У музеі-майстэрні Заіра Азгура ў межах арт-праекта “ФотаАўтызм” адкрылася выстава маладога фатографа Івана Шаўцова. Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”, БГА “Цэнтр дапамогі аўтычным дзецям”, дабрачыннага фонду Caritas і дабрачынных аўкцыёнаў. Мэта праекта — прыцягненне ўвагі да праблемы аўтызму ў Беларусі, каб грамадства ведала аб велізарным творчым і душэўным патэнцыяле гэтых асаблівых людзей.
Івану — 19 гадоў. Ён таленавіты фатограф і чалавек з альтэрнатыўным поглядам на жыццё. У яго — аўтызм, дакладней, яго атыпічная форма, калі пры захаваным інтэлекце назіраецца парушэнне механізмаў узаемадзеяння з навакольным светам, што не дазваляе чалавеку належным чынам кантактаваць з тымі, хто побач, правільна выказваць свае пачуцці і думкі. Ён адказвае толькі на тое пытанне, якое для яго цікавае. А здараецца хвіліна, нават без пытання раскажа пра нейкі факт са свайго жыцця або са зместу кнігі, якую калісьці чытаў, або пра тое, што бачыў сёння раніцай за акном, ці прыгадае ранейшы фотасюжэт. Ён можа проста і лёгка дакрануцца да вашых рук, плеч, валасоў, узяць нейкую вашу рэч, калі яна зацікавіла яго зараз, а пасля без слоў адкласці яе ўбок. Можа нечакана сфатаграфаваць вас, а потым адвядзе позірк і схаваецца ў сваіх думках. Ваня непадобны да звычайных людзей. У сваіх паводзінах ён кіруецца перш за ўсё сваімі памкненнямі і жаданнямі, а не звыклымі нормамі, прынятымі ў грамадстве. Таму людзі часам не разумеюць яго. Але ў той жа час у сваёй асаблівасці ён вельмі абаяльны і непаўторны. Гэта тычыцца і яго творчасці, яго захапленняў.
Юнак вельмі любіць чытаць, асабліва энцыклапедычную літаратуру. Больш за ўсё яго цікавіць геаграфія, архітэктура, нумізматыка, марская тэматыка, зоркі і пародзістыя кошкі. Дома ў вазонах ён вырошчвае з жалудоў сапраўдныя дубочкі, а таксама плады авакада. Пасля высаджвае дрэвы каля дома. Памяць і ўвага ў Вані спецыфічныя: ён перш за ўсё прыкмячае дэталі і лепш запамінае іх. Ён першым убачыць, напрыклад, што па ножцы грыба паўзе смоўж. Толькі ён падкажа суразмоўцу, як правільна напісаць складаную назву вулкана ў Ісландыі, пра які чытаў раней, — Эяф’ядлаёкудль — і лёгка знойдзе патрэбную старонку ў кнізе або ў інтэрнэце, дзе размешчана важная для яго інфармацыя.
“Іван, як і ўсе звычайныя дзеці, наведваў дзіцячы сад, у 2 гады ведаў усе літары алфавіта і па здольнасці набываць веды нават апераджаў сваіх равеснікаў. Але не кантактаваў з імі, быў самастойным і гуляў адзін, — прыгадвае яго мама Ганна Уладзіміраўна Шаўцова. — Маўленне спачатку было хуткім і шматслоўным, таму ў дзіцячым садзе з ім займаўся лагапед. Усё ішло сваім ходам, спакойна і нармальна, але ў групу, якую наведваў Ваня, прыйшла новая выхавальніца, якая не зразумела сына і стала яго “ламаць”, рабіць такім, як усе. Не прайшло і трох дзён — і Ваня атрымаў цяжкі неўроз, з якім я пасля змагалася на працягу некалькіх гадоў. Сад у 3,5 года мы вымушаны былі пакінуць. Я вельмі шкадавала аб гэтым, бо ведала, што мой сын змог бы прывыкнуць да асяроддзя дашкольнай установы і выконваць заданні педагогаў, калі б працэс навучання і выхавання быў больш павольным, а выхавальнікі — спакойнымі і мэтанакіраванымі. Спачатку неабходна было выбудаваць узаемаадносіны з ім, а пасля вучыць.
