Уборачная кампанія завершыцца да канца кастрычніка

- 10:16Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў даручыў поўнасцю завяршыць уборку ўраджаю з палёў да 31 кастрычніка. Адпаведнае даручэнне кіраўнік урада даў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў.

Частка ўраджаю яшчэ знаходзіцца ў полі. Па стане на 17 кастрычніка неабходна ўбраць кукурузы на зерне — 94 тысяч га (дзве трэція ўборачных плошчаў), кукурузы на сілас — 275 тысяч га (трэць уборачных плошчаў), цукровых буракоў — 39 тысяч га (40 працэнтаў плошчаў), бульбы — 4 тысячы га (13 працэнтаў). Ільнотрасты неабходна падняць на плошчы 6 тысяч га (14 працэнтаў).

“Стаўлю задачу — лён павінен быць убраны да суботы, 21 кастрычніка. Да 31 кастрычніка з палёў павінна быць убрана ўсё астатняе, — даручыў кіраўнік урада. — Надвор’е пакуль дазваляе завяршыць уборку ўраджаю без страт. Прагноз на найбліжэйшы час здавальняючы. Губернатары і Мінсельгасхарч павінны максімальна выкарыстаць гэты час”.

Андрэй Кабякоў таксама звярнуў увагу, што нельга дапусціць нарошчвання новых даўгоў у арганізацыях АПК, па якіх прыняты рашэнні аб іх рэструктурызацыі. “У тым ліку і перш за ўсё гэта тычыцца збожжаперапрацоўчых арганізацый. Асобныя камбінаты хлебапрадуктаў, такія як Віцебскі і Полацкі КХП, нават пасля паўторнай рэструктурызацыі запазычанасці на працягу года дазваляюць сабе дапускаць даўгі перад бюджэтам”, — адзначыў прэм’ер-міністр, папярэдзіўшы кіраўнікоў і губернатараў аб персанальнай адказнасці.