму стаць лепшым у выбранай сферы. Пры гэтым важна падкрэслі­ваць: не перамогі ў конкурсах самыя каштоўныя, а той набор ведаў, які ён атрымлівае. Бо ён пасля дасць яму магчымасць рэалізавацца ў іншых праектах і сферах”.

“На мой погляд, самае галоўнае ў падрыхтоўцы адораных дзяцей — зацікавіць іх, запаліць агонь пазнання ў іх душах. А яшчэ павінен быць індывідуальны падыход да кожнага вучня”, — рэзюмаваў Ігнат Мартыненка.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва герояў