У канцы 90-х гадоў у Беларусі дыягназ “аўтызм” не ставілі. Не было і спецыялістаў, якія ўмелі працаваць з такімі дзецьмі. Масавая школа нас не прыняла, і Ваня стаў вучыцца дома. Яго першая настаўніца з сярэдняй школы № 14 Мазыра Вольга Антонаўна Сініцкая знайшла падыход да сына. Яна вучыла яго кантраляваць свае паводзіны, выбудоўваць адносіны з людзьмі, быць уседлівым падчас заняткаў, не перажываць з-за дрэнных адзнак і шмат чаму іншаму. У паводзінах педагога не было той бескампраміснасці і катэгарычнасці, якія маглі толькі нашкодзіць хлопчыку. Каб сацыялізаваць сына, Вольга Антонаўна часам прыходзіла да нас дамоў з 2-3 школьнікамі па іх жаданні і са згоды бацькоў, і дзеці займаліся разам. Праз некалькі гадоў мы пераехалі ў Мінск, дзе мае спробы ўладкаваць Ваню на навучанне ў школу ў клас да звычайных дзяцей засталіся безвыніковымі. Яго вучылі дома. Толькі час ад часу нас запрашалі разам з іншымі школьнікамі ўдзельнічаць у пазакласных мерапрыемствах. У 2012 годзе Іван скончыў 208-ю школу з добрым балам атэстата — 7,8”.
Каб разнастаіць жыццё дзіцяці, якое не мае сяброў, бацькі купілі яму ў 12 гадоў фотаапарат, і хлопчык пачаў фатаграфаваць. Спачатку гэта былі рэдкія кадры памятных мясцін, таго, што бачыў юны фатограф падчас падарожжаў. А потым Іван захапіўся, стаў назіраць за раслінамі, жывёламі, навакольным светам, знаходзіць у ім нешта адметнае, адкрываць яго для сябе і для іншых. Яго “канёк” — макраздымкі. Ён здымае буйным планам невялікія аб’екты: жабку, якая “ўсміхаецца”, страказу, якая “вісіць” у паветры, ледзь трымаючыся за сцяблінку, божую кароўку, якая збіраецца ўзляцець, галінкі дрэва ў ледзяным панцыры, кропелькі расы на зялёным лісціку, метэор у небе і г.д. Ён умее бачыць тое, што схавана ад позіркаў большасці людзей.
Зараз у Івана некалькі тысяч фотаработ, розных па якасці, настроі і змесце. Ён удзельнічаў у выставах галерэі “Ў” (2012 год, арт-праект “Ау-акцыя”) і ў арт-праекце “Не такія” (Палац Рэспублікі, 2013). Юнак змяшчае свае здымкі на Яндэксе
http://fotki.yandex.ru/users/mongo9 і вельмі чакае і цэніць кожны неабыякавы водгук.
Сёння ён вучыцца на спецыяльных курсах мастацтву фатаграфіі, асвойвае праграму Photoshop. Ёсць у яго і запаветныя мары на найбліжэйшы год: убачыць неба і зямлю праз ілюмінатар самалёта, закахацца ў дзяўчыну, якая зразумее яго, навучыцца плаваць, узняцца ў горы і наведаць чэмпіянат свету па хакеі. А яшчэ — наведаць возера Шо ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці, якое амаль з усіх бакоў акружана балоцістымі нізінамі. І ўсе свае жыццёвыя падзеі ён збіраецца фатаграфаваць, каб у будучым выдаць фотаальбом лепшых здымкаў.
Можа стацца, што Іван зможа ўладкавацца на работу ў фотастудыю ці адкрыць сваю справу. І самае важнае на гэтым шляху — навучыцца больш упэўнена кантактаваць з людзьмі, каб адпаведным чынам адчуваць сябе ў соцыуме. А для гэтага яму патрэбны чалавек, які б суправаджаў і дапамагаў па неабходнасці (цьютар), ролю якога зараз выконвае мама. У Беларусі пакуль не існуе такой спецыяльнасці. Зразумела, такім людзям, як Іван, цяжка ўладкавацца на работу або пачаць свой бізнес. Але ён упэўнены, што навучыцца жыць самастойна, і плануе зрабіць гэта ў найбліжэйшыя гады.
Акрамя фотаработ Івана, у музеі-майстэрні пакажуць дакументальны фільм “Акіян Беларусі. Жыццё і дзіўныя прыгоды Івана Шаўцова”. У перыяд работы выставы (да 26 студзеня) у памяшканні музея будуць праходзіць экскурсіі і воркшопы для дзяцей з аўтызмам, адбудзецца майстар-клас “зорнага” фатографа і астранома Віктара Малышчыца. Таксама наведвальнікі выставы ўбачаць выступленне тэатра лялек “Дом сонца” і ацэняць майстэрства Паліны Рэспублікі і Андруся Такінданга, што выканаюць свае песні разам з Lumiere Tales